Вы тут

Гісторыя адной сямейнай здрады


...Мы павiнны былi размiнуцца, адна адну не пазнаць, бо, па-першае, даўно не бачылiся (а гады, як вядома, гады), бо, па-другое, у абедзвюх — спёка, каранавiрус — паўтвару пад акулярамi, паўтвару пад маскамi, бо, па-трэцяе, народу на сталiчных вулiцах шмат...

Але ж нешта спынiла. Мы павiталiся, абмянялiся камплiментамi, пагаварылi пра жыццё-быццё, пра бацькоў-дзяцей i братоў-сясцёр, у якiх, як быццам, «усё пуцём». Хiба... «Вера па вясне ледзь мужа не страцiла», — сказала пра сястру прыяцелька. «Што, каранавiрус?» — здагадалiся мы. — «Горай!»

Ёсць, як высвятляецца, зараза страшнейшая, хоць бы таму, што…


Усё пачыналася банальна: Юля (тут i далей iмёны зменены), маладая, досыць прыгожая дзеўка, закахалася, як быццам, у Алега Пятровiча, бацьку дваiх дзяцей, жанатага, сталага мужчыну, дырэктара невялiкай прыватнай фiрмы. «Значыць, не ўсё яшчэ страчана?!» — падумаў той, цешачы сваё самалюбства.

У Юлi яно, вiдаць, таксама было, а таму, як магла, дабiвалася ўзаемнасцi. Для гэтага то прыбiралася i круцiлася побач, то абрывала тэлефон, то прызначала спатканнi... Нават кватэру спецыяльна зняла, дзе, маўляў, нiхто нiчога не ўбачыць...

Усё гэта (волас сiвее — галава шалее), вядома ж, iнтрыгавала, вяртала мужчыну ў далёкую маладосць, i ён урэшце здаўся — вырашыў схадзiць (ну чаму б i не, калi «ўсе так» — i ў жыццi, i ў кiно) — глынуць адрэналiну.

Ён паспрабаваў — i раз, i другi, i пяты...

Праўда, чым далей, тым з меншай ахвотай, бо рамантыка неяк непрыкметна знiкла (на змену ёй прыйшлi... абавязкi), бо не хапала часу (работа, сям'я, iншыя захапленнi), бо не падабалася хлусня i крыўдзiла меркантыльнасць: толькi спачатку, як выглядала, яго каханка рада была яму самому (з кветкамi, цукеркамi, бутэлькай вiна...). З часам усё смялей i смялей яна прасiла аплацiць не толькi кватэру (што, як быццам бы, само сабой...), але i новую канапу, смартфон (жонка з дачкой такiх не мелi), пуцёўку ў дом адпачынку...

Колькi разоў ён жартам нагадваў, што на гэта «не падпiсваўся», што яго прозвiшча не Абрамовiч i завуць яго не Раман, але Юля ў адказ так мiла шчабятала i зазiрала ў вочы, што ён казаў: «Добра...У апошнi раз...»

I спатканне, думаў, нарэшце апошняе — калi не гэта, дык наступнае. Заставалася толькi зручны момант знайсцi: сказаць, што далей iм не па дарозе, што ў яго, маўляў, сваё жыццё, у яе сваё, што болей яны сустракацца не будуць.

Алег Пятровiч i з думкамi ўжо сабраўся, i словы патрэбныя знайшоў, ды прамовiць iх не паспеў. Прычына зноў жа самая банальная: палюбоўнiца пахвалiлася, што цяжарная (упершыню), што хоча нарадзiць — ад яго, што ў крайнiм выпадку гадаваць малое будзе сама, хоць, вядома ж, хацела б разлiчваць на мужчынскую падтрымку i дапамогу.

Мужчына (што было рабiць) павёў сябе так, як належыць: гэта значыць, усё зразумеў i згадзiўся. Употайкi ад сям'i, ад жонкi знайшоў новую крынiцу даходаў, стаў эканомiць на лазнi, рыбалцы i сустрэчах з сябрамi, але да родаў дапамагаў каханцы грашыма.

