Вы тут

Прэзідэнт возьме на кантроль мадэрнізацыю Падатковага кодэксу


Лічбавізацыю падатковай сістэмы абмяркоўвалі на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з міністрам па падатках і зборах Сяргеем Налівайкам.


Па словах Прэзідэнта, падаткі — адзін з асноўных элементаў эканамічнай палітыкі, шмат зроблена для таго, каб яна была зразумелая ўсяму народу.

«Але я памятаю, мы дамаўляліся, што вы выдасце нам новую, больш дасканалую сістэму падаткаабкладання, мадэрнізуеце сённяшні Падатковы кодэкс там, дзе неабходна. Кропкава, наколькі гэта магчыма, паколькі ў нас адносна нядрэнны Падатковы кодэкс. Але нічога дасканалага не бывае і да дасканалага трэба пастаянна рухацца», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт і дадаў, што сістэму неабходна паляпшаць і ў пэўныя тэрміны падрэдагаваць адпаведны кодэкс.

Як прыклад, праведзеная праца па Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях.

«Добрая праведзена праца. Мабыць, пасля апошніх падзей у нейкія артыкулы будуць уносіцца змяненні. Магчыма, гэта жыццё. Так трэба прайціся па Падатковым кодэксе. Там, канечне, менш будзе ў нас працы. Паколькі змен будзе менш, але гэта трэба рабіць. Гэта першая праблема. Я хацеў бы, каб вы мне адказалі на гэта пытанне. Гэта для Прэзідэнта найважнейшая, ужо прэзідэнцкая праблема. Канечне, урад будзе над гэтым працаваць і іншыя структуры. Але я бяру на кантроль гэта пытанне», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Другое пытанне сустрэчы — лічбавізацыя падатковай сістэмы і кодэкса. Кіраўнік краіны дадаў, што гэта звязана з тым, што прэм’ер Расіі прапанаваў паглядзець на падатковую сістэму Расійскай Федэрацыі. «Яна падаецца ледзь не самай дасканалай. Вось хацелася, каб вы мне адказалі на гэта пытанне. Калі яны дзесьці прасунуліся далей, дапусцім, у адміністраванні падаткаў, нам не трэба баяцца задзейнічаць, што яны ўмеюць. Тым больш нам бясплатна гэта перадаюць — і праграмнае забеспячэнне, і іншае, каб спрасціць лічбавізацыю і падаткі зрабіць празрыстымі, каб вымальнасць была амаль 100 працэнтаў», — заявіў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што самі беларусы ўжо наблізіліся да гэтага і задаў пытанне: што ў гэтым кірунку мае быць зроблена, што зроблена сёння і ці неабходна ўвогуле гэтым займацца.
Падводкай да асноўнай тэмы размовы стала заўвага Прэзідэнта, што ён атрымаў паведамленне, дзе прапаноўвалася перанесці на іншыя з прэзідэнцкага ўзроўню рашэнне больш за 70 пытанняў. «Паколькі ў апошні час шмат кажуць пра пераразмеркаванне паўнамоцтваў, мабыць камусьці іх не хапае. У асноўным гэта правільна. Урад трэба дагружаць. Іншыя структуры і органы ўлады трэба дагружаць. Здымаць неўласцівыя Прэзідэнту пытанні. Нядаўна запіску я атрымаў — прапануецца 71 паўнамоцтва перанесці ад Прэзідэнта на ўсе ўзроўні ўлады», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падатковымі службамі за студзень-жнівень сабрана 17,7 мільярда рублёў. Планавае прызначэнне кансалідаванага бюджэту забяспечана на 96 працэнтаў. Недабор у 700 мільёнаў рублёў звязаны з эпідэміялагічнай абстаноўкай. «З аднаго боку яна выклікала пагаршэнне фінансавых паказчыкаў дзейнасці прадпрыемстваў. З іншага — урадам быў прыняты шэраг рашэнняў аб падтрымцы суб’ектаў і малога прадпрымальніцтва, і буйнога бізнесу. Ільвіная доля гэтых фактараў паўплывала на недапаступленне даходаў», — сказаў міністр Налівайка.

Прэзідэнт дадаў, будзе зусім нядрэнна, калі ўтрымаемся на такім узроўні недапаступленняў. «Таму трэба нам рабіць усё, каб крыху скараціць гэтыя недапаступленні. Але будзе няпроста, вы ж бачыце другая хваля накрыла ўвесь свет, а наша эканоміка экспартаарыентаваная. Мы ад іх залежым»,  — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Сяргея Налівайкі, размова не ішла пра радыкальныя змены ставак, аб’яднанне падаткаў. Але ён не выключае, што нейкія плацяжы ў працэсе будуць зменены ці адменены. Плануецца, што новы Падатковы кодэкс уступіць у дзеянне ў 2022 года.

«Прыкладна паўгода дадзена нам на выпрацоўку падыходаў да ўдасканалення падатковага заканадаўства, Падатковага кодэксу. Асноўнымі прынцыпамі будуць прастата заканадаўства ў разуменні, выкарыстанні і справядлівасць пры пытаннях падаткаабкладання. Мы пастараемся рэалізаваць гэтыя падыходы праз лічбавізацыю сістэмы, павышэнне электроннага ўзаемадзеяння падатковых службаў з суб’ектамі гаспадарання і грамадзянамі», — сказаў міністр па падатках і зборах.

Ён дадаў, што ад расійскага вопыту не будуць адмаўляцца, і раней нейкія навацыі «падглядалі» ў суседніх краін, КНР.

«Але сляпога капіравання або пераносу адназначна не будзе. Задача стаіць  менавіта прааналізаваць і выбудаваць сістэму так, каб яна была зручнай для нашай краіны, — падкрэсліў Сяргей Налівайка. — Гэта не набыццё інфармацыйнай платформы з Расійскай Федэрацыі. Больш за тое, сёння ўсе платформы Расійскай Федэрацыі распрацаваны і функцыянуюць у нашай краіне».

Сяргей Налівайка расказаў, што зараз ідзе абмеркаванне пралангацыі льгот, якія ўвялі з-за пандэміі. Абмяркоўваюць тэрміны прадаўжэння, віды дзейнасці, якія ім падлягаюць.
«Мы для сабе задачу ставім кампенсаваць страчаныя даходы, але калі будуць прыняты рашэнні працягнуць ільготныя стаўкі, то гэта будзе зрабіць вельмі цяжка», — рэзюмаваў міністр.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.