Вы тут

У Рэчыцы адмянілі ўшчыльненне двара ў самым цэнтры горада


Уладальнікі кватэр аднаго з жылых дамоў у самым цэнтры Рэчыцы яшчэ мінулай восенню забілі трывогу. Людзей непакоіла запланаванае ўзвядзенне маштабнай прыбудовы да іх дома. Даведаліся: такім чынам мелі на мэце рэканструяваць краму, якая знаходзіцца на першым паверсе таго ж двухпавярховіка. Новае памяшканне магло заняць большую частку двара, месца для праходу ў пад'езд, паркоўку, а таксама пазбавіць зялёнай зоны пад вокнамі. Людзей абурала і тое, што прадпрымальнік, які запланаваў будаўніцтва, не ўзгадняў з уладальнікамі кватэр такія кардынальныя перамены.


Сёлета вясной у рэдакцыю газеты «Звязда» ліст з просьбай дапамагчы разабрацца ў сітуацыі даслала рэчычанка, маці чатырох дзяцей Алена Ляшчова. Яна растлумачыла, што некалькі гадоў таму з боку кватэры на першым паверсе ўшчыльную да іх двухпавярховіка ўжо ўзнікла першая прыбудова. Яе дах выходзіць якраз пад акно кухні Алены Яўгеньеўны.

Прыбудову зрабіў прадпрымальнік, які спачатку выкупіў кватэру на першым паверсе і вывеў яе з жылфонду. Потым узяў дазвол у райвыканкаме, каб да сцяны былой жылплошчы прыбудаваць, так бы мовіць, «флігель». Усё так і атрымалася, толькі ў дадатак да невялікага памяшкання прыбудавалі двухпавярховы гандлёвы цэнтр. І вось зноў гандлёвыя плошчы вырашылі пашыраць, у адчаі пісала ў лісце Алена Ляшчова.

Між тым, высветлілася, што жыхары дома адразу пасля таго, як даведаліся пра будучую забудову, склалі калектыўны зварот у райвыканкам з просьбай засяродзіць увагу на тым, што ўмовы пражывання і карыстання дваровай тэрыторыяй будуць пагоршаны. «У адным з адказаў нам пісалі, што пасля рэканструкцыі нашага дома побач з'явіцца сацыяльны аб'ект, — узрушана пераказвалі змест перапіскі з уладамі суседкі і працягвалі абараняць сваю пазіцыю. — У горадзе дастаткова месцаў, дзе можна пабудаваць краму ці нават гандлёвы цэнтр. Калі ласка, развівайце прадпрымальніцтва. Чаму гэта трэба рабіць у жылым доме? Каб наогул пазбавіць людзей хоць малюсенькага, але свайго спакойнага двара?!»

Дарэчы, рэканструкцыя двухпавярховіка, дзе пражывае не так шмат людзей, закранула інтарэсы жыхароў яшчэ двух шматпавярховых дамоў. Людзі казалі, што ў 2015 годзе ўжо дабіваліся адмены будаўніцтва гандлёвага пункта побач з тым жа двухпавярховікам:

— Там, дзе паставілі першую двухпавярховую краму, быў кляновы сквер, а за нашым домам, насупраць гэтага маленькага старога двухпавярховіка, — яблыневы сад. Калі пяць гадоў таму наш двор аблюбавалі для забудоў пад гандлёвыя пункты, мы ад нашага дома сабралі 90 подпісаў супраць будаўніцтва, ад суседняга дома — 70. Звярталіся ў райвыканкам, аблвыканкам, нават пісалі ў Мінск. Адтуль зварот накіравалі ў Гомель, і мы атрымалі адказ, што крама тут вельмі патрэбна гараджанам. Што было рабіць? Цяпер новая навала.

Калі іх двор перанясе яшчэ адну будоўлю, то пляцоўка пад разварот машын прасунецца далей уздоўж іх дома, — турбаваліся месцічы:

— Мы не можам нават уявіць, куды ў наш двор яшчэ можна ўпіхнуць тую «квадратуру», што прадпрымальнік зацвердзіў у сваім праекце, — абураліся суседкі. — Калі будавалі гэтую першую двухпавярховую краму пяць гадоў таму, нам казалі, што ў двары будзе разваротная пляцоўка для аўтамабіляў. Але ў нас тут выйшла кругласутачная паркоўка. Мы не адчыняем вокны нават летам у спякоту, бо прывозяць тавар, разгружаюць, потым паркуюцца наведвальнікі.

Сам прадпрымальнік тлумачыў, што не ведаў аб негатыўным стаўленні жыхароў да запланаванай забудовы ў двары. У Рэчыцкім райвыканкаме рашэнне аб перспектыўным будаўніцтве ў двары на цэнтральнай вуліцы абгрунтоўвалі тым, што тэрыторыя ў цэнтры горада — вельмі прывабнае месца для развіцця гандлю. Больш за тое, дзве крамы, узведзеныя побач з домам, — двухпавярховая з абуткам і маленькая з бытавой хіміяй — карыстаюцца вялікім попытам у гараджан, і гэта бясспрэчны факт.

— Што датычыцца новай прыбудовы ў дваровай частцы, то пасля грамадскага абмеркавання гэтае пытанне застаецца на кантролі горадабудаўнічага савета. Яго роля — улічыць усе заўвагі і прапановы, вызначыць найлепшае рашэнне, каб усім было зручна. У канчатковым варыянце будуць захаваны ўсе ўмовы для стварэння камфортнага асяроддзя, якія, дарэчы, прапрацоўваюцца праектным інстытутам, — пракаментавалі сітуацыю ў райвыканкаме.

Актыўнае грамадскае абмеркаванне новабудоўлі і звароты мясцовых жыхароў у Гомельскі аблвыканкам з просьбай яшчэ раз узважыць усе «за» і «супраць» далі свой вынік. Кіраўніцтва вобласці адмяніла папярэдняе рашэнне райвыканкама: рэканструкцыя дома і забудова дваровай тэрыторыі праводзіцца не будзе.

Рэчычанка, шматдзетная маці Алена Ляшчова, якая дасылала зварот у рэдакцыю «Звязды», склала ліст з падзякай усім, хто дапамагаў вызначыць лёс іх дома. Жанчына адзначыла, што ўсе месцічы шчыра ўдзячныя губернатару за прынятае ім рашэнне.

Вядома, што ў сем'ях жыхароў дамоў, якія актыўна змагаліся за захаванне некранутай дваровай тэрыторыі, шмат дзяцей, унукаў. Усе рады, што ўсё ж такі для малых засталося месца, каб катацца на роварах, гуляць у пяску. А сталым жыхарам цяпер нішто больш не перашкаджае працягваць азеляняць прастору вакол дома.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ушчыльненне адмяняецца

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.