21 кастрычніка, серада

Вы тут

Старонкі з водарам Нёмана


Ці магчыма ўявіць, што калісьці гэтай скарбніцай ведаў маглі карыстацца толькі асобы найвышэйшых слаёў?.. Як сведчаць дакументы — «правасхадзіцельстваў», «высокаблагародных», «благародных». Часы змяніліся, і вось ужо амаль два стагоддзі тут адчынены дзверы для ўсіх. Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага — першая публічная бібліятэка на Беларусі — нядаўна адзначыла 190-гадовы юбілей. Калі паглыбіцца ў мінулае, знойдзем, што ў свой час над «Каталогам бібліятэкі» працаваў Адам Багдановіч, бацька паэта Максіма Багдановіча. У 1892 г. ён стаў гадавым членам бібліятэкі, увайшоў у праўленне і потым быў абраны яго дырэктарам.

Доўгі шлях гісторыі кніжніцы, на якім не абышлося без складанасцей і выпрабаванняў (гады Вялікай Айчыннай вайны), аказаўся плённым і насычаным. Сёння Гродзенскую абласную навуковую бібліятэку імя Я. Ф. Карскага немагчыма ўявіць без доміка Элізы Ажэшкі з яго яркім, вірлівым жыццём. У складзе бібліятэкі і мультыцэнтр «Совушка» — першы ў нашай краіне інтэрактыўны цэнтр навукі і тэхналогій. Імідж бібліятэкі — і вядомы аддзел мастацтва. Менавіта тут цяпер працуе ўнікальная выстаўка «Свет старажытнай кнігі: скарбы кніжных збораў Прынёмання ХVIII—ХХ стст.», арганізаваная да 190-годдзя з дня заснавання бібліятэкі.


Аляксандр Сявенка прадстаўляе выданне з экспазіцыі.

У абдымкі рарытэтаў

Гэтае месца ў Гродне не абмінае ні адзін турыст. Тут мітусня сунімаецца і застаецца па-за сценамі напоўненай кніжнасцю прасторы. Аддзел мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага — наталенне для бібліяфіла, знаходка для цікаўных. Тут светла і прыветна, натхнёна і ўзнёсла — так чаруе кніга. Унікальныя рарытэты, цікавыя выданні і экспанаты прадстаўлены на выстаўцы «Свет старажытнай кнігі: скарбы кніжных збораў Прынёмання ХVIII—ХХ стст.», якая арганізавана да 190-гадовага юбілею кніжніцы. Каштоўнасць уяўляюць выданні з фондаў бібліятэкі і каля 500 асобнікаў — асноўная частка экспазіцыі — з прыватных збораў вядомага гродзенскага калекцыянера Аляксандра Сявенкі.

— Гэтая выстаўка ідзе ў межах цыкла «Дакрануцца да гісторыі», — расказвае Аляксандр Сявенка. — Мы пачалі яго з бібліятэкай у 2012-м, і за 8 гадоў гэта 25-я, юбілейная, выстаўка цыкла. Тут прадстаўлена не ўся калекцыя, а асобная падборка. У мяне каля 5000 кніг і перыядычных выданняў менавіта старадаўніх, а на выстаўцы — дзесьці дзясятая частка. Ёсць у экспазіцыі кнігі і калекцыянера Аляксандра Госцева.

Думаецца, лепшай пляцоўкі для кніжных рарытэтаў, чым зала аддзела мастацтва, не прыдумаць. Утульнасць інтэр’ера і чароўнасць кнігі ствараюць неверагодную атмасферу: адсюль не хочацца сыходзіць. Ды не адразу зала мастацтваў была такой. Спачатку — толькі 6 шаф, упоперак — сталы. Але правялі спецыяльную рэканструкцыю. Сёння аддзел мастацтва — увасабленне бібліятэкі будучыні, дзе акумулююцца розныя падыходы да працы. Дасягнута гэта ў тым ліку дзякуючы руплівасці і нястомнай энергіі дырэктара Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага Лідзіі Мальцавай.

