Вы тут

Наколькі складана працаваць сельскім старастам?


«Сельскі стараста» — так сабе кар'ера. Ніякіх наменклатурных ільгот, адны абавязкі. Для аднавяскоўцаў стараста вёскі — гэта і камунальная, і сацыяльная служба, і псіхалагічная падтрымка «ў адным флаконе».


Настаўніца беларускай і рускай мовы і літаратуры на пенсіі, Ганна Паўлаўна Карыба доўга адмаўлялася ад «грамадскай нагрузкі». Але — угаварылі. І вось ужо амаль пяць гадоў яна стараста аграгарадка Вольна, што ў Баранавіцкім раёне.

— Хто такі сельскі стараста? — разважае Ганна Паўлаўна. — Гэта чалавек, які не лянуецца ўзваліць на сябе ўсе грамадскія справы.

Сельскі стараста — напэўна, самая дэмакратычная ўлада з усіх магчымых. Гэта выбарная пасада, прычым выбіраюць старасту адкрытым галасаваннем. Кандыдатаў у старасты вылучаюць на сходзе грамадзян, у якім удзельнічае больш за палову жыхароў населенага пункта. Колькасць прэтэндэнтаў на пасаду старасты неабмежаваная, дапускаецца самавылучэнне. Калі кандыдат адзін, за яго павінны прагаласаваць больш за 50 % удзельнікаў сходу. Ганну Паўлаўну выбралі абсалютнай большасцю галасоў аднавяскоўцаў.

— Я ўсё жыццё працавала ў нашай школе, была рэпетытарам ва ўсіх дзяцей нашага аграгарадка, якія паступілі ў ВНУ, усіх рыхтавала да ўступных экзаменаў. Таму людзі мне ўдзячныя і давяраюць.

— Нярэдка ў сельскай школе і рускую, і беларускую мовы выкладае адзін настаўнік. Прыйду ў адзін клас — кажу: «Трэба вывучаць родную мову, бо мы ж беларусы». Прыйду ў іншы: «Дзеці, вывучайце рускую мову, яна інтэрнацыянальная. А  то ж як вы будзеце размаўляць з расіянамі, з украінцамі», — усміхаецца Ганна Паўлаўна.

Тэрмін паўнамоцтваў вясковага старасты — пяць гадоў, потым яго пераабіраюць ці не пераабіраюць. Усе дасягненні або недапрацоўкі старасты — як на далоні. Вёска, сяло, аграгарадок — гэта па азначэнні маленькі населены пункт. Напрыклад, у аграгарадку Вольна, за які ў адказе Ганна Паўлаўна, пражывае каля 600 чалавек.

Словазлучэнне «сельскі стараста» гучыць, як нешта старадаўняе: нібыта з Някрасава і Талстога. Уласна, так і ёсць — правы і абавязкі гэтай службовай асобы былі замацаваны яшчэ ў «Палажэнні аб сялянах, што выйшлі з прыгоннай залежнасці» ад 19 лютага 1861 года. У тыя часы сельскім старастам выдавалі спецыяльны нагрудны знак са светлай бронзы: на адным баку герб губерні, дзе размяшчалася паселішча, на другім — імператарскі вензель. Знак або мацаваўся да грудзей зашпількай, або надзяваўся на шыю, як медаль. Але атрымаць гэты «медаль» у пазамінулым стагоддзі (як і ў нашы дні) хацелі нямногія. Сёння сельскія старасты атрымліваюць пасведчанне — «медаля» ім не даюць.

Старасты ведаюць праблемы сваёй вёскі глыбей, чым іншыя органы ўлады.

— Чым займаецца стараста вёскі? — усміхаецца субяседніца. — У асноўным —добраўпарадкаваннем. Падтрымліваем у парадку прыдамавыя тэрыторыі, добраўпарадкоўваем могілкі.

Нядаўна, расказвае Ганна Паўлаўна, высеклі хмызы, што разрасліся ўздоўж галоўнай вуліцы Вольна. А гэта — цяжкая праца. Але людзі адгукнуліся, кажа стараста. І сама яна, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост «за семдзесят», у любых пачынаннях — на пярэднім краі.

