Вы тут

Больш за 200 чалавек на Брэстчыне пакінулі ілжывыя паведамленні пра небяспеку


Што рабiць надвячоркам не асаблiва абцяжаранаму работай ды хатнiмi клопатамi сярэдняга ўзросту грамадзянiну, калi ён добра выпiў, i душа жадае стасункаў? Напрыклад, пайсцi да жонкi, нават калi яна мае статус былой, i паспрабаваць пагаварыць за жыццё. Але ў нашым выпадку кабета не ацанiла душэўны парыў чужога ёй цяпер чалавека i на цалкам законных падставах проста не пусцiла яго на парог уласнай кватэры.


Пазванiў — i назiрай

Тады 54-гадовы брастаўчанiн вырашае адпомсцiць ёй. Нiчога асаблiва арыгiнальнага ў галаву не прыходзiла, але хацелася дапячы былую палавiну, ды самому пры гэтым не толькi не пацярпець, нават асаблiва не засвяцiцца. Вось i набраў нумар «102» ды загадкава-дрыжачым голасам паведамiў, што ў шматкватэрным доме рыхтуецца выбух. Няцяжка здагадацца, што нумар дома, указанага тэлефонным ананiмам, супадаў з адрасам пражывання былой яго жонкi. Сам жа нецвярозы гора-мiнёр пазiраў з-за вугла, пацiраў рукi i радаваўся, што яго былая зараз пахвалюецца, пабегае вакол хаты. А яшчэ ўявiў, як яна будзе мiтусiцца, хапаць дакументы i нейкiя рэчы, званiць сваякам. Пра тое, што ён паставiў «на вушы» ўвесь дом з малымi дзецьмi, нямоглымi старымi, iнфарктнiкам, толькi выпiсаным з бальнiцы, якому патрэбны абсалютны спакой, маладажонамi, якiя схавалiся ад чужых вачэй i радуюцца адно аднаму, вядома, не думаў. Не ўспамiнаў, што прыцягнуў да дарэмнай работы адпаведныя службы, трывожны выезд якiх вылiваецца ў канкрэтную капейку падаткаплацельшчыка. Ну i зусiм не ўяўляў, вiдаць, што вельмi хутка будзе вылiчаны i прыцягнуты да адказнасцi...

Прыкладна ў гэты ж час у Баранавiчах мужчына «замiнiраваў» завод, таму што, цi бачыце, не хацелася яму зранку iсцi на работу. Названыя прыклады ўзяты з леташнiх крымiнальных зводак. А зусiм нядаўна, у вераснi, у Брэсце мужчына патрабаваў пералiчыць яму некалькi дзясяткаў тысяч долараў. У iншым выпадку пагражаў узарваць будынак кампанii. Як бачым, тэлефонных «мiнёраў» хапае. З пачатку гэтага года ў Брэсцкай вобласцi за несапраўдныя паведамленнi аб небяспецы да адмiнiстрацыйнай адказнасцi прыцягнутыя 215 чалавек, да крымiнальнай — трое. Лiчбы паведамiў начальнiк упраўлення судова-псiхiятрычный экспертызы — дзяржаўны медыцынскi судовы
эксперт-псiхiятр упраўлення Дзяржаўнага камiтэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласцi Андрэй ВАЛКАВЫЦКI.

Непрызнаны генiй i супергерой

Андрэй Рыгоравiч расказаў аб тым, што часцей за ўсё падштурхоўвае людзей да такiх грамадска шкодных учынкаў i якiя тыпы тэлефонных тэрарыстаў сустракаў у сваёй экспертнай практыцы. Найбольш распаўсюджаная катэгорыя такiх парушальнiкаў, так званыя бытавыя тэрарысты. Да iх можна аднесцi нашага героя, што помсцiў былой жонцы i нехлямяжага баранавiцкага завадчанiна. Псiхiятры адзначаюць эгаiзм такiх асоб i пэўны iнфантылiзм. Яны не валодаюць здольнасцю ўяўлення, не могуць мадэляваць сiтуацыi i прагназаваць вынiкi, таму не ацэньваюць адэкватна наступствы сваiх дзеянняў. Як ужо гаварылася, п'янаваты мужчына мог уяўляць толькi разгубленасць былой жонкi. Што нарабiў яшчэ сваiм учынкам, уявiць не хапала розуму. Затое потым, калi затрымаюць, усё звальваць на гарэлку ў iх розуму звычайна хапае.

