Вы тут

Юрый Куклачоў: У чым сакрэт шчаслівага сямейнага жыцця? У тым, што трэба быць памяркоўнымі


Вядомы на ўвесь свет, адзіны на планеце дрэсіроўшчык кошак, народны артыст РСФСР Юрый Куклачоў на гэтым тыдні парадаваў жыхароў Віцебшчыны і Магілёўшчыны выступленнямі свайго тэатра. Віцебскі карэспандэнт «Звязды» меў гонар не толькі пабываць на ўнікальным шоу, але і ўзяць эксклюзіўнае інтэрв'ю пасля канцэртнай праграмы. Гутарылі не толькі пра кошак. Было прыемна пачуць з вуснаў такога чалавека словы павагі і любові да Беларусі. Суразмоўнік развесяліў расказамі пра чатырохлапых, якія лепш за ўсіх экспертаў высока ацанілі якасць беларускіх прадуктаў. А, дарэчы, што ім лепш прапаноўваць паесці?.. Цікавая размова зацягнулася да позняга вечара.


Талент ад Бога мае кожны

У Віцебскай абласной філармоніі ўбачыў натоўп дарослых і дзяцей ў фае. Чарга да... Аказваецца легендарны кошчын клоўн з празрыстым «экранам» на твары раздаваў аўтографы і з задавальненнем фатаграфаваўся.

Ды размаўляў з кожным, як сваяк: з цеплынёй у вачах і голасе, быццам дзядуля, не дзеля «пабыць з публікай»... У свае 71 год выглядае ён на сто... Канешне, я не пра век, а на стольнік працэнтаў добра!

Убачыўшы, што я з фотакамерай (як толькі паспеў?), даведаўся як мяне завуць і прасіў вельмі ветліва, каб не здымаў з фотаўспышкай. А лепш наогул. Растлумачыў, што, убачыўшы мяне, астатнія пачнуць рабіць фота, а яго хвастатым партнёрам, мякка кажучы, не падабаецца такая ўвага.

Шоу ў дзве дзеі з перапынкам глядзелася на адным дыханні. Гэта не проста выхад на сцэну і паказ трукаў. Гэта спектакль, вельмі яскрава аформлены, казка з вялікай літары.

Дзеці — заўсёды самыя ўдзячныя гледачы.

Кошкі і сабакі паказвалі на сцэне «звычайныя цуды»: скакалі, куды трэба, рабілі, што загадвалі. Адразу, адчувалася, што яны вельмі любяць свайго партнёра. Фурор выклікаў знакаміты цыркавы нумар «Кот і кухар», калі хвастатая ну ніяк не хоча пакідаць рондаль.

А яшчэ артыст жангліраваў, як кажуць прафесіяналы, працаваў з глядзельнай залай, энергія яго зараджала.

У канцы канцэртнай праграмы Куклачоў па-бацькоўску звярнуўся да дзятвы. Сказаў, што кожны з іх мае талент ад Бога і трэба яго адчуць, развіваць, што неабходна, калі пра нешта марыш, дабівацца сваёй мэты. Ён, між іншым, сем разоў паступаў у цыркавое вучылішча! Упэўнена расказваў і пра моц дабрыні. Ад шчырасці яго слоў, прызнаюся, асабіста ў мяне вочы сталі вільготныя.

Кошкі любяць... беларускае!

У Вікіпедыі напісана, што суразмоўнік нарадзіўся 12 красавіка 1949 года ў Хімкінскім раёне, а ў некаторых іншых інтэрнэт-крыніцах, што ў Маскве.

Пры размове Юрый Дзмітрыевіч растлумачыў, што ён усё ж масквіч. Бацька-інжынер расказаў анекдот пра Сталіна, а здарылася гэта, як потым высветлілася, за некалькі дзён да смерці «бацькі ўсіх народаў».

«Жартаўніка пад хатні арышт. І, канешне, была вялікая верагоднасць, што рэпрэсіі будуць у дачыненні яго жонкі, іншых членаў сям'і. Таму дзядзька нас у вёску звёз. І там я жыў да сямі гадоў у бабулі. Гектар зямлі ў яе, які суседзі дапамагалі ўзараць. Агурочкі і бульбачка свае. І куры, і каза была (смяецца). А сусед прынясе сала, калі свінню зарэжа, карова ў людзей, малаком і маслам пачастуюць. Памятаю, яблыкі сушылі. Толькі і куплялі, што муку, запалкі, соль», — згадвае артыст сваё дзяцінства.