За год у аддзеле мастацтва (існуе з 1980 г.) ладзіцца прыкладна 4 выстаўкі. Раней былі па Э. Ажэшцы, А. Міцкевічу, М. Андрыёлі, па вайне 1812 г., па Першай сусветнай, да 75-годдзя Перамогі, па побыце гродзенцаў, ладзілі сумесную выстаўку з Прэзідэнцкай бібліятэкай. Выстаўлялі ўпершыню тут напрастольныя Евангеллі з храмаў, якія ўжо не захаваліся, у залатых, сярэбраных акладах...

Але цяперашняя выстаўка — адна з самых адметных. Яе ўнікальнасць у тым, што ўсе рарытэты сабраны менавіта на Гродзеншчыне і адлюстроўваюць мясцовую традыцыю, гісторыю. Так можна прасачыць кніжную культуру, што панавала на гродзенскіх землях: энцыклапедычная, навуковая і рэлігійная літаратура, гаспадарчыя кнігі прадстаўлены на выстаўцы. Прыцягнуць увагу выданні рэлігійнага і свецкага характару XVIII—XX стст., у тым ліку асобнікі на пергаменце, адмысловыя часопісы. Самая старая кніга на выстаўцы — «Зборнік шатландскай тэалогіі», выдадзены ў 1706 г.

 

Кірылічныя таямніцы

Аўтограф А. С. Пушкіна ў выданні «Гісторыя рускай славеснасці».

Евангелле, Псалтыр, Мінея, Часоўнік, Часаслоў XIX ст. — дамінанта экспазіцыі — зроблены па ўзоры больш старых выданняў XVII—XVIII стст., лічыць Аляксандр Сявенка. У прыватнасці, у Часаслове пранумаравана не кожная старонка, а кожны ліст, што прыкладна адпавядае выданню 1600-х гадоў. Пра гэта сведчаць і застаўкі, віньеткі, вынаска першага слова, з якога пачынаецца наступная старонка. На жаль, няма тытула. Як вызначыць, чыя друкарня? А даціроўку? Па календарах у канцы кнігі, перакананы Аляксандр Сявенка. Відаць, гэтае выданне стараабрадніцкае (яны капіравалі старыя выданні, уключаючы нават гравюры).

Асаблівая каштоўнасць экспазіцыі — старыя аклады Евангелляў і іншых богаслужбовых кніг XVIII—XIX стст. Захаваліся металічныя часткі. На адной — выява святога апостала Лукі. Ён піша сваё Евангелле гусіным пяром, побач з ім чарніліца (апостал прадстаўлены ў вобразе старажытнарускага манаха).

Разгорнем Часоўнік: «як молодых отроков учить грамоте» — своеасаблівая інструкцыя для настаўнікаў. Па Часоўніках грамаце ў нашай культуры вучылі дзяцей. Тут змяшчаліся асноўныя малітвы: перад сном, ранішнія, на ўсе выпадкі жыцця. Гэта Часоўнік вялікі (ёсць і малы). Драўляны аклад, аздоблены скурай з цісненнем. Арыгінальныя зашпількі, на жаль, страчаны (падобныя, прадстаўленыя ў экспазіцыі, вельмі старажытныя: дзесьці 1600 або 1500 гадоў з выявай арла польскага і геаметрычным арнаментам).

Сярод іншых кірылічных асобнікаў — Мінеі за люты і сакавік, Трэбнік, Псалтыр. Аляксандр Сявенка можна вызначыць год любой кнігі. «У мяне ёсць свае метады. Ну вось пералік, за каго маліцца: за імператара Мікалая Аляксандравіча. Гады яго праўлення 1825—1856. Такім чынам, кніга другой чвэрці XIX ст. Вызначыць да года можна, калі прааналізаваць увесь пералік да вялікіх князёў (Георгій Аляксандравіч, Павел Аляксандравіч): згадваецца самы малодшы, значыць, кніга будзе пасля гэтага года. Такім чынам, атрымліваецца Псалтыр прыкладна 1840-х гадоў». Тут ёсць, дарэчы уладальніцкі надпіс: «Сямён Ступак». Часам кнігі псавалі, «пазначалі» жучкі, якія бачым. Невялікія кнігі былі ў кардонных вокладках, у дрэве — вялікія, важкія.

