Вы тут

Жонка паэта-песенніка Святлана Жукава: У цудоўнага мужа можа быць толькi цудоўная жонка


Знакамiты паэт-песеннiк Алег Жукаў i яго жонка Святлана падзялiлiся сакрэтамi шчаслiвага шлюбу даўжынёй у 43 гады

«Алег Жукаў — сiмвал беларускага бамонду, — сказаў мне неяк «пясняр» Уладзiслаў Мiсевiч. — Вельмi адкрыты, пазiтыўны, энергiчны, таленавiты чалавек». Мне ж аўтар слоў да папулярных песень «О добрых молодцах», «Люди встречаются», «Ночные костры», «Жизнь играет с нами в прятки», «Птицы», «Одинокий», «Ах, эта ночь!», якога я бачыла на многiх канцэртах i як удзельнiка, i як гледача, здаваўся гэткiм чалавекам-святам. А калi я прапанавала: давайце пагаворым пра ваша сямейнае жыццё, Алег Уладзiмiравiч сур'ёзна спытаў: «Вы ж i маю Святлану запрашаеце? Без яе не было б i мяне». Так атрымалася, што ў iнтэрв'ю «салiравала» Святлана, а муж проста любаваўся ёю i часам дапаўняў.


Сям'я Жу­ка­вых пас­ля на­ва­год­ня­га кан­цэр­та «Лю­дзi су­стра­ка­юц­ца».

— Давайце пачнём з пачатку: як ураджэнец Днепрапятроўска апынуўся ў Мiнску?

Алег Жукаў: — У Данецку маё жыццё было такое: днём — праца (а па прафесii я гарняк, скончыў горны iнстытут i займаўся выдавецкай справай i рэкламай у АН горнай справы), увечары іграў у рэстаранным ансамблi, ноччу — гулянкi. I хоць я быў малады хлопец, разумеў, што гэта жыццё на знос. Трэба нешта мяняць. Лёс даў шанц. Неяк да нас на гастролi з Беларусi прыехаў калектыў Вiктара Сiнайскага — першы ў БССР вакальна-iнструментальны ансамбль i другi пасля «Поющих гитар» у СССР. Iм тэрмiнова патрэбны быў бас-гiтарыст, таму што iх музыканта прызвалi ў войска. Вiктар прапанаваў — маўляў, давай з намi, праз два месяцы завершым паездку, у Мiнску будзе табе iнтэрнат. Я пагадзiўся, Сiнайскi стрымаў слова — мне далi iнтэрнат, а пазней уступiў у кааператыў, пабудаваў кватэру. Потым працаваў у Мiнску ў ансамблi «Тоника», якi акампанаваў Вiктару Вуячычу. Тут жа пачыналася кар'ера Юрыя Антонава i з'явiлiся нашы першыя з iм песнi.

— Як адбылося ваша знаёмства?

Святлана Жукава: — У мяне на рабоце быў вельмi добры калектыў. I вось калега, якая цудоўна ставiлася да Алега, прапанавала сустрэць Новы год у яго кампанii. Яна проста сказала, што збiраецца моладзь, будзе весела. Не магу сказаць, што прыняла прапанову iсцi ў чужую кампанiю з вялiкiм энтузiязмам. Але цётка, у якой я жыла ў Мiнску, пераканала — маўляў, што сядзець дома... На той момант я рассталася са сваiм маладым чалавекам.

Шчыра скажу: выходзячы з лiфта, я яшчэ не была ўпэўненая, што пазваню ў дзверы. А адкрыў мне юнак, якi чамусьцi нястрымна смяяўся. Аказалася, што ў кампанii Алега пачалi разважаць, што ж гэта за дзяўчына, якой няма з кiм Новы год сустрэць, напэўна, касая, кульгавая. I сябры з Алегам, кульгаючы, пад агульны рогат, пайшлi мяне сустракаць. Мы рагаталi разам. Сам жа Алег, як толькi мы пазнаёмiлiся, увесь час стараўся трымацца побач.

— А ваша калега папярэдзiла, што вечарынка будзе ў кватэры халасцяка?