Разважаючы пра якасць сучасных прадуктаў, Куклачоў не шкадаваў кампліментаў на адрас беларускіх вытворцаў.

«Мы тут аб'ядаемся!!! Вэнджаную каўбасу курыную ўпершыню ў жыцці пакаштаваў тут! Вау! Ммммммм. Я і не ведаў што такое наогул можа быць! — расказваў ён вельмі эмацыянальна і з вялікай асалодай. — Раніцай сёння еў курыцу без пеніцыліну і свініну! А памідоры на днях прынеслі, такія смачныя, забыўся, калі еў такія! Турэцкія есці немагчыма. Паедзем з раніцы ў краму, накупім вашай смакаты. Прывязём дадому — і ў халадзільнік. І будзем жыць месяц, як быццам у Беларусі!»

Сфатаграфаваўшыся з нашым карэспандэнтам, артыст пабег даганяць жонку.

Між іншым... Каго не падманеш, дык гэта жывёл наконт якасці харчавання. Юрый Дзмітрыевіч расказаў, што яго выхаванцы ахвотна ядуць беларускія мясныя вырабы, а вось у Маскве, бывае, і не прымусіць.

Сямейная справа

Паважаны Майстар вельмі шмат расказваў пра гастролі. Згадаў факт, калі ў Вялікабрытанію яго пускалі, а хвастатых артыстаў — не. Дык ён налавіў мясцовых кошак і праз тры месяцы зрабіў з імі цудоўную праграму...

У Беларусі, ганарыцца артыст, яго вельмі паважаюць. Тут надрукаваныя яго кнігі з цыкла «Школа дабрыні» і іншыя... І гэта — філасофія і рэкамендацыя, як вырасціць гарманічную асобу, як ужо дарослым не страціць інтарэс да жыцця. Між іншым, менавіта беларусы даўно пачалі вырабляць ляльку — «копію Куклачова».

Юрый Дзмітрыевіч — ганаровы прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Ён падзяліўся планамі адкрыцця філіяла свайго тэатра ў Мінску, тым больш што ад Масквы зусім недалёка. Яго дзеці, якія працягваюць бацькаву справу, маглі б дзяліцца сакрэтамі майстэрства, выступаць на навагодніх шоу.

Дзеці сапраўды пайшлі па шляху бацькі. Старэйшы сын Дзмітрый каля дзесяці гадоў таму стаў заслужаным артыстам Расійскай Федэрацыі. Ён — артыст і першы намеснік мастацкага кіраўніка тэатра кошак. Жонка Дзмітрыя Марына таксама працуе ў калектыве. Дачка Кацярына — галоўны мастак, намеснік мастацкага кіраўніка па агульных пытаннях тэатра бацькі. Малодшы 37-гадовы сын Куклачова Уладзімір працаваў салістам у знакамітым балетным тэатры Панова ў Ізраілі. Пасля таго як скончыў кар'еру, пачаў таксама працаваць з хвастатымі. Ды як! Паставіў каціны балет!

Іх зорны бацька ганарыцца, што ў спадчыну дзецям пакіне прафесію, якая дазволіць заўсёды зарабіць не толькі на кавалак хлеба.

У Віцебску зорны клоўн выступаў з жонкай Аленай Ісакаўнай. З ёй яны разам яшчэ з цыркавога вучылішча.

«У чым сакрэт шчаслівага сямейнага жыцця!? У тым, што трэба быць памяркоўнымі. Сям'я — адзінае, адно цэлае не трэба сябе вылучаць. Калі вось ты кахаеш жонку, каханне — гэта заўсёды жадаць здароўя і дабра. І яна табе жадае таго ж. І ўсё на ўзаемнасці. Жанчына павінна таксама разумнай быць...», — паразважаў на развітанне і пасля сумеснага фота пабег даганяць жонку, якая строга сказала перад гэтым, што хопіць размаўляць...

На памяць з Віцебска Юрый Куклачоў павязе і кубак ад «Звязды». Пажартаваў, што будзе з яго «чаі ганяць».

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота з асабістага архіва аўтара і Юрыя Куклачова

Загаловак у газеце: Калі кошкі танцуюць балет... значыць, іх гаспадар — Юрый Куклачоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».