Заслугоўвае ўвагі ўніяцкі служэбнік з малітвамі за Папу Рымскага XVIII ст., выдадзены ў Супраслі. Прадстаўлены і богаслужбовыя кнігі каталіцкія, лацініцай. «Гэта было характэрна беларускім землям, асабліва на Гродзеншчыне. Расійскія кнігі да нас трапілі пасля далучэння Гродзеншчыны да Расійскай імперыі. За XVIII ст. у нас на Гродзеншчыне выйшла на кірыліцы не вельмі шмат кніг — дзесьці каля 10: каталіцкія выцеснілі кірыліцу. А лацініцы шмат», — тлумачыць Аляксандр Сявенка.

Прыродныя знаходкі

Гэтаму кляноваму лістку ў кнізе хутка будзе 200 гадоў.

У кнігах можна знайсці шмат чаго. Напрыклад, кляновы лісток. Драбяза? Але хутка яму будзе 200 гадоў! І іншыя адмысловыя лісточкі. Па іх можна вывучыць, якія дрэвы раслі ў мясцовасці. «Дзіўна, ад людзей застаўся толькі прах, а лісток захаваўся выдатна, — паказвае Аляксандр Сявенка. — Як бачым, кнігі досыць крохкія, таму які цуд, што дайшлі да нас! Бо ўжо цэлыя дзяржавы сышлі, крэпасці каменныя разваліліся, а кніга, папяровая, старая, захавалася. Чаму? Бо людзі ў нашай мясцовасці ставіліся да кнігі як да багацця. Напрыклад, як зберагалі ў сям’і фамільныя каштоўнасці (пярсцёнкі), так зберагалі і кнігу».

Лёс vs пячаткі

Кніга захоўвае звесткі пра сваіх уладальнікаў, пра падзеі, праз якія прайшла. Усё гэта адлюстроўваецца на старонках у выглядзе пазнак, закладак, пячатак, экслібрысаў, запісаў. Вось кніга засталася на нашай тэрыторыі з Першай сусветнай. Ёсць звесткі пра нямеці полк, прыйшла з Брэслау (сведчыць штэмпель). Вось кніга, якая належала гродзенскаму ўрачу Календу (Стаўбніцкі). На пячатцы ўказана вул. Бампана, 4 у Гродне (цяпер Сацыялістычная). Можна пайсці пагдядзець, дзе жыў гэты ўрач — так кніга адсылае ў мінулае. Як машына часу. Вось літаркі ўладальнікаў на карашку. Вось пячатка сям’і лесніка ў Белавежы. На «Боскай камедыі» Дантэ — пячатка мясцовасці Канвелішкі (Ашмяншчына). Маецца выданне з пячаткай дваран Дзяконскіх (яны пахаваны ў Сапоцкіне, у іх ёсць свая родавая ўсыпальніца, часоўня захавалася да нашага часу).

Кніга «Каралева Бона» з пячаткай бібліятэкі графаў Касакоўскіх — калісьці уладальнікаў Вялікай Бераставіцы. Ёсць уладальніцкі надпіс Хадкевічаў. Захавалася выданне з форзацам, дзе для ўпісвання імя ўладальніка адведзены спецыяльныя палі.

Вось на кніжцы напісана па-французску: «Альберціна дэ Калупайла». Хаця прозвішча далёка не французскае, а аказалася не тое што беларускім —гродзенскім, як адзначае Аляксяндр Сявенка: «Калупайла — гродзенскі дваранскі род. А чаму «дэ»? Глядзім надпіс: Парыж, вул. Рышылье — там рабілі вокладку. Бачым суперэкслібрыс, а побач — пячатку магазіна, дзе кніга прадавалася. 1870-я гады. Адзін чалавек збег пасля паразы паўстання 1831 г. у Францыю, там пражываў. Сям’я француалізавалася, унук вярнуўся ў Расію (дазволіў цар) у 1907 г. і прывёз гэтую кнігу. Альберціна Калупайла — жонка, францужанка. Выданне гэтае — партытура оперы Кармэн для фартэпіяна. Людзі ігралі ў сябе дома і рабілі пазнакі. А ў канцы выдання ігралі... у карты. Прытым, як відаць па малюнку ў кнізе, разыгралі добрую партыю: ёсць ініцыялы гульцоў на лацінскай мове: А — Альберціна, Л — Люцыян, С — Станіслаў. Значыць, выданне было пад рукой, на раяле. Як у анекдоце: «Я на ўсіх інструментах іграў, акрамя духавых». — «Чаму?» — «Таму што з іх карты падаюць». Так і тут».

