Вы тут

Як медыятары дапамагаюць зразумець сапраўдную прычыну канфлікту?


Прынцып паспяховасці перагавораў — уменне размаўляць на ўзроўні інтарэсаў, а не пазіцый, сцвярджаюць медыятары. Зразумець, што ў чалавека — пазіцыя, а што — інтарэс, і што ён пераследуе, калі ўступае ў канфлікт з іншым бокам, і ёсць задача медыятара — спецыяліста па дасудовым урэгуляванні спрэчак. Менавіта гэтыя людзі за некалькі сустрэч са спрачальнікамі, а часам і за адну, дапамагаюць людзям пачуць адзін аднаго і зразумець, што насамрэч ім патрэбна, за што яны, здараецца, не адзін год б'юцца ў судах. Як шляхам простых пытанняў адкрыць людзям вочы на іх сапраўдныя, а не надуманыя інтарэсы, Алеся ПУХАВА, бізнес-юрыст, медыятар Цэнтра медыяцыі і перагавораў, прапанавала разабрацца на прыкладах.


«Хачу мільён долараў!» Навошта ён вам?

 

Пазіцыя — гэта тое, з чым да медыятара прыходзіць чалавек. Ён кажа «мяне падманулі», «у мяне ўкралі», «я не згодны», «я хачу вось так». І напачатку незразумела, гэта факт ці меркаванне. Пакуль гэта тое, што ён найперш заяўляе ўсяму свету, — пэўныя факты і меркаванні. Адны з іх абгрунтаваць можна, іншыя — не. Напрыклад калі чалавек кажа «мне здаецца, мяне не паважаюць» або «я хачу мільён долараў, бо ён мне вінен», трэба капаць глыбей і выходзіць на ўзровень інтарэсаў, сцвярджае Алеся Пухава.

Інтарэсы — гэта тое, што схавана за словамі, якія чалавек кажа на перагаворах у першую чаргу, акрэсліваючы сваю пазіцыю. У межах інтарэсаў можа быць недахоп інфармацыі. За перакананнем «мяне падманулі» можа стаяць мноства варыянтаў развіцця падзей. Падманулі таму, што сказілі інфармацыю, не далі яе...

Гэта можа быць звязана з паводзінамі, бо ўсе прывыклі да пэўнага алгарытму: вітацца пэўным чынам, святкаваць нешта, а гэты парадак раптам парушаецца. Адносіны бакоў існуюць у пэўных звыклых межах. Напрыклад, муж заўсёды прыносіць дадому зарплату, і гэтая практыка — бах! — парушаецца. Інтарэсы — гэта ж яшчэ і каштоўнасці: вера, погляды і многае іншае.

— Пры разыходжанні інтарэсаў і ўзнікае канфлікт. І даведацца, які інтарэс крыецца за жаданнем «я хачу мільён», і ёсць задача медыятара. Калі ў адказ на словы «я хачу мільён» задаць пытанне «навошта ён вам?», вы пераходзіце на прыступку ніжэй — звяртаецеся да інтарэсаў. І тут можа быць мільярд адказаў. Напрыклад: «Ён мне вінен. Узяў грошы, хай аддае. Ён павінен трымаць сябе як мужык». У гэтым выпадку зразумела, што мільён патрэбны не для набыцця чагосьці, а чалавеку важна, каб партнёр прытрымліваўся пэўных правілаў — напрыклад, узяў — аддаў; яму важна, як праявіць сябе партнёр, а не само валоданне мільёнам. Яшчэ адзін варыянт: мільён патрэбны яму, каб разлічыцца са сваімі даўгамі, інакш ён згубіць уласных кліентаў. Тут таксама інтарэс у захаванні адносін са сваімі партнёрамі, а не ў валоданні мільёнам. За інтарэсамі стаяць патрэбы. І калі спытаць, «навошта вам захоўваць партнёрскія адносіны?», можна яшчэ больш паглыбіцца ў праблему. Бо чалавек скажа, напрыклад, што яму важна заставацца паважаным у сваёй сферы, быць прызнаным як надзейны гулец. І гэта яго сацыяльныя патрэбы. Разумеючы сітуацыю ўжо на такім узроўні, можна далей і яшчэ больш паспяхова распрацоўваць варыянты рашэнняў. Напрыклад, дапамагчы стварыць версію, пры якой чалавек захавае аблічча перад партнёрамі, а не проста верне свой мільён. Пры разборы сітуацыі ў гэтым кірунку той, хто спаганяе доўг, сам можа прапанаваць выйсце, накшталт «хай тады іншы бок пакіне гарантыю, што гэта не я дрэнны, а ён не аддае грошы ў сувязі з чым я не магу накіраваць сродкі, куды мне трэба».

Увогуле, каб, як той казаў, дакапацца да ісціны і зразумець, чаго хоча чалавек, медыятар можа выкарыстоўваць тэхніку «пяці навошта». Калі задаваць гэтыя пытанні, яны дапамагаюць медыятару пачуць чалавека і даць дапамагчы яму зразумець, чаго ён хоча. На прыкладзе з мільёнам долараў гэта будзе дзейнічаць прыкладна так. «Мне патрэбны мільён долараў. — «Навошта ён вам? — Я хачу купіць вялікі дом. — Навошта вам вялікі дом? — Я хачу, каб туды прыходзілі шмат гасцей і мы добра бавілі час. — А навошта вам шмат гасцей і весялосці? — Для мяне важна камунікаваць і быць часткай пэўнай групы, якая можа шмат сабе дазволіць і дапамагчы мне вырашыць нейкія мае праблемы. І вось пасля выслухоўвання гэтага адказу становіцца зразумела, што сапраўдная патрэба чалавека, які хоча мільён долараў, знаходзіцца нават ніжэй за яго інтарэс — ён проста хоча быць часткай пэўнай групы. І на любым з гэтых узроўняў можна шукаць нейкія рашэнні, патлумачыла медыятар. Такім чынам грошы могуць быць пазіцыяй, аднак не інтарэсам і не патрэбай. Хіба што, за выключэннем выпадку, калі валоданне грашыма зніжае ўзровень страху — грошы ляжаць на рахунку і ствараюць пачуццё бяспекі тым, што яны проста ёсць.

