Вы тут

Жыллё ў сталiцы працягвае таннець. Гэтая тэндэнцыя назiраецца ўжо i ў рэгiёнах


Наперадзе нас чакаюць рэкорды —  па знiжэннi цаны

Пачнём свой аналiз з ужо «немаладых» кватэр. Паводле iнфармацыi аналiтыка рынку нерухомасцi Арцёма Сахарэвiча, iндэкс цэн другаснага рынку жылля за апошнi тыдзень знiзiўся на 0,4 % i склаў 1380 долараў за квадратны метр. Бягучае значэнне з'яўляецца самым нiзкiм паказчыкам за апошнiя 48 тыдняў.

Новабудоўлi таксама патаннелi — за тыдзень «квадрат» скiнуў у кошце 0,3 %. У вынiку квадратны метр на першасным рынку сёння каштуе 1316 долараў, а разрыў памiж сярэднiм узроўнем цэн першаснага i другаснага рынкаў склаў 64 долары.

Цэны ж на другасным рынку Мiнска знiжаюцца ўжо пяты тыдзень запар, у першую чаргу дзякуючы новым прадаўцам, якiя выходзяць на рынак з цэнамi на 5— 7 % нiжэйшымi за сярэднiя. Што датычыцца знiжак на тыя кватэры, якiя доўга не прадаюцца, то ў апошнi месяц яны складалi ў сярэднiм 3 %. У той жа час долар у дачыненнi да беларускага рубля з пачатку гэтага года падаражэў прыкладна на паўрубля.

Сёлетняе патанненне пачалося з дваццатых чыслаў сакавiка i працягваецца з рознай хуткасцю i iнтэнсiўнасцю. За гэты час кошт «квадрата» аднапакаёвай кватэры знізіўся на 138 долараў, а двухпакаёвай —  на 108 долараў. За паўгода сярэдняя двухпакаёвая кватэра стала каштаваць танней на 5,5 тысячы долараў. У вынiку тыя, хто не спяшаўся купляць жыллё ў пандэмiю выключна за назапашаныя грошы, зараз радасна пацiраюць рукi.

Другi рэкордны паказчык на рынку — па змене аб'ёму прапановы. Шосты тыдзень запар расце прапанова кватэр. За апошнiя сем дзён выстаўленых на продаж аб'ектаў стала яшчэ больш — на 1,5 %. Агульная колькасць выстаўленых на продаж у сталiцы аб'ектаў наблiжаецца да 8900.

Варта адзначыць, што цэны на двухпакаёвыя i трохпакаёвыя кватэры апусцiлiся нязначна, у той час як аднапакаёвыя патаннелi за тыдзень на 0,5 %, а чатырохпакаёвыя кватэры —  на 1,3 %. Сярод раёнаў горада рост цэн на кватэры быў зафiксаваны толькi ў Ленiнскiм раёне (плюс 0,5 %). Сярод астатнiх максiмальныя тэмпы знiжэння назiралiся ў Партызанскiм i Савецкiм раёнах. За апошнi месяц больш за ўсё кватэры патаннелi ў Кастрычнiцкiм раёне (мiнус 3,6 %).

Слабенькае, але па 35 тысяч

Прароцтвы экспертаў працягваюць спраўджвацца. Разам з патанненнем айчыннай валюты досыць актыўна ў сталiцы таннее нелiквiднае жыллё. Маленькая аднапакаёвая кватэра не ў самым лепшым мiкрараёне за 35 тысяч «зялёных» ужо нiкога не здзiўляе, хоць яшчэ месяц таму такiя варыянты былi вялiкай рэдкасцю. Сёння 90—91 тысяча рублёў —  гэта цана кватэры ў старым жылым фондзе (у «хрушчоўцы» альбо «брэжнеўцы») з простым адстройваннем або пад рамонт. Але за такую цану трапляюцца i кватэры ў добрым стане.

Напрыклад, роўна за 35 тысяч долараў прадаецца аднапакаёвая кватэра ў маласямейцы на вулiцы Ротмiстрава, цалкам гатовая да пражывання. Рамонт тут акуратны, ёсць мэбля, шклопакеты, добрыя мiжпакаёвыя i ўваходныя дзверы. Агульная плошча кватэры — 33,6 квадратнага метра.

За такую цану прадаюцца акуратныя кватэры ў пяцiпавярховых дамах з капiтальным рамонтам i без. Такое жыллё прапануецца ў старым сектары на вулiцы Казiнца плошчай 33 «квадраты», у старэнькiм двухпавярховым доме на вулiцы Смiрнова плошчай 32 квадратныя метры, або ўтульная мiнi-кватэра на першым паверсе цаглянай пяцiпавярхоўкi ва Уральскiм завулку з агульнай плошчай 30 квадратных метраў.

У забудоўшчыкаў «звязаныя» рукi

Наступствы пандэмii i адсутнасць крэдытавання прывялi да сур'ёзнага падзення попыту i на новабудоўлi ў сталiцы. Забудоўшчыкам даводзiцца працаваць у новых умовах. Але гэта не самае страшнае. Многiя з iх ужо праходзiлi не адзiн крызiс i паспяхова выходзiлi з яго. Зараз галоўнай прычынай сыходу заказчыкаў з бiзнесу з'яўляецца тое, што горад нiчога iм не прапаноўвае. Раней купiць участак можна было на таргах, але ў гэтым годзе нiводнага аўкцыёну яшчэ не было.