Ды i потым на яе з дачкой не забыўся... каб i хацеў, бо Юля часцяком званiла i пiсала яму, «скiдвала» фотакарткi, скардзiлася, што яны з малой ледзь зводзяць канцы з канцамi, што адной гадаваць дзiця «ненармальна» i вельмi цяжка (фiзiчна), што ёй урэшце патрэбна канкрэтная дапамога: то пасядзець з дачкой, пакуль яна палечыць зубы, то памяняць сантэхнiку, то некуды з'ездзiць (машыну ж ён ёй не купiў)...

Шмат было просьбаў, прычым зразумелых, на якiя Алег Пятровiч хоць-нехаць адгукаўся. Але не заўжды: часам ён казаў Юлi «не» i ў адказ на яго чаго толькi нi чуў — аж да грознага: «Ах так?! Тады я...»

Пагроза схадзiць да яго дадому, сустрэцца з жонкай i ўсё расказаць прагучала, калi дзiцяцi споўнiўся год, а потым стала свайго роду «чырвонай анучай», якой маладзiца размахвала ўвесь час...

I такiм чынам, вядома ж, шмат чаго дамагалася, бо Алег Пятровiч ужо ведаў Юлiн характар: жыў i баяўся, што аднойчы яна i праўда напiша, выкладзе сумесныя фоткi альбо пазвонiць у дзверы — заявiцца дамоў i тады...

Тады — ён разумеў — ад яго адвернуцца дзецi (пераходны ўзрост), асудзiць радня («Якога ражна не хапала?!»), не даруе жонка: як сабаку выганiць з дома. А iсцi яму няма куды...

Значыць, рухне жыццё...

Ад думак пра гэта ў Алега Пятровiча пухла галава, яго даймала бяссоннiца: ён пакрысе «ўсыхаў», хварэў (адкуль што ўзялося?!) i мiжволi ўсё часцей i часцей думаў пра самагубства.

Напэўна, таму аднойчы i не вытрымаў, лепей, падумаў, жудасны канец, чым жуда без канца, i ў адказ на жончына «ну што з табой?!» здаўся: шчыра, як на духу ўсё расказаў.

Пасля гэтага, на шчасце, iстэрыкi не было, слёз i папрокаў — таксама. Як i бачных дзеянняў... А вось нябачныя...

Ледзь не назаўтра жонка, яна ж загадчыца аднаго дзiцячага садка, паехала ў другi садок — у той, куды каханка вадзiла малую, паглядзела на дзяўчынку (што здзiвiла, — нi кроплi не падобную нi на Алега, нi на iншых яго дзяцей). А заадно пачула, што мама ў малой нiдзе не працуе, што забiрае дзiця сама, а вось прыводзяць яго часцяком кавалеры — то адзiн, то другi... «Бацька?» — «Нiколi».

Не праблемай аказаўся i тэст на бацькоўства, якi паказаў, што дзiця не ад Алега, што яго, як той казаў, проста развялi... У тым лiку i на грошы.

Спаганяць iх (было б з каго) сям'я не стала: проста патлумачыла Юлi, што халява скончылася, што дурных хай шукае ў iншым месцы.

За маладзiцай, як падалося, гэта не заржавее, бо яна ў адказ заявiла, што часу яшчэ прайшло няшмат: яна помнiць, з кiм «уступала ў блiзкiя адносiны». А таму — сцеражыцеся — «усiх перабярэ», але бацьку сваёй дачкi ўсё роўна адшукае. I ён — нiдзе не дзенецца — будзе «расплачвацца» за свае ўчынкi.

Грашыма? Душэўным спакоем? Слязьмi блiзкiх? Сям'ёй?

...«Коготок увяз — всей птичке пропасть» — гэта руская прымаўка.

Беларускай, якая адпавядала б ёй, здаецца, няма, а таму — крый божа! — «Кiпцюрок ушчамiўся — усёй птушцы гiнуць».

Алена Емельянчык, г. Мiнск

Загаловак у газеце: Час расплаты, або Хто сам сябе сцеражэ, таго i Бог беражэ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?