21 кастрычніка, серада

Вы тут

Невясёлыя думкi пасля прыгожага свята


Так незнарок супала — акурат перад Днём мацi трапiлi мне ў рукi два лiсты. Напiсаныя акуратным почыркам, якi можа быць толькi ў былых настаўнiц, яны прыйшлi з розных раёнаў адной вобласцi. У iх — просьба дапамагчы вырашыць нейкiя праблемы. Але больш усё-ткi споведзь жанчын, якiя маюць найвялiкшае шчасце i няшчасце быць мацi. Я перачытвала iх некалькi разоў, старалася пасля не браць да галавы гiсторыi, па сутнасцi, незнаёмых мне людзей, але яны-такi падарылi мне бяссонную ноч, у якой было шмат розных думак i разваг. I я рашыла, што пра iх напiшу, бо гiсторыi гэтыя, нягледзячы на сваю непадобнасць, тыповыя. Тое, аб чым стараюцца маўчаць. Тое, аб чым плачуць ноччу ў падушку або дзеляцца з самымi блiзкiмi людзьмi (цi, калi ўжо зусiм няма сiл трываць, — са спадарожнiкам у вагоне або з газетай, якую чытаюць). Тое, аб чым балiць матчына сэрца.


Спадарыня Валянцiна (iмёны я змянiла, не яны тут галоўнае) дбае пра працаўладкаванне свайго дарослага сына. Хлопец нежанаты, жыве з ёй дома, не адзiн год працаваў качагарам у мясцовай школе. У наступны сезон з iм не заключылi новы дагавор, адказаўшы, што, маўляў, летам адмовiўся прыйсцi разгружаць брыкет. На яго месца хутка ўзялi новага чалавека — на вёсцы з работай нягуста. Яму ж нiбыта сказалi: маўляў, не прападзеш, матчына пенсiя ёсць. А мацi пайшла абiваць парогi, прасiць за крывiнку — спачатку ў раён, потым на прамую лiнiю ў аблвыканкам званiць стала. Там паабяцалi паведамiць пра вынiкi ў панядзелак. Два панядзелкi яна не адыходзiла ад тэлефона. Пасля напiсала нам: маўляў, нiхто не пазванiў, сын так i застаецца без работы, а я, можа, i не дажыву — вельмi цяжка хварэю...

Мы патэлефанавалi ў аблвыканкам, папрасiлi разабрацца. Там прыязна адказалi: так, спадарыня Валянцiна сапраўды тэлефанавала, з ёй размаўлялi спецыялiсты ўпраўлення па працы i сацыяльнай абароне. Яе званок зваротам не лiчыцца, бо яна вырашае, па сутнасцi, не сваю праблему. Сын, дзякуй богу, дарослы дзеяздольны здаровы чалавек, свае пытаннi (у тым лiку пiсаць, званiць, дабiвацца праўды) вырашаць павiнен сам. Мацi была яго законным прадстаўнiком толькi да паўналецця. А яму ж ужо не шаснаццаць гадоў...

Тут можна пачаць разважаць пра тое, якiя бюракраты нашы чыноўнiкi, як за радком закона не бачаць жывых людзей. Але я пра iншае — якраз пра гэтых самых людзей. Не па законе, а па-людску. Чаму малады здаровы мужчына — не ўломак i, мяркуючы па ўсiм, нават не п'янiца — сядзiць без работы i чакае, калi цяжкахворая мацi вырашыць яго праблемы? Чаму не звонiць ва ўсе званы: дапамажыце, не хачу сядзець на шыi ў нямоглай жанчыны, хачу сам ёй дапамагаць: купiць якi лiшнi вiтамiн цi лекi? Чаму ён не пiша ў рэдакцыю, не тэлефануе ў аблвыканкам, не стукае ва ўсе дзверы? Прапусцiў той час, калi не мама стала за яго адказваць, а, наадварот, ён павiнен яе берагчы i клапацiцца аб ёй? Яму нiхто не сказаў, што гэты час настаў? А пра гэта хiба ўвогуле трэба гаварыць?..

Аўтарка iншага лiста, спадарыня Марыя, прасiла дапамагчы разабрацца са штрафам за выпадкова пабiтую яе мужам чужую машыну. Пажылыя людзi ездзiлi на аўто здаваць аналiзы ў раён — там на стаянцы i не размiнулiся. Грошы на штраф выпiсалi вялiкiя — тысячу рублёў. Давялося аддаць усе, што збiралi на рамонт. «Халадзiльнiк адкрыеш, каб есцi зварыць, а там пуста... А хлапцоў жа яшчэ трэба i апранаць!..» Падобныя пiсьмы я калiсьцi чытала ад бабуль, якiя гадуюць унукаў, што кiнулi iх п'янiцы-дзецi. Але тут — зусiм iншая справа. «Хлапцам» — больш за сорак гадоў, абодва — з вышэйшай адукацыяй. Сядзяць у бацькоў на карку, як мацi пiша, «сектанты пастаралiся» — «такiх хлопцаў загубiлi!» I тут можна было б паспачуваць, але чытаеш далей i бачыш — з секты хлопцаў даўно выцягнулi («але чаго нам гэта каштавала»). Цяпер яны «не п'юць (Бог мiлаваў!), затое кураць шмат i каву п'юць па дзесяць разоў на дзень». Значыць — яшчэ не старыя, здаровыя i працаздольныя. Але ўражвае больш вось гэта: «Кароўку даўно прадалi, бо апошнi год мне нават пустое вядро насiлi ў хлеў». I вось гэта: «Гаспадарка — толькi куры, дзве прапалi, дзве кульгаюць. Сабачку на ферме забiлi, коцiк i той сышоў... Я курэй прывучаю да рук, каб хоць якая жывая iстота...» «Прашу ў Бога тое, што людзi маюць без малiтваў: дзецям — работу, сабе — унукаў»...

Бог, дзяржава, сектанты, нават замежныя iнвестары, якiя выкупiлi мясцовую гаспадарку, — усе ў гэтым пiсьме прычыненыя да таго, што два саракагадовыя мужчыны сядзяць на шыi ў старых хворых бацькоў. Прычыненыя ўсе, толькi не яны самi — тыя, што з вышэйшай адукацыяй, тыя, што не п'юць. Тыя, якiя павiнны былi б самi завезцi бацькоў у бальнiцу, самi вырашаць праблемы са штрафам, самi за свае грошы рабiць рамонт у бацькоўскай хаце, самi займацца гаспадаркай. Iм таксама нiхто не сказаў, што час, калi не бацькi для iх, а яны — для бацькоў, ужо даўно настаў?

А мама — што? Мама — яна не скажа. Яна будзе малiцца за дзяцей, абiваць за iх усе магчымыя парогi, моўчкi глытаць крыўду. Хаваць усё разам з безумоўнай, часам сляпой, любоўю ў сваiм вялiкiм сэрцы. Пакуль яно трывае...

Такiя вось невясёлыя i зусiм несвяточныя думкi назаўтра пасля Дня мацi. Свята, з якiм маiх сённяшніх гераiнь наўрад цi хто павiншаваў. А цi адны яны такiя?

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Прэв’ю: fishki.net

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.