Падобна на тое, што ўдзельнiкi рынку ўсё яшчэ не вызначылiся, па якiх правiлах будзе жыць будаўнiчая галiна ў найблiжэйшы год. А большасць тэндэнцый, што зарадзiлiся ва ўлоннi крызiсных наступстваў, хутчэй, носяць часовы характар. Iх асноўная функцыя заключаецца ў стрымлiваннi, а не ў развiццi новых рэалiй. Менавiта такое меркаванне ў кiраўнiка —  партнёра групы кампанii ViVa Invest Юрыя Жаркова.

Ён таксама лiчыць, што грошай у краiне менш не стала, аднак iх паменшала ў банках «дзякуючы» негатыўнаму iнфармацыйнаму полю. Не толькi банкi прыпынiлi крэдытаванне, але i спажыўцы, зняўшы частку дэпазiтаў, занялi чакальную пазiцыю.

Юрый Жаркоў адзначае, што найбольш моцны ўдар у сувязi з прыпыненнем крэдытавання прыняў на сябе другасны рынак, дзе адбылося павелiчэнне тэрмiнаў продажу аб'ектаў i скарачэнне колькасцi здзелак.

На першасным рынку, на яго думку, прадаўцы маюць у распараджэннi некаторы запас фiнансавай трываласцi i ўласныя iнструменты падтрымкi попыту ў выглядзе растэрмiноўкi.

«Складана сабе ўявiць, што крэдытаванне не адновiцца. Але калi крэдытны «голад» зацягнецца, то ён укiне будаўнiчую галiну ў структурны крызiс, а ў сярэднетэрмiновай перспектыве дысбалансы праявяць сябе ў многiх iншых сферах эканомiкi. Безумоўна, гэта будзе суправаджацца знiжэннем попыту, цэн i рэальных даходаў насельнiцтва», —  дапаўняе спецыялiст.

Павольна, але дакладна

Калi ацэньваць змены цэн у рэгiёнах на працягу тыдня-двух, тэндэнцыя не будзе выразнай. У кожным абласным цэнтры, цi проста буйным горадзе, сiтуацыя развiваецца iндывiдуальна.

Напрыклад, у Брэсце за апошнi тыдзень кватэры патаннелi ў сярэднiм на 0,8 % i квадратны метр там прадаецца за 811 долараў. «Квадрат» жылля ў Вiцебску апусцiўся на 0,2 %, цяпер яго прапануюць за 634 долара. Метр жылля ў Гродне страцiў 0,1 % (720 долараў), Магiлёў «застыў» на лiчбе ў 655 долараў за квадратны метр. А вось Гомель нават дадаў да кошту метра 0,2 % (626 долараў).

У буйных гарадах Мiнскай вобласцi сярэднi ўзровень цэн на кватэры вызначыўся на такiх адзнаках, якiя нават злёгку вышэйшыя, чым у абласных цэнтрах. Сярод iх самы дарагi горад Салiгорск —  патаннеў у сярэднiм на 0,4 % (861 долар за квадратны метр), такая ж тэндэнцыя i ў Жодзiна —  716 долараў (мiнус 1 %) за «квадрат».

Больш шчыльна мы занялiся сiтуацыяй змены цэн у Гродне. Там у жнiўнi колькасць здзелак у параўнаннi з лiпенем паменшылася на трацiну, а сярэдняя цана «квадрата» знiзiлася на 2,7 %. Спецыялiсты мясцовага агенцтва нерухомасцi адзначаюць, што, нягледзячы на складаную абстаноўку, здзелкi былi i ў вераснi. Але iх агульная колькасць у параўнаннi са жнiўнем упала прыкладна на 10—15 %. Трохi ўнiз iдзе i цана.

—  Вядома, здзелкi ў вераснi былi, яны заўсёды будуць. Сем'ям трэба пашырацца, у iх нараджаюцца дзецi. Хтосьцi папрацаваў за мяжой, назапасiў грошай i цяпер паляпшае свае жыллёвыя ўмовы, — дапаўняе дырэктар агенцтва. — Думаю, што па вынiках верасня ў Гродне будзе як мiнiмум 100 здзелак пры сярэдняй колькасцi 130—140 у месяц. Сiтуацыя, якая склалася ў краiне пасля 10 жнiўня, напалохала людзей значна больш, чым пандэмiя. Многiя перанеслi рашэнне свайго жыллёвага пытання i чакаюць сур'ёзнага падзення цэн.

У цяперашнi час самую танную аднапакаёвую «хрушчоўку» ў Гродне ў раёне вулiц Паповiча, Наватараў, Пушкiна можна купiць за 18—19 тысяч долараў. Самыя папулярныя ў горадзе — двухпакаёвыя кватэры тыпавых спажывецкiх якасцяў у дамах 80—90-х гадоў мiнулага стагоддзя. Яны традыцыйна займаюць 40 % рынку. Цяпер такiя жылыя памяшканнi можна набыць за сумы ад 30 тысяч долараў.

Што датычыцца «трохпакаёвак», то цэны на iх супастаўныя з коштам двухпакаёвых кватэр. Самыя папулярныя трохпакаёвыя кватэры без рамонту ў старых дамах можна купiць ад 38 тысяч долараў.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Ва ўмовах мiнiмальнага попыту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».