С. Ж.: — Не, мне проста сказалi, што збiраецца добрая кампанiя. Сiтуацый пайсцi кудысьцi з мэтай знайсцi хлопца, а асаблiва калi да гэтага яшчэ i знаёмыя прыкладуць руку, я старанна пазбягала. I прыяцелькi выдатна пра гэта ведалi.

— Музыканты старэйшага пакалення расказвалi, што кватэра Алега Жукава была месцам тусовак сталiчнага бамонду. Ды i гастралюючыя музыканты заязджалi. Вы адразу ўпiсалiся ў гэтую кампанiю?

С. Ж.: — Новы год адзначалi па прынцыпе «хто што прынясе». Жаночая частка кампанii завiхалася на кухнi — i вось тут я выдатна ўпiсалася. Пакуль мы гатавалi, Алег чытаў услых гараскоп. Там гаварылася, што Рыбы, то-бок мой знак, сустрэнуць новае каханне, i трымацца мне трэба кампанii Казярога. Алег спытаў: «А хто ў нас Казярог? Дык гэта ж я!»

Шчыра кажучы, мяне гэтая шумная бесшабашная кампанiя напружвала. Я таксама чалавек творчай прафесii — мадэльер, але ў нашым цэху iншыя традыцыi. Адзiны момант, калi я глянула на Алега iншымi вачыма, — калi ён размаўляў са сваёй мамай па тэлефоне. У гэтым было столькi пяшчоты! Падчас размовы ён трымаў мяне за руку i расказваў маме, што развёўся... Нягледзячы на бурную весялосць, я хутка стамiлася на гэтым свяце жыцця i паспрабавала сысцi па-англiйску.

А. Ж.: — Заўважыўшы, што Света пайшла, я накiнуў палiто, шапку, сунуў босыя ногi ў драўляныя сабо i прыпусцiў услед па лесвiцы. Лiфт тады не працаваў.

С. Ж.: — Грукатам гэтых сабо можна было разбудзiць увесь пад'езд...

А. Ж.: — Я дагнаў яе на вулiцы, шпурнуў сваю кепку на праезную частку, а сам упаў у снежную гурбу (калi хто памятае, раней зiмы былi снежныя). I сказаў, што не ўстану, пакуль яна мяне не пацалуе. Вакол сабралiся цiкаўныя мiнакi, нехта з дзяўчат нават прапанаваў пацалаваць мяне замест Светы... Але яна сама мяне пацалавала. Праводзiў яе дахаты. Мы коўзалiся з ледзяных горак, i я казаў — калi трэба, то магу паляжаць на дыванку пад дзвярыма да ранiцы, каб пазнаёмiцца з яе цёткай i растлумачыць, што гэта я даставiў дадому дзяўчыну. Вар'яцтву закаханых складаюць песнi!

С. Ж.: — А я баялася, што так i будзе. Мы нi пра што не дамаўлялiся, нават не абмянялiся тэлефонамi, i я думала, што гэта проста навагодняя прыгода.

На той жа ву­лi­цы Вiль­ню­са праз 40 га­доў.

А перад 8 Сакавiка Алег раптам з'явiўся ў мяне на рабоце. У аддзеле ў нас было адзiнаццаць жанчын, i ён прынёс столькi ж букецiкаў крокусаў. Усiх адразу «купiў» сваёй увагай. I ўсё. Зноў нi сустрэч, нi званкоў. Потым запрасiў мяне на канцэрт джаз-аркестра «Арсенал», прадставiў усяму бамонду, якi там сабраўся. Сказаў: «А ў наступную суботу
едзем знаёмiцца да вашых бацькоў у Магiлёў».

— Спадабаўся iм жанiх?

С. Ж.: — Мама трохi перажывала, што Алег старэйшы за мяне на 11 гадоў.

А. Ж.: — З цесцем адразу зразумелi адзiн аднаго, i цешча, заваяваная камплiментам, якая яна маладая i прыгожая, таксама вынесла вердыкт: вельмi станоўчы чалавек. Увогуле, прынялi за свайго.

— Хто з артыстаў спяваў на вашым вяселлi?

