Вы тут

Аляксандр Богдан. Эвалюцыя, дзеці Божыя!


Пастаянны аўтар пастаяннай «маладосцеўскай» рубрыкі «З Богам» айцец Аляксандр Богдан жыве і служыць у Ваўкавыску. За час існавання рубрыкі (якая акурат адзначыла пяць гадоў) ім напісана нямала актуальных артыкулаў на духоўныя тэмы. З нагоды юбілею рубрыкі чытачам «Чырвонкі. Чырвонай змены» прапануецца паразважаць на адну з самых неўміручых тэм.


«Гагарын у космас лятаў, але Бога там не бачыў», — заявіў Мікіта Хрушчоў. Свяшчэннік жа дадаў: «А Бог яго бачыў і блаславіў».

Мо час ужо ўключыць разважнасць? Ці гэта ўвайшло ў азарт — спрачацца з навукай? Насамрэч біялагічная навука не лезе ў пытанні хрысціянства. Дык можа і недасведчаным у біялогіі хрысціянам не варта ганьбіць сябе перад навукоўцамі, спрабуючы даказаць ім, што ў нечым яны памыліліся?

Я не біёлаг і зусім не навуковец, таму не буду расказваць пра тое, што ёсць тэорыя эвалюцыі. Не буду адказваць і на збітае пытанне: «Чаму цяпер малпы не ператвараюцца ў людзей?» Амаль усе, хто пытаецца, абсалютна ўпэўненыя, што гэтым яны абвяргаюць эвалюцыйную тэорыю. У такіх выпадках я раю спытаць не свяшчэнніка, а біёлага. І неабавязкова шукаць навукоўца з сусветным імем. Расказаць, чаму цяпер малпы не ператвараюцца ў людзей, можа і настаўніца біялогіі. Шкада, што ў школьнай праграме вельмі мала ўвагі надаецца гэтай тэме. Магчыма, калі б вучні атрымлівалі больш ведаў, ніхто б такіх бязглуздых пытанняў не задаваў. Калі ж паглыбіцца хоць бы трохі ў тэму эвалюцыі, не абмяжоўвацца школьным падручнікам біялогіі, стане зразумела, чаму падобныя выказванні выклікаюць у выпускнікоў біяфака ўсмешку. І няважна, вернікі яны ці атэісты.

Пра эвалюцыю навукоўцы пішуць не толькі навуковыя працы, але і навукова-папулярныя кнігі. Вось, напрыклад, генетык Джэры Койн у прадмове да кнігі «Эвалюцыя. Неабвержныя доказы» піша наступнае: «Хоць для прызнання вялізнай ролі эвалюцыі сапраўды патрабуецца моцна змяніць мысленне і светапогляд, аднак гэта зусім не вядзе да кашмарных наступстваў, якімі крэацыяністы любяць палохаць публіку, адварочваючы яе ад дарвінізму.

Прыняўшы эвалюцыю, вы не станеце адчайным нігілістам і не страціце мэту і сэнс жыцця. Вы не ператворыцеся ў амаральную пачвару, Сталіна або Гітлера, і не падхопіце атэізм, таму што вольныя ад забабонаў вернікі заўсёды знаходзілі спосаб прыняць дасягненні навукі. Насамрэч здольнасць зразумець эвалюцыйны працэс, несумненна, пашырае і паглыбляе разуменне свету і нашага месца ў ім. Ісціна — тое, што вы ўсе, падобна львам, секвоям і жабкам з'явіліся дзякуючы паслядоўнай замене аднаго гена іншым, пакрокаваму нарошчванню маленькіх эвалюцыйных пераваг, — сагравае душу нашмат больш, чым міф пра тое, нібыта мы раптам з'явіліся на свет з ніадкуль...

Не ведаю, як іншым хрысціянам, але мне не давялося мяняць сваё мысленне.

На маю веру не ўплываюць факты пра паходжанне чалавека. Справа ў тым, што я веру ва ўсёмагутнага Бога, які папросту мог стварыць чалавека з малпы. Нехта мне можа пярэчыць: у Бібліі, маўляў, не напісана ні пра якую малпу! Так. Таму што аўтар біблейскага тэксту ставіў мэту паказаць не тое, чые мы нашчадкі, а тое, што мы, людзі, — дзеці Божыя. Пагаджуся, некаторыя навуковыя адкрыцці могуць шакіраваць не толькі вернікаў. Памятаю дыялог, які ў мяне адбыўся з адной прыхаджанкай.

— Ну не! — сказала яна. — Не магу прызнаць, што я паходжу ад малпы. Я веру, што мяне стварыў Бог!

— А як вас стварыў Бог? — спытаў я.

— Не ведаю, але дакладна не з малпы.

Тут можна прывесці наступную аналогію.

Майстра кажа:

— Гэты стол зроблены з ліпы. Калі ўважліва прыгледзецца, то можна нават даведацца, у якім лесе ліпа расла...

— Што ён вярзе?! Што за лухта?! — абураецца ўладальнік стала. — Гэты стол зрабіў мой бацька! Сваімі рукамі!