— Ох, колькі мы галля перанеслі, калі дарогу расчышчалі! — успамінае яна. Гаворыць, напрацавалася, спіна балела, затое цяпер прыемна паглядзець — прыгожа, уладкавана.

Стараста ў вёсцы — як гаспадар у доме. Важна клапаціцца аб тым, каб было чыста, утульна, своечасова папраўляць непаладкі. З іншага боку — нельга забываць аб псіхалагічным клімаце ў сям'і. А аднавяскоўцаў мая суразмоўніца ўспрымае менавіта як сваю сям'ю — без перабольшання.

— Як звярнуцца да старасты? Ды проста праз вусную просьбу. Напрыклад, цяпер у пажылых у асноўным галоўная просьба — дапамагчы выкапаць бульбачку. Вось і дапамагаю. І з трактарам дамаўляюся, і сама капаю. Свая бульба стаіць, а я ўсё людзям дапамагаю, — смяецца Ганна Паўлаўна. — Яшчэ просяць брыкет дапамагчы прывезці. А часам — проста хочуць са мной пагутарыць. Адзінокім пажылым людзям бывае сумна без зносін, без добрага слова. Нядаўна патэлефанавала бабуля адна ў сельсавет. Кажа, хачу пагаварыць са старастам нашым. Там пацікавіліся: нейкая скарга? Не, кажа, проста ніяк не магу заспець яе дома, даўно не бачыла, пагутарыць хачу.

Ганну Паўлаўну сапраўды застаць дома цяжка. «Думала, выйду на пенсію — адпачну. Але не атрымліваецца», — разводзіць рукамі яна.

— Раблю падворны абыход: гаспадарчыя кнігі ўдакладняю, колькасць кароў удакладняю — складаю справаздачу для гаспадаркі па прышчэпках скаціне, па кармах (гаспадарка забяспечвае кармамі асабістыя падворкі сваіх работнікаў). Таксама ў мае абавязкі ўваходзіць давядзенне да грамадзян рашэнняў сельсавета. Збіраю агульныя сходы жыхароў, — пералічвае Ганна Паўлаўна. — Вось на заўтра збіраю людзей: спецыялісты банка будуць праводзіць інфармацыйны дзень, расказваць пра махлярствы праз банкаўскія карткі і пра тое, як не трапіцца на вуду ашуканцаў. Моладзь у інтэрнэце пачытае, у яе ёсць доступ да інфармацыі, а пажылым людзям пра такое ведаць карысна. Зноў жа — зносіны: для старых яны вельмі важныя. Значыць, трэба людзям патэлефанаваць. Але цяпер усе бульбу капаюць, часам і не дазвонішся, тым больш, не ва ўсіх пажылых ёсць мабільныя тэлефоны. А я ў ашчадную касу забегла, збегала ў краму, папрасіла тых, хто там працуе, усім наведвальнікам паведамляць аб інфармацыйным дні. Збяром людзей, каму цікава, канешне.

А яшчэ Ганна Паўлаўна спявае ў царкоўным хоры, а таксама на сцэне мясцовага Дома культуры падчас канцэртаў.

— «Зоркі» да нас ужо гадоў пятнаццаць як не прыязджалі. Вось і ладзім канцэрты для сябе самі. Да нас з іншых Дамоў культуры прыязджаюць самадзейныя артысты, і нашы калектывы ездзяць у іншыя вёскі выступаць.

Яшчэ адна «грамадская нагрузка» — экскурсіі ў старадаўняй Вольнаўскай царкве, якія Ганна Паўлаўна праводзіць для турыстаў. Дарэчы, у гэтым храме яна па сумяшчальніцтве яшчэ і казначэй.

— Старасць мяне дома не застане, — кажа Ганна Паўлаўна.

Дзіўна, але гэтая маленькая жанчына — рэальная сіла, здольная мяняць да лепшага жыццё людзей.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?