21 кастрычніка, серада

Вы тут

«Музей — гэтакі «айсберг». Наведвальнікі бачаць толькі чатыры працэнты ад таго, што ў ім захоўваецца»


Нацыянальны мастацкі музей — адзін з найбуйнейшых у Беларусі. Акрамя пастаяннай экспазіцыі, ён арганізуе мноства мерапрыемстваў і акцый, пачынаючы з анлайн-выставак у перыяд пандэміі і завяршаючы лекцыямі вядомых дзеячаў культуры. Усё гэта — знешні, добра вядомы кожнаму наведвальніку, бок.


Надзея Усава распавяла «Звяздзе» пра тое, што прыхавана ад вачэй: «Кожны музей — складаны арганізм, гэтакі «айсберг». Усе ўяўляюць музей як якую-небудзь экспазіцыю, якую яны наведваюць. На самай справе гэта толькі чатыры працэнты таго, што ўвогуле знаходзіцца ў музеі. Наведвальнікі бачаць найлепшае: тыя мастацкія творы, якія атрымалі шчаслівы білет і падняліся з падвалаў і сховішчаў наверх, у «бальную» залу з бляскам святла і сотнямі наведвальнікаў. Менавіта яны і дэманструюць сябе, і прэзентуюць імя мастака».

— Дзе знаходзяцца астатнія творы мастацтва?

— Асноўная маса — у так званых сховішчах або фондах. Зараз у музеі больш за трыццаць чатыры тысячы твораў. Усе яны складаюць дваццаць калекцый. Бывае, што самыя цікавыя творы змяняюць адзін аднаго. Мінае час, назапашваецца новы культурны пласт, змяняецца стаўленне грамадства і, адпаведна, карціны-арыенціры. З фондаў яны трапляюць у сталую экспазіцыю і ўжо застаюцца там.

— Што ўяўляе з сябе фонд?

— Мноства памяшканняў. У 2006 годзе мы пабудавалі новы корпус — дзе і знаходзяцца сховішчы, спецыяльна абсталяваныя памяшканні з перасоўнымі стэлажамі ці паліцамі. Там захавальнік і змяшчае калекцыю так, як яму будзе зручна. І калі ў яго просяць твор для фотаздымка альбо выставы, ён імгненна зазірае ў свае «талмудзікі», знаходзіць твор і прывозіць яго. Але каб выставіць карціну, трэба яшчэ прыкласці цэлы шэраг намаганняў: напрыклад, аддаць яе рэстаўратарам — раптам там пашкоджана рама або з'явіліся пацёртасці.

Насамрэч, захавальнік фондаў — гэта вельмі паважаны супрацоўнік-знаўца, які павінен захаваць калекцыі для наступных пакаленняў. Бо ў нас ёсць вельмі старыя творы. Самы старажытны з іх — маленькая шахматная фігурка, якой ужо дзевяцьсот гадоў. І мы павінны зрабіць так, каб гэтую фігурку пабачылі і нашыя дзеці, і ўнукі.

Кожны твор мастацтва, як і чалавек, мае свой пашпарт: уліковы нумар, фатаграфію, параметры. Гэта вялікая работа, тым болей, што фонд увесь час папаўняецца, часам пры драматычных абставінах. Напрыклад, зараз у працэсе банкруцтва Барысаўскі крыштальны завод. Крышталь амаль не купляюць... Пры заводзе быў музей, або так званы асартыментны кабінет. Кіраўніцтва вымушана распрадаваць адтуль мастацкі крышталь мінулага і гэтага стагоддзя. Мы ўзялі на часовае захаванне для далейшых закупак больш за трыста аўтарскіх твораў. Уяўляеце, якая вялізная калекцыя! А такога мастацкага крышталю, на жаль, ужо не будзе, скончылася 120-гадовая гісторыя завода. Мабыць, некалі ў Мінску будзе пабудаваны Музей шкла і крышталя, і мы выставім там гэтыя выратаваныя зборы з Барысава, якія, я не сумняваюся, будуць выклікаць настальгію....

— Якім чынам творы трапляюць у фонд?

— Ёсць спецыяльныя гранты Міністэрства культуры і бюджэтныя грошы, якія выдаткоўваюцца на закупку новых экспанатаў. Гэтых грошай у дзяржавы няшмат. Часам мастак чакае закупку сваёй карціны некалькі гадоў, пакуль не надыдзе чарга. Таксама нядрэннай нагодай папоўніць фонд з'яўляюцца юбілеі музея. У нас ёсць шмат сяброў, якія перад такім святам пытаюцца, што нам падараваць. І тады мы, напрыклад, кажам: патрэбен слуцкі пояс або ікона, якія чакаюць свайго шанцу на часовым захаванні. Аднойчы здарылася гісторыя: у музей прыйшоў сталы чалавек і распавёў, што ў яго на гарышчы вясковага дома ляжыць старая ікона. Ён лічыў яе вельмі каштоўнай. Чалавек быў пажылы і меў цяжкую хваробу, але яму вельмі хацелася, каб гэтая ікона апынулася ў музеі. Эксперты паглядзелі, і, канешне, далі згоду, бо ікона аказалася вельмі прыгожай, сапраўдным шэдэўрам. Ён быў такі шчаслівы! І проста падараваў ікону. Рэстаўратары яе аднавілі, і зараз яна знаходзіцца ў экспазіцыі з цэтлікам, на якім напісана імя дарыльшчыка. Ён ужо памёр, але наведвальнікі, якія вельмі ўважліва чытаюць цэтлікі, бачаць яго імя.