А. Ж.: — Нiхто. У нас жа i вяселля з усiмi атрыбутамi не было. Распiсалiся, адзначылi гэтую падзею ў рэстаране са сведкамi. Потым у Магiлёве Свецiны бацькi запрасiлi сваякоў на вечар. Затое на вяселлi нашага сына Мiкiты спявалi Аляксандр Саладуха i Уладзiмiр Ухцiнскi.

— Пасля жанiцьбы вы, як той казаў, пасталелi: спынiлiся тусоўкi, ды i ў кар'еры адбыўся паварот...

А. Ж.: — Я ўжо быў дарослым хлопцам, далёка за трыццаць. Бачыў шмат сем'яў музыкаў, якiя развальвалiся з-за бясконцых гастроляў, прыхiльнiц. Назiраў, што артысты практычна не бачаць сваiх дзяцей, а тыя потым «выкiдваюць каленцы». Ды проста мне хацелася быць са Светай, хацелася спакойнага сямейнага жыцця. Таму працаваць пайшоў у iнстытут «Белдзяржпраект», займаўся рэкламай, фатаграфiяй i выдавецкай справай. Але i сяброў-музыкаў не забываў, толькi ўжо фармат зносiн стаў iншы.

— Ваш сааўтар Юрый Антонаў не раз казаў у iнтэрв'ю, што ў савецкi час атрымлiваў велiзарныя аўтарскiя, якiя проста не было на што трацiць. А як у вас складвалася фiнансавая сiтуацыя?

А. Ж.: — Колькi ў Юры песень i колькi ў мяне — iстотная рознiца. Аўтарскiя, вядома, плацiлi, але нам заўсёды было на што iх патрацiць.

С. Ж.: — Не скажу, што мы жылi ад зарплаты да зарплаты, але i звышпрыбыткаў не было. Пры гэтым жылi добра таму, што вельмi шмат умеем рабiць сваiмi рукамi. Алег не цураўся нiякай работы, каб дастойна забяспечваць сям'ю.

У 90-я, калi звыклы свет рушыўся, спачатку было цяжка. Але дэвiз нашай сям'i — нiколi не адчайвацца, захоўваць аптымiзм. А цяжкасцi трэба ператвараць у магчымасцi. У той час я пачала працаваць на сябе i зразумела простую рэч: лепш зрабiць аднаго чалавека шчаслiвым, чым спрабаваць ашчаслiвiць увесь свет. Я займала досыць высокiя пазiцыi — была дырэктарам прадпрыемства, членам мастацкага савета Беларускага дома мадэляў i Усесаюзнага каардынацыйнага савета. Але каласальнае задавальненне ад сваёй прафесii атрымала тады, калi пачала iндывiдуальна займацца дызайнам адзення, гэта значыць цалкам складала гардэроб для заказчыка i працавала над яго iмiджам. I фiнансава гэта аказалася цалкам варта намаганняў.

— Выдаткi на якiя мэты у вашай сям'i былi ў прыярытэце?

С. Ж.: — Заўсёды любiлi вандраваць. Дарэчы, пакуль у дзяцей не з'явiлiся свае сем'i, адпачывалi з iмi, нiколi не ездзiлi асобна. Кнiгi, адукацыя дзяцей — таксама ў прыярытэце.

— Пачуўшы, як вы размаўляеце па тэлефоне з дзецьмi, думаю, можна сказаць, што вы — сябры. А як пабудаваць такiя адносiны?

С. Ж.: — Не трэба дзецям перашкаджаць жыць.

А. Ж.: — Iх проста трэба любiць.

— А падрабязней?

С. Ж.: — Дзiця — асоба з моманту нараджэння, вось так да яго i трэба ставiцца. Нельга размаўляць з пазiцыi: я дарослы i ведаю, як лепш. Мы заўсёды старалiся трымацца з дзецьмi так, каб яны нам давяралi, ведалi — што б нi здарылася, дома iх прымуць, зразумеюць i дапамогуць.

