Вы тут

Вызначаем складнікі сістэмы адукацыі


На Гомельшчыне кіраўнікі дзяржорганаў, дэпутаты, грамадскія актывісты і педагогі агучылі свае прапановы наконт далейшага развіцця сістэмы адукацыі. Найлепшыя ініцыятывы будуць разгледжаны на Усебеларускім народным сходзе ў якасці праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і магчымых змяненняў у Канстытуцыю, кодэксы і іншыя заканадаўчыя акты.


Месцам правядзення пляцоўкі для абмеркаванняў быў абраны Мазыр. Сустрэча прайшла ў фармаце дыскусійнай платформы пад агульнай назвай «Удасканаленне работы галіны адукацыі». Прыняць удзел у абмеркаваннях прыехалі больш як сто ўдзельнікаў — упраўленцы, дэпутаты, а таксама работнікі адукацыі Мазырскага, Нараўлянскага, Лельчыцкага, Жыткавіцкага, Петрыкаўскага і Калінкавіцкага раёнаў.

Сумеснае фінансаванне падрыхтоўкі кадраў

Стварэнне дзейснай сістэмы адзінага адукацыйнага асяроддзя, развіццё рэсурсных цэнтраў і больш цесная інтэграцыя ўстаноў прафесійнай адукацыі, вышэйшай школы і сацыяльных партнёраў — на гэтых аспектах зрабіла акцэнт у сваім выступленні дырэктар Гомельскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Таццяна Радкоўская.

Сёння ў Гомельскім рэгіёне 40 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі рыхтуюць кадры па 56 спецыяльнасцях і 110 рабочых прафесіях. Ахоп — 18 тысяч навучэнцаў. Кожны год пераглядаецца пералік прафесій з улікам патрэб рынку працы.

Дарэчы, сістэма прафесійнай адукацыі Гомельшчыны забяспечвае розныя формы прафпадрыхтоўкі, у тым ліку і для дарослага насельніцтва. З цэнтрамі занятасці напрамую працуюць 16 навучальных устаноў. Штогод яны рыхтуюць больш за 10 тысяч дарослых людзей па 30 спецыяльнасцях. Трэба адзначыць, што шэсць навучальных устаноў вобласці вядуць прафпадрыхтоўку вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Між тым Таццяна Радкоўская падкрэсліла: развіццё сістэмы прафесійнай адукацыі залежыць перш за ўсё ад рэсурснага забеспячэння, аб'ёмаў і крыніц фінансавання, кадравага, вучэбна-метадычнага патэнцыялаў. Сёння ў вобласці функцыянуюць шэсць рэсурсных цэнтраў: па сельскагаспадарчым і будаўнічым профілях, машынабудаванні, зварачнай і швейнай вытворчасцях, кулінарным мастацтве. Штогод на іх базе атрымліваюць прафпадрыхтоўку больш за тысячу навучэнцаў, а таксама праходзяць стажыроўку майстры вытворчага навучання.

— Умацаванне і развіццё матэрыяльнай базы ажыццяўляецца ў асноўным за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, — адзначыла дырэктар Гомельскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі. — Заказчыкі кадраў, наймальнікі практычна не ўдзельнічаюць ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы з прычыны абмежаванняў, устаноўленых існуючымі нарматыўна-прававымі актамі.

Таццяна Радкоўская спасылаецца на міжнародны вопыт па гэтай тэме і робіць акцэнт на неабходнасці распрацоўкі механізмаў сумеснага фінансавання падрыхтоўкі кадраў арганізацыямі і прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі, у тым ліку і прыватнай формы ўласнасці. Магчыма, гэта стварэнне мэтавых фондаў, — дадае кіраўнік цэнтра.

Абавязковая дашкольная адукацыя — аспект эканамічны

Начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Любоў Клепчукова на дыскусійнай панэлі ўзняла шэраг пытанняў у галіне дашкольнай адукацыі.

— Наша прапанова, каб дашкольная адукацыя стала абавязковай. Сёння яна з'яўляецца асноўнай, але не абавязковай, як, напрыклад, базавая адукацыя. Здараецца, што дзіця атрымлівае месца ў дашкольнай установе, але бацькі туды яго не водзяць. У выніку ўскрываецца шэраг праблем, — падымае тэму Любоў Клепчукова. — Па-першае, дзіця недаатрымлівае аб'ём ведаў, горш адаптуецца сацыяльна, не вучыцца працаваць у дзіцячым калектыве. Дарэчы, даследаванне нашых псіхолагаў, якія працуюць з першымі класамі, паказвае: дзеці, якія не наведваюць дашкольныя ўстановы, маюць павышаны ўзровень трывожнасці.

Ёсць і эканамічны складнік гэтага пытання, бо любая ўстанова разлічана на пэўныя сродкі і рэсурсы. Начальнік аддзела адукацыі адзначыла, што сёння па няўважлівай прычыне дзіця можа не наведваць садок не больш за 30 дзён.

— Мы прапануем знізіць гэтую колькасць дзён. У такім выпадку бацькі будуць адчуваць большую адказнасць. У нас жа будуць падставы прапанаваць іншыя формы работы. Бо мы сёння можам арганізаваць кароткачасовыя групы знаходжання, — патлумачыла гэту ініцыятыву Любоў Клепчукова.

Начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама звярнула ўвагу на неабходнасць сістэмнага падыходу ў дыстанцыйным навучанні. Гэтая тэма асабліва важная для школьнікаў, якія з'язджаюць на аздараўленне з бацькамі на працяглы час. Выкарастоўваць анлайн-навучанне актуальна таксама ў выпадках пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі.

На праблеме матываванасці будучых педагогаў і ўдасканалення работы з педагагічнымі класамі засяродзіла ўвагу прарэктар па навуковай рабоце Мазырскага пед-універсітэта Таццяна Паліева. Яна нагадала, што педагагічныя класы і групы з'явіліся ў сістэме адукацыі яшчэ ў 2015 годзе. Сёння ў Гомельскай вобласці ў іх займаюцца амаль 180 вучняў.

— Мы вельмі зацікаўлены ў матываваных спецыялістах, каб прыходзілі студэнты, якія выбралі педагагічную прафесію душой, — падкрэсліла прарэктар і прывяла пэўную статыстыку — на педспецыяльнасці паступае толькі траціна выпускнікоў педагагічных класаў:

— І тут ёсць шырокае поле для сумеснай работы ўсіх зацікаўленых структур, — лічыць Таццяна Паліева і зазначае, што не менш важна прадухіліць тэндэнцыю, калі выпускнікі педагагічных класаў выбіраюць для паступлення сталічныя ВНУ.

— Рэгіянальным універсітэтам трэба больш актыўна развівацца ў гэтым кірунку. Калі раёны зацікаўленыя ў высокакваліфікаваных педагагічных кадрах, у тым, каб дзеці вярталіся ў гэтыя раёны, можа быць, варта ўзмацніць узаемадзеянне, стварыць праграму, якая будзе працаваць больш вынікова на педкласы і рэгіянальныя ўніверсітэты, — заўважыла Таццяна Паліева.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.