Прасцей за ўсё ў фонд трапляюць сучасныя мастакі, дзякуючы гранту Прэзідэнта. Закупачная камісія з вядомых паважаных мастакоў пры Міністэрстве культуры ацэньвае твор і вырашае, набываць яго ці не.

— А як жа аўкцыёны?

— Практыка з еўрапейскімі аукцыёнамі ў нас, на жаль, пакуль не працуе. Ёсць маса перашкод. Напрыклад, праблемы з вывадам валюты за мяжу. Адна справа, калі краіны Еўрасаюза праводзяць аўкцыён паміж сабой — гэта зручна. Нават у Расіі купіць нешта на аўкцыёне амаль немагчыма. Прасцей набываць творы ў калекцыянераў ці нашчадкаў мастакоў. Гэты механізм адпрацаваны...

— Напэўна, і мастакі дораць свае калекцыі?

— Канешне. Я была куратарам юбілейнай выстаўкі, на якой прадстаўляліся дары Нацыянальнаму мастацкаму музею. Я замовіла ў электронным каталозе музея спіс ўсіх падарункаў за апошнія дваццаць гадоў. І якім жа было маё здзіўленне, калі мне даслалі вялізны спіс на 75 старонках, які складаўся з пяці тысяч твораў! Выбраць з іх 200 найлепшых для выстаўкі — тая яшчэ задача! Дароў вельмі шмат, і гэта прыемна. Гэта адлюстроўвае пазіцыю грамадства: людзі разумеюць, што трэба захаваць творы нацыянальнага характару. Дораць усё: і іконы, і карціны, і графічныя творы. Часам нават цэлыя калекцыі. Напрыклад, віцебскі мастак Алесь Мемус прэзентаваў адразу трыста сваіх малюнкаў.

— Вы прымаеце ўсё запар або ёсць пэўны адбор?

— Графіку прымаем лягчэй за ўсё. Таму што творы на паперы захоўваюцца ў папках, і для іх патрэбна не так шмат месца. Іншая справа — жывапіс. Часам пажылыя мастакі, карціны якіх ужо доўгі час не прадаюцца, жадаюць аддаць нам у дар сто дваццаць сваіх твораў, каб разгрузіць майстэрню, але музей іх не прыме. Мы абярэм пяць твораў, якія палічым найлепшымі. Паўстае пытанне: як быць з астатнімі? Выхад ёсць — падараваць свае калекцыі на малой радзіме. Радзей за ўсё дораць скульптуры, таму што яны дарагія.

— Як доўга фарміруецца калекцыя?

— Гэта безупынны працэс, які расцягваецца на дзесяцігоддзі. Часам узнікаюць новыя калекцыі. Напрыклад, у нас сфарміравалася калекцыя медалёў і памятных манет, дзякуючы нашым банкам, якія зараз выпускаюць шмат прыгожых медалёў.

— Якія спецыялісты адказваюць за фарміраванне калекцыі?

— Музеязнаўцы, мастацтвазнаўцы, культуролагі, гісторыкі мастацтваў. Напрыклад, калекцыю тканін фарміравалі адразу некалькі супрацоўнікаў: спачатку — экспедыцыя па вёсках, потым — падарункі ад людзей і закупкі калекцыянераў. Наша задача, каб усе творы былі сфатаграфаваны, анатаваны і змешчаны ў шырокі доступ.

— Ваш любімы твор захоўваецца ў фондзе або знаходзіцца ў экспазіцыі?

— Мая любімая карціна, на жаль, знаходзіцца ў фондзе. Вельмі сумна, але нічога не зробіш. Гэта нацюрморт Васіля Сумарава «Ноч, у якую расквітнеў кактус». Выдатная карціна з цікавай гісторыяй. Магчыма, яна з'явіцца ў новай экспазіцыі ў будучым музейным комплексе.

Зараз у нас плануецца грандыёзны праект, які задумаў наш дырэктар Уладзімір Пракапцоў — трынаццаць альбомаў па нашых калекцыях. У іх, па выбары захавальнікаў, будзе апублікавана маса матэрыялу. Я лічу, што гэта вельмі добрая рэч, таму што наш першы альбом, які прадстаўляў старажытнае мастацтва, разляцеўся за адзін год.

Арына КАРПОВІЧ

Прэв’ю: museums.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.