З аўтографам Пушкіна

Найцікавейшае выданне на выстаўцы —  «Гісторыя рускай славеснасці», 1900 г., 3-і том.  Яно надзвычай багатае. Тут шмат укладышаў. Напрыклад, аўтограф Пушкіна, Лермантава, Ганчарова — такое рэдка дзе пабачыш — хіба ў музеях. А тут усё ў адным выданні… Яшчэ можна ўбачыць, як выглядаў запрашальны білет на... пахаванне Пушкіна. Дзе яшчэ такое пабачыш? У 1 і 2 томе таксама шмат цікавага: Дзяржавін, Ламаносаў...

Вось «104 гісторыі са Старога і Новага запавету»: універсітэцкая друкарня, 1798 г. Кніга спецыяльна адаптавана для моладзі («в пользу юношества Іоаном Гибнером», перакладзена з нямецкай Васілём Багародскім). Аповеды кароткія, і адразу пытанні для праверкі. 104 адметныя гісторыі ўзяты з Новага і Старога запаветаў, да іх столькі ж гравюр.

Цікава ўзяць у рукі «Адысею» Гамера на старажытнагрэчаскай мове (1810 г., Лейпцыг) з адмысловым афармленнем тых часоў. Ёсць і «Іліяда», але на лацінскай мове (1870 г., берлінскае выданне).

На мясцовым матэрыяле

Арыгінальны часопіс, які выдаваўся ў Гродне ў 1840-я гады, — «Русалка друскенінскіх крыніц»: выданне для адпачывальнікаў Друскенікаў, якія на працягу 4 месяцаў (з мая па верасень) папраўлялі здароўе на мінеральных водах (Друскенікі належалі тады Гродзенскаму павету). Тут былі і Эліза Ажэшка, і Ян Чачот, і Тэадор Нарбут, у гэтым часопісе друкавалі свае творы.

На выстаўцы дэманструюцца безліч адмысловых выданняў, ад якіх немагчыма адарвацца. Кожнае адкрывае цэлы сусвет!

— Наведвальнікі разумеюць, што матэрыялаў, якія дэманструюцца на нашых выстаўках, няма ні ў архівах, ні ў музеях, — адзначае загадчыца аддзела мастацтва Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Я. Карскага Лілія Хадароўская. — Ідуць спецыяльна на Аляксандра Сявенку. Бо кожны раз на выстаўцы прысутнічае разынка. Гэты мясцовы матэрыял. Нас ведаюць гіды — маршрут выбіраюць такі, каб абавязкова зазірнуць: паказаць выстаўку, інтэр’ер. Наведвальнікі часта прыносяць экспанаты — наладжваюцца сувязь, зносіны. Нас ведаюць калекцыянеры (Беларускае нумізматычнае аб’яднанне на чале са старшынёй Віктарам Какарэкам знаходзіцца ў Гродне). Раз на два гады ладзіцца фестываль міжнародных культур, — куды прыязджаюць і вядомыя асобы.

Гродна лічыцца горадам-музеем. Аддзел мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі ім Я. Ф. Карскага таксама ператварыўся ў своеасаблівы музей, стаў неад’емнай часткай музейнага Гродна. Немагчыма расказаць пра ўсе цікавосткі экспазіцыі, якая грунтуецца на адмысловым мясцовым матэрыяле — лепш за ўсё ўбачыць на свае вочы. Таму спяшайцеся ў аддзел мастацтва гродзенскай кніжніцы — туды, дзе старонкі з водарам Нёмана…

Наталля СВЯТЛОВА,

фота аўтара

Друкуецца ў газеце “Літаратура і мастацтва”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.