А. Ж.: — Мы шмат часу праводзiлi разам. Дзецi ў нас атрымалiся выдатныя! Мiкiта — айцiшнiк, эколаг, скончыў Сахараўскi ўнiверсiтэт. Раней працаваў на фармацэўтычную кампанiю, цяпер у яго свой праект — выстаўка «Эксперыментус». Лена атрымала эканамiчную адукацыю, але працуе па прызваннi — вельмi цiкавы i запатрабаваны фатограф. Цяпер радуюць унукi. Нашы дзецi — тыповыя савецкiя, якiя выраслi з ключом на шыi, абсалютна самастойныя — самi ездзілі ў гурткi, секцыi. Цяпер я адчуваю такi кайф, калi ваджу ўнука Кузьму на розныя заняткi! Ён у нас займаецца робататэхнiкай, а з гэтага года наведвае дзiцячую тэлестудыю. Зоя яшчэ маленькая, але ўжо ўся ў бабулю — займаецца рукадзеллем. Такiя класныя кара́лi з гузiкаў зрабiла!

— Хто з вас гатовы ўспомнiць дзень, калi атрымалi пенсiйнае пасведчанне?

А. Ж.: — Вельмi добра памятаю, сказаў тады: «Я свабодны». Для мяне настаў час для творчасцi. З задавальненнем пiшу вершы, працую з маладымi кампазiтарамi i выканаўцамi. Гэта ўзаемная цiкавасць. Размаўляючы з моладдзю, я сам, так бы мовiць, у трэндзе, а маладым патрэбна дапамога старэйшых. Канцэртаў было шмат. З тых, што запiсаны для тэлеканала «Беларусь 3», люблю два выпускі навагодняй праграмы «Людзi сустракаюцца», у кожным з якiх прагучала па 20 новых песень. Узнагароды пасыпалiся: медаль Францыска Скарыны, дыплом лаўрэата ў намiнацыi «Лепшы аўтар слоў» у Нацыянальнай музычнай прэмii «Лiра».

С. Ж.: — У першы момант была разгубленасць: як жыць на такiя грошы? Але неяк вельмi хутка з'явiлася столькi iдэй, што пачало бракаваць часу iх рэалiзаваць. Старэць нам дакладна няма калi!

— Цi хапае пенсiй i заробкаў на звыклы лад жыцця, на тыя ж падарожжы?

С. Ж.: — Хапае, таму што мы ўмеем задавальняцца тым, што маем, правiльна расставiць прыярытэты. У падарожжах для нас важна ўбачыць свет, а не паснедаць у пяцiзоркавым гатэлi.

— Цiкава, а калi б Святлана пасля заканчэння ВНУ засталася працаваць у Ленiнградзе, а Алег жыў ва Украiне...

А. Ж.: — А я Святлану i там бы знайшоў!

С. Ж.: — Напэўна, гэта лёс. У Ленiнградзе мне прапаноўвалi цiкавую работу ў Доме мадэляў. Але я так хацела дадому, да бацькоў! Мяне быццам магнiтам цягнула ў Беларусь.

— У чым сакрэт шчаслiвага сямейнага жыцця?

С. Ж.: — Вядома ж, у каханнi. Яшчэ вельмi важна паважаць чалавека i справу, якой ён займаецца, не кажучы ўжо пра захапленне...

А. Ж.: — Далей, мне падабаецца, прыемна гэта слухаць...

С. Ж.: — Нашай сям'i заўсёды дапамагала пачуццё гумару. А наогул мая фiласофiя такая: у цудоўнага мужа можа быць толькi цудоўная жонка.

А. Ж.: — Нам нiколi не было сумна i заўсёды цiкава ўдваiх. Што для гэтага трэба? Перадусiм развiвацца, рухацца наперад як асоба, як прафесiянал. Заўсёды быць адкрытымi адно аднаму i свету. Мы ўсё жыццё падарожнiчаем i нiдзе i нiколi не сустракалi нейкага негатыўнага стаўлення да сябе. А ўсё таму, што мы настроены пазiтыўна, аптымiстычна. У мяне ж i песнi такiя — з надзеяй, што ўсё будзе добра!

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з архiва сям'i Жукавых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».