Спадзяюся, чытачу зразумела, што рэлігія і навука папросту глядзяць на чалавека пад рознымі вугламі.

Часам мяне папракаюць: я, маўляў, у эвалюцыю веру. А я не разумею, як у эвалюцыю можна верыць. Можна верыць у Бога, Дзеда Мароза, лёс... А як можна верыць у навуковую тэорыю — эвалюцыі, адноснасці, геліяцэнтрызму?.. Хіба нехта верыць, што сума ўнутраных вуглоў трохвугольніка складае 180 градусаў? У гэта ніхто не верыць: гэта ўсе ведаюць.

Сярод праваслаўных я сустракаў тых, хто сцвярджаў: тэорыя эвалюцыі — гэта не навуковая тэорыя, а ледзь не адна з формаў рэлігіі. Ну, гледзячы для каго. Напрыклад, для навукоўцаў яна навуковая, а для іншых, можа, не толькі. Але не навукоўцы робяць яе рэлігіяй. Увогуле, рэлігійны кантэкст пры жаданні можна надаць нават простаму матэматычнаму ўраўненню. Але ці трэба?

Часам мне нават упэўнена так заяўляюць, што сярод крытыкаў тэорыі эвалюцыі ёсць і біёлагі. Тут я звычайна задаю наступныя пытанні: а, можа, ёсць дыпламаваныя хімікі, якія не прызнаюць табліцу Мендзялеева? Можа, ёсць дыпламаваныя матэматыкі, якія не прызнаюць табліцу множання?

Людзей, што займаюцца навукай, дзеляць на фізікаў, хімікаў, біёлагаў і г. д. Тых, хто займаецца філасофіяй, падзяляюць на матэрыялістаў, экзістэнцыялістаў і г. д. Дык вось, філасофстваваць можа нават біёлаг. Яркім прыкладам служыць брытанец Рычард Докінз. Ён філасофствуе, і ў яго філасофіі ёсць, канешне, канфлікт з рэлігіяй. А вось няверуючы антраполаг і папулярызатар навукі Аляксандр Сакалоў займаецца чыста навуковымі даследаваннямі, і ў іх няма канфлікту з хрысціянствам. Ва ўсякім разе мне ён сказаў, што іх не бачыць.

Цікава яшчэ, што ёсць і веруючыя філосафы-эвалюцыяністы. Самы вядомы — айцец П'ер Тэйяр дэ Шардэн (1881—1955). Французскі каталіцкі святар, тэолаг, геолаг, які зрабіў шмат для палеанталогіі і антрапалогіі. Канешне, хтосьці з яго філасофіяй не пагаджаецца, нехта крытыкуе. Зрэшты, як і многіх іншых філосафаў. Рычард Докінз, дарэчы, не выключэнне.

Падчас даследаванняў у прыродазнаўстве не прынята спасылацца на Біблію. Для гэтага ёсць іншая кніга — прырода. Пра дзве гэтыя кнігі пісаў яшчэ Ламаносаў: «Создатель дал роду человеческому две книги. В одной Он показал Свое величество, а в другой Свою волю. Первая — видимый сей мир, Им созданный, чтобы человек, смотря на огромность, красоту и стройность Его зданий, признал Божественное всемогущество по мере себе дарованного понятия. Вторая книга Священное Писание... Не здраво рассудителен математик, ежели он хочет Божескую волю вымерять циркулем. Так же и богословия учитель, если он думает, что по псалтири научиться можно астрономии или химии».

І ўсё ж ёсць у эвалюцыі момант, з якім складана пагадзіцца падкаваным хрысціянам. Згодна з нашым праваслаўным догматам смерць — вынік першароднага граху. Іншымі словамі, калі б Адам не саграшыў, ён не памёр бы. А навука сцвярджае, што ён памёр бы ў любым выпадку, таму што быў смяротны. Але і тут можна даць лагічны адказ. Эвалюцыя не ведае, што было б, яна ведае толькі тое, што было. Першы чалавек памёр. Я, як хрысціянін, бачу ў гэтым духоўныя прычыны, а не біялагічныя. Навукоўцы разглядаюць толькі прыроду і біялагічныя механізмы. Духоўныя прычыны гэтых механізмаў не ў іх кампетэнцыі. А яшчэ эвалюцыя разглядае чалавека проста як жывую істоту, а не як носьбіта вобраза і падабенства Божага. Что датычыцца жывёл, якія паміралі яшчэ да з'яўлення чалавека, дык для жывёльнага свету смерць — гэта натуральна. Але не для людзей. Таму што, як сказаў яшчэ ў ІV стагоддзі свяціцель Васілій Вялікі: «Чалавек — гэта жывёла, якая атрымала наказ стаць Богам».

Меў рацыю і Фрэнсіс Бэкан: «Малыя веды аддаляюць нас ад Бога, а вялікія да Яго набліжаюць».

Выбар рэдакцыі

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

Культура

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў забіты ў ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў забіты ў ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Грамадства

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Даслоўна англійскае слова «чайлдфры» перакладаецца як «свабодныя ад дзяцей». 

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.