21 кастрычніка, серада

Вы тут

На сцэне Вялікага тэатра Беларусі паказалі балет «Шчаўкунок»


Наўрад ці Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, калі пісаў павучальную калядную казку для маленькіх дзяцей свайго сябра, Фрыца і Мары, мог уявіць, што прыдуманая ім гісторыя зробіцца шэдэўрам на ўсе часы. Мяркуйце самі: Пётр Чайкоўскі напісаў музыку да балета «Шчаўкунок» паводле лібрэта Марыуса Пеціпа, а той абапіраўся на пераказ гісторыі Гофмана, зроблены Аляксандрам Дзюма-старэйшым. А колькі за мінулыя стагоддзі да згаданых творцаў далучылася вялікіх музыкаў, харэографаў, мастакоў, артыстаў, пісьменнікаў!


13 кастрычніка 2020 года «Шчаўкунок» з'явіўся на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. У гэтым выпадку гаворка ідзе і пра адраджэнне, і пра абнаўленне — таму што Маэстра Валянцін Елізар'еў зрабіў новую рэдакцыю ўласнай пастаноўкі. Сем гадоў у Вялікім не было «Шчаўкунка» — а гэта ж неабходны атрыбут навагодніх свят! Апошні спектакль адбыўся 16 студзеня 2013 года. А першы ў пастаноўцы Валянціна Елізар'ева прэзентаваўся 15 красавіка 1982 года. Прычым харэограф прызнаваўся, што пабачыў сваю задуму... у сне:

— Пасля таго як сцэнограф паказаў мне макет спектакля, у тую ж ноч мне прысніўся ўвесь цалкам першы акт. Я прачнуўся, устаў з ложка і, на шчасце, паспеў яго запісаць.

Дарэчы, калі Валянцін Елізар'еў навучаўся ў Акадэміі рускага балета ў Ленінградзе, выконваў ролю Шчаўкунка-лялькі, так што спектакль гэты яму асабліва дарагі. Да таго ж, Маэстра лічыць, што няма партытуры больш складанай для харэографа, чым партытура «Шчаўкунка» Пятра Чайкоўскага — хоць ёсць тыя, хто ўспрымае яго як музыку для дзяцей.

Што ж, кожны шэдэўр мае не адну глыбіню. І як далёка вы зойдзеце ў спазнаванні — залежыць не толькі ад аўтара, але і ад вашых магчымасцяў.

Над новай рэдакцыяй спектакля працавалі амаль тыя ж творцы, толькі замест дырыжора Аляксандра Анісімава — Вячаслаў Чарнуха-Воліч. Стварыў фантастычнае відовішча той жа мастак Яўген Лысік. Кажуць, што калісьці ён зрабіў макет спектакля з крышталю, які, на жаль, за столькі гадоў быў страчаны. Але крышталёвае, святочнае, загадкавае ззянне спектакля засталося.

Атрымаць партыі ў такім вядомым творы — і радасць, і вялікая адказнасць. Шмат хто з зорак беларускага балета танцаваў у «Шчаўкунку», застаўшыся са сваім выкананнем у гісторыі. У прэм'ерным спектаклі 2020 года партыю Машы выконвала Ірына Яромкіна, Шчаўкунка-Прынца — Алег Яромкін, у ролі Драсельмеера, ён жа Мышыны кароль і Майстар лялек — Юрый Кавалёў. Ролю Шчаўкунка-лялькі, якая ў юнацтве дасталася Валянціну Елізар'еву, выканала Карына Малахоўская. На кожную партыю сёння — чатыры саставы выканаўцаў, бо ў трупе шмат маладых, і ім трэба даць магчымасць выказвання. Цікава і тое, што з артыстамі займалася народная артыстка Людміла Бржазоўская — першая выканаўца ролі Машы.

Пасля пераможнай бойкі са злавесным Мышыным каралём Маша і Шчаўкунок лятуць на цацачных конях на фоне фантастычнай каляднай ёлкі, уверх, да святла... Спраўджванне — гэта мары ці проста снабачанне пакрыўджанай дзяўчынкі? Кожны глядач адкажа па-свойму. Насамрэч у творы схавана шмат сумных, вельмі сур'ёзных падтэкстаў. Успомніць хоць бы хор сняжынак, які ўвасабляе галасы памерлых дзетак-анёлаў. Але і юныя гледачы, і дарослыя выходзяць з залы з абяцаннем шчасця ў душы і адчуваннем свята. А значыць, усё ўдалося.

Людміла ІВАНОВА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Прыснёны «Шчаўкунок» набыў новыя фарбы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.