Часта ў падмурку гэтага бытавога тэрарызму ляжаць комплексы, фобii, набытыя ў дзiцячым цi падлеткавым узросце, а таксама жаданне заявiць аб сабе, даказаць усяму свету ўласную значнасць. Для пэўнай катэгорыi грамадзян тэлефонны тэрарызм з'яўляецца своеасаблiвай помстай грамадству, якое аказалася няздольнае ацанiць «непрызнанага» генiя. А вось калi пра яго скажуць у навiнах, раскажуць у iнтэрнэце, чалавек адчуе асалоду, атрымае кампенсацыю за мiзэрнасць свайго папярэдняга жыцця. I вельмi часта ў падобных забаўлянках адзначаюцца не дзецi цi падлеткi ў перыяд гарманальнага ўсплёску, а мужчыны пасля 30 гадоў. Iншы вып'е шклянку, задумаецца пра жыццё, якое нiбыта праплывае побач без яркiх падзей, без подзвiгаў i славы, чамусьцi крыўда агорне, i бярэцца ён не, не за камень, каб шпурнуць у прыгожую вiтрыну, а за тэлефон. Псiхолагi ж адзначаюць падабенства такiх грамадзян з энергетычнымi вампiрамi. Паведамленнямi пра мiнiраванне яны сеюць панiку, страх, ну, прынамсi, iм так здаецца. Яны ж у гэты час адчуваюць сябе супергероямi. Праўда, у мiлiцыi цi ў судах потым тлумачаць, што хацелi проста пажартаваць. Нiчога ж страшнага не здарылася. Сярод падобных сустракаюцца нават рэцыдывiсты. Напрыклад, у лiпенi гэтага года 34-гадовы жыхар Баранавiцкага раёна паведамiў аб замiнiраваным вакзале. Яго асоба хутка была ўстаноўлена, ён аказаўся моцна п'яны. Высветлiлася, што некалькi гадоў таму грамадзянiн ужо быў пакараны за падобнае хулiганства. Але ж нiчога больш разумнага чалавек прыдумаць не можа, каб заявiць пра сябе. Падобныя званкi становяцца верхам яго iнтэлектуальных высiлкаў.

Каварны канкурэнт, п'яная дама i нехлямяжы падлетак

Яшчэ адну групу асоб такога тыпу эксперты называюць эканамiчнымi дыверсантамi. Паведамленнямi пра закладзеную бомбу асобныя людзi нейтралiзуюць канкурэнтаў цi проста робяць дробныя прыкрасцi тым, каму зайздросцяць. Напрыклад, пазванiў чалавек на тэлефон экстранных службаў i паведамiў, што рэстаран цi магазiн хутка ўзарвуцца. Далей алгарытм дзеянняў вядомы. Пакуль людзей эвакуiруюць, пакуль правераць памяшканнi, пройдзе час. А гэта прамыя страты для гаспадароў установы гандлю цi грамадскага харчавання.

I яшчэ, што адзначаюць псiхiятры, актывiзацыя падобнай «дыверсiйнай» дзейнасцi адбываецца з наступленнем восенi альбо вясны. Так, нярэдка ў супрацьзаконных дзеяннях заўважаныя людзi, якiя пакутуюць на псiхiчныя хваробы. Аднак тых, хто разумее, што робiць, нашмат болей, падкрэслiвае Андрэй Валкавыцкi. Дарэчы, жанчын у кагорце фэйкавых мiнёраў зусiм мала. Яны, вiдаць, менш пакутуюць на комплексы нерэалiзаванай асобы з прычыны таго, што ў iх iншых спраў хапае. Яны заняты хатнiмi клопатамi, менш п'юць i больш пралiчваюць наступствы ўласных учынкаў. Гэтым летам у Брэсце, праўда, засвяцiлася адна гараджанка ў такой непрыгожай справе. 64-гадовая дама пазванiла дыспетчару МНС з паведамленнем пра замiнiраваны магазiн. Вядома, былi сапёры са службовым сабакам, была эвакуацыя супермаркета, але ўзрыўчаткi не знайшлi. Праўда, знайшлi даму, яна была на добрым падпiтку.

Варта адзначыць яшчэ адну значную катэгорыю падобных парушальнiкаў — падлеткi. У iх на першы план нярэдка выходзiць iмкненне самасцвердзiцца. У некаторых такiм чынам праяўляюцца хулiганскiя схiльнасцi характару. Калi не прыняць меры своечасова, з такога вырасце патэнцыяльны парушальнiк. Бывае, што дзецi робяць гэта, паспрачаўшыся з таварышам, маўляў, магу пазванiць i ўчынiць вэрхал у школе. Потым яны звычайна апраўдваюцца, расказваюць, што хацелi пажартаваць. Але адна справа, калi чатырохгадовы малы з Пружанскага раёна пазванiў па «101» i сказаў, што ў хаце гарыць, а дома нiкога няма. Ратаваць яго тады памчалi тры падраздзяленнi МНС. Хлопчык потым сказаў, што так хацеў пажартаваць, бо ў садок прыходзiлi дзядзькі i казалi, якi нумар трэба набiраць пры пажары. Той малы сапраўды не ведаў, што нельга жартаваць з экстраннымi службамi, i яму паверыш, але не 15-гадоваму, якi набiрае адпаведны нумар. Таму вельмi важна i бацькам, i настаўнiкам расказваць падлеткам аб амаральнасцi такiх дзеянняў i нагадваць пра адказнасць. Як правiла, усе мiнёры пазней прыцягваюцца да адказнасцi.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».