Вы тут

Беларускае малако паехала ў Кiтай


У адным цягнiку — тарыфы выгадныя, лагiстыка таннейшая, рызыка меншая

Шаснаццаты кантэйнерны цягнiк рушыў з транспартна-лагiстычнага цэнтра «Мiнск-Белмытсэрвiс-2» у Кiтайскую Народную Рэспублiку (КНР). Праз два тыднi 41 кантэйнер з дзвюма тысячамi кубiчных метраў прадукцыi, больш як тысяча з якiх — сухое малако айчыннай вытворчасцi, прыбудзе на станцыю Чысуму.


У межах беларуска-расiйскага супрацоўнiцтва i рэалiзацыi iнiцыятывы «Адзiн пояс — адзiн шлях» «Белмытсэрвiс» як найбуйнейшы лагiстычны аператар краiны аказвае поўнае лагiстычнае суправаджэнне ўсiх грузаў, у тым лiку ў экспартных i iмпартных зносiнах з Кiтаем. Сёлета прадпрыемства ўжо адправiла ў КНР 627 кантэйнераў. Палова з iх прыходзiцца на мiнскi фiлiял. Менавiта тут арганiзуецца кансалiдацыя таварных партый кантэйнерных цягнiкоў.

— Дастаўка тавараў цягнiкамi ў розныя краiны i рэгiёны, у тым лiку на рынкi ЕАЭС i далёкага замежжа, выгадная нашым пакупнiкам з iншых краiн. Развiццё адносiн памiж Беларуссю i КНР — адзін з прыярытэтных напрамкаў, які адбываецца на розных узроўнях i будзе развiвацца i надалей, — расказаў Аляксандр СКАЧКОЎСКI, дырэктар Мiнскага фiлiяла РУП «Белмытсэрвiс». — Дзякуючы недарагой лагiстыцы кiтайскi спажывец атрымлiвае гарантавана якасны прадукт па канкурэнтных цэнах.

Некалькi дзесяцiгоддзяў таму культура спажывання малака ў Кiтаi знаходзiлася на ўзроўнi ледзь не адмаўлення. Цяпер жа за дзевяць месяцаў магiлёўскае прадпрыемства «Бабулiна крынка» экспартавала ў Кiтай малочнай прадукцыi на 9 мiльёнаў 200 тысяч долараў, што ў шэсць разоў больш, чым летась, расказаў Аляксей ДРАНIЦА, начальнiк аддзела знешнеэканамiчнай дзейнасцi прадпрыемства «Бабулiна крынка», прадукцыя якога адправiлася ў саставе.

— Наш тавар запатрабаваны ў Кiтаi, падыходзiць iх рынку. Акрамя таго, там меншыя мытныя пошлiны. Тым больш што ў наш час адлегласць адыгрывае не такую вялiкую ролю, а адпраўка тавару цягнiкамi скарачае тэрмiн дастаўкi ў разы ў параўнаннi, напрыклад, з марскiм транспартам. Мы нават усур'ёз задумваемся над адкрыццём уласнага прадстаўнiцтва ў КНР. А з часам, магчыма, прывучым кiтайцаў ужываць i сыр.

Перавага перавозак кантэйнерамi вiдавочная. Сёння адзiн вытворца можа адгрузiць партыю тавару ў некалькi палет цi некалькi тон, другi можа даць значна большую колькасць. Аднак, каб атрымаць выгадныя тарыфы, каб кансалiдацыя была эфектыўнай для вытворцаў па кошце ўсiх спадарожных паслуг, неабходна аб'яднаць iх у адзiн транспартны сродак, напрыклад рухомы чыгуначны састаў, удакладнiў дырэктар мiнскага фiлiяла:

— На тэрмiнале прадукцыя загружаецца ў кантэйнер, часам лiтаральна за 20-30 хвiлiн. А на ювелiрную работу па ўстаноўцы кантэйнераў на чыгуначную платформу аператару пагрузчыка рыч-тракера даюцца лiчаныя хвiлiны. Кожная гадзiна — лiшнiя затраты, якiя не патрэбны нi кiтайскаму спажыўцу, нi беларускаму вытворцу.

Iрына СIДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.