«У яго ёсць палюбоўніца. Нам трэба разводзіцца»

«Я абсалютна ўпэўнена, што ў яго ёсць каханка, таму нам трэба скасаваць шлюб. Іншага выйсця я не бачу». Гэта пазіцыя жонкі, з якой яна прыходзіць да медыятара, — яшчэ адзін прыклад, які прапанавала разабраць Алеся Пухава, задаючы гераіні пытанні, што дапамогуць высветліць, чаго ж яна насамрэч жадае.

«Чаму вы так у гэтым упэўнены? Якія факты пацвярджаюць, што ёсць палюбоўніца?»

«Ён штомесяц прыносіў дадому заробак, а цяпер — толькі яго палову. Куды ён дзявае грошы?! Вядома ж, на маладых жанчын!»

«Ці пыталіся вы ў мужа, на што менавіта ён траіць грошы?»

«Яшчэ не, але мне здаецца, што на жанчын!»

— Бачна, што дакладнага адказу тут няма. Магчыма, муж збірае грошы на цудоўны падарунак для жонкі, і ніякай каханкі ўвогуле не існуе, — пракаменціравала спецыяліст.

«Ці змянілася стаўленне мужа да вас?»

«Здаецца, не, але мяне пужае, што ён пусціць усё на каханку, і я буду жыць горш».

«Як на вас уплывае наяўнасць каханкі ў вашага мужа?»

«Ну як? Калі ў яго ёсць маладая і ён на яе траціць грошы, мы развядзёмся і я застануся ні з чым?! Не! Мне трэба разумець, што дом, машына і іншыя матэрыяльныя даброты застануцца са мной».

«Развод — адзіны спосаб вырашыць праблему?»

«Калі мы будзем разводзіцца цяпер, то ў мяне будуць паперы, згодна з якімі мне застанецца палова, што належыць мне. Я не магу чакаць, пакуль ён спусціць усё на сваіх жанчын, мне трэба забраць сваю палову цяпер, захаваць яе!»

— Атрымаўшы такія адказы, мы высветлілі патрэбу жонкі ў матэрыяльным забеспячэнні сваёй будучыні. Яна баіцца не разводу і не наяўнасці каханкі, а будучыні без даброт, якія ў яе ёсць зараз. І пасля ўжо можна пераходзіць да пошуку інтарэсаў жонкі, звярнуўшыся да яе эмоцый. Пакуль чалавеку няма чаго есці і няма дзе жыць, ніякія эмоцыі не будуць на першым месцы. Таму, задаючы пытанні, трэба пачынаць з базавых патрэб, якія ёсць у людзей, — удакладніла медыятар.

«Якім чынам, акрамя разводу, вы можаце атрымаць для сябе гэтую бяспеку?» — такім можа быць наступнае пытанне ў разборы падобнай сітуацыі.

«Ну, можам, напэўна, падпісаць шлюбны дагавор».

«Ці можна гэта абмеркаваць з вашым мужам? Каб ён задаволіў вашы патрэбы ў бяспецы, перапісаў кватэру, вызначыў суму аліментаў, каб вам стала спакайней і вы маглі далей падумаць над вашымі адносінамі».

— Такім дыялогам вы дапамагаеце жонцы выдыхнуць і задумацца, што рабіць, бо дагэтуль яна бачыла адно выйсце — тэрмінова скасоўваць шлюб. А вы дапамаглі зразумець, навошта ёй гэта, і як інакш можна вырашаць праблему. І калі да сустрэчы пазней далучыцца муж, то можна ўжо будзе весці гаворку і пра іх адносіны, — патлумачыла Алеся Пухава.

Вось прыкладна так і працуе медыятар, каб высветліць, што за інтарэсы пераследуе чалавек, кіруючыся сваёй пазіцыяй, і знайсці дзейсныя рашэнні, якія могуць задаволіць патрэбы ўсіх. І гэта толькі адзін маленечкі навык. Ім авалодвае чалавек, які вырашае стаць прафесійным медыятарам і ідзе вучыцца ў Цэнтр медыяцыі і перагавораў. Міністэрствам юстыцыі, якое выдае пасведчанне медыятара, вызначаны дакладная праграма і тэрмін навучання: 140 гадзін для тых, хто мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, і 170 — для ўсіх астатніх. Спецыялісты кажуць, што ў аснову навучання ў Цэнтры пакладзены трэнінг, які дзейнічае згодна з выслоўем вялікага Канфуцыя: «Скажы мне — і я забудуся, пакажы мне — і я запомню, дай мне зрабіць — і гэта стане маім назаўжды».

Сапраўды, паспрабаваць выкарыстоўваць падобную практыку перагавораў і задаваць пытанні пры жаданні можа кожны, каб захаваць адносіны з блізкімі. Тыя, хто прайшоў навучанне, нават не збіраючыся пасля станавіцца медыятарам, кажуць, што іх паўсядзённыя ўзаемадачыненні з людзьмі якасна змяніліся. І яны зразумелі сутнасць выслоўя: «самыя шчаслівыя — тыя, хто змог выбудаваць добрыя адносіны з іншымі людзьмі».

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Тэхніка «пяці навошта»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».