Вы тут

Наталля Саўрыцкая. Крэўны вузел. Урывак


…Рася вырашыла паназіраць за Дамінікай Сабелай, бо тая магла штосьці ведаць пра змрочную тайну мачаноўскай сядзібы. Кікімара часцяком хавалася побач, каб падслухаць, пра што размаўляе гаспадыня з вясковымі кабетамі.


У асноўным гэта былі звычайныя гутаркі пра гаспадарку, плёткі пра вясковых дзяўчат або скаргі на дамашніх ці на парабкаў. Але ніводнага разу гэтыя размовы не тычыліся маладосці жанчыны і яе мінулага.

І хоць жыццё Дамінікі здавалася такім жа, як і ва ўсіх у вёсцы, але Рася стала заўважаць, што прыкладна раз на тыдзень познім вечарам, а то і глухой ноччу, кабета ходзіць да старой крывой Седачыхі, якую ў вёсцы лічылі ведзьмай. Раз за разам маленькая кікімара назірала, як у цемры Дамініка ціхенька адчыняла брамку і, насунуўшы на твар шырокую хустку, хутка давала ходу па дарозе, пакуль не знікала з Расіных вачэй, павярнуўшы ў бок балота. А там, на балоце, жыла адна толькі вясковая ведзьма.

Малеча баялася Седачыхі, бо, хоць тая і мела толькі адно вока, затое гэтым вокам аглядала наваколле так пільна, што, здавалася, старая чарадзейка можа заўважыць любую хатнюю ці вольную нечысць. А Рася з аднаго даўняга выпадку, калі яе ледзь не злавілі суседскія дзеці, вельмі баялася быць заўважанай людзьмі і заўсёды сцераглася, толькі не каля акна, там яна пра ўсё забывалася. Таму Рася доўга не магла адважыцца прасачыць за Дамінікай да самай Седачысінай хаты на балоце.

Але цікаўнасць урэшце перамагла, і, калі познім часам Дамініка ў чарговы раз выйшла з-за брамкі з невялічкім клункам у руках, малеча ўжо пільнавала яе ў прыдарожных хмызах. Ноч надыходзіла ветраная. Але вецер шалеў наверсе, раз’юшана шапацеў кронамі дрэў і ганяў па небе сівыя хмары, якія то закрывалі, то адкрывалі поўню. У адну хвіліну вакол было зусім цёмна, а другую абрысы вуліцы ўжо невыразна выступалі з густога змроку пад бляклым святлом.

Рася бачыла ў цемры, як котка, і смялей бегла за кабетай, калі ўсё вакол пакрывалася змрокам, а шум лістоты рабіў нягучнымі крокі. Але калі поўня шырока асвятляла наваколле, кікімара цярпліва чакала ў сховах, пакуль зноў сцямнее. Так яна бегла амаль да самай хаты, але побач з балотам яе затрымала поўня, што надоўга асвяціла балотную пустку. Рася пачула, як рыпнулі веснічкі, і ўбачыла, што Седачыха выйшла сустрэць Дамініку з газавай лямпай. І калі дзверы зачыніліся за старой чарадзейкай і яе начной госцяй, толькі тады адважылася маленькая кікімара ціхутка падкрасціся да ведзьмінай хаты.

Пільная малеча звярнула ўвагу, што брамка ля ўвахода ў двор Седачыхі рыпела, і таму прасунулася праз шчыліну ў агароджы, ледзь не захраснуўшы там галавой. Але Рася адзначыла і тое, што дзверы зачыніліся за кабетамі даволі ціха, і таму, паспрабаваўшы падслухаць штосьці пад акном і нічога не зразумеўшы, бо жанчыны гаварылі нягучна, было вырашана рызыкнуць і прабрацца ў хату.

Але, адчыніўшы ціхутка дзверы ў сенцы і нават прыгнуўшыся са страху, Рася сутыкнулася нос у нос з чорнай Седачысінай коткай. Кікімара паспрабавала адпіхнуць яе, каб пралезці ўнутр, але тая моцна баданула яе лбом і стала ветліва ацірацца проста аб Расіну галаву. Малеча раззлавалася і баданула кошку ў адказ, але тая брыдота ўхілілася, і госця з грукатам кульнулася ў сенцы.

Галасы сціхлі. Пачуліся крокі, дзверы ў хату прыадчыніліся і адтуль выглянула старая ведзьма. Рася з перапалоху кінулася ў кут пакоя і, пакуль Седачыха са словамі «а каб цябе трасца! Паганка ты!» выкідала з хаты котку, перапужаная нечысць праслізнула ў падпечак і схавалася там.

Некалькі хвілін маленькая кікімара калацілася са страху ў знойдзеным прыстанку. Але, здаецца, ніхто не заўважыў, і паціху яна супакоілася і прыслухалася да размовы.

— Кінь перажываць, Дамініка. Дасі сваёй наймітцы гэты настой — і яна паправіцца. Але хай п’е патрохі кожны дзень. Калі скончыцца, то зноў прыйдзеш да мяне. Зраблю тады яшчэ.

З падпечка Рася бачыла толькі ногі жанчын. Седачысіны, як здагадалася малеча, — у старых валёнках, хоць стаяў яшчэ пачатак восені. А Дамінікіны — у прыгожых скураных боціках на невялічкім абцасіку. Маленькая кікімара глядзела на іх і думала, якой, мусіць, прыгажуняй адчувае сябе Дамініка ў такім ладненькім абутку. Тым больш, што, нягледзячы на сталасць, жанчына мела яшчэ прыгажосць і ў твары, і ў постаці.

— А паясы прынесла? — спытала Седачыха.

У адказ пачулася ціхае шалясценне, і на ногі Дамінікі ляглі два доўгія паясы: адзін кікімара бачыла ўпершыню, а другі, Рася была ўпэўненая, быў той пояс-абярэг Франака, што шукала паўсюль Франця перад адыходам хлопца ў горад.

— Ці добра падумала? — спытала Седачыха. — Бо звязаць я звяжу, а ці трэба табе гэта на самай справе?

— Вяжы, — пачулася ў адказ, і старая забрала паясы з рук Дамінікі. Чарадзейка склала разам махрыстыя канцы паясоў і, прыклаўшы іх абодва да Дамінікінага лба, пачала над імі шаптаць. Расі хутка чакаць надакучыла, і пачало ўжо здавацца, што гэтае шаптанне ніколі не скончыцца. Але Седачыха дала ўрэшце адзін канец Франакавага пояса кабеце, загадала трымаць зубамі, сама прывязала да яго другі пояс, пашаптаўшы зноў трохі, паплявала на вузел, абкруціла звязанымі адзін з адным паясамі Дамініку вакол тулава, потым зняла з яе тыя паясы, скруціла іх ды аддала той скрутак жанчыне.

— Вось. Як твой пояс і сынаў звязаны паміж сабою, так яго жыццё будзе звязана з тваім жыццём. Цяпер сын вернецца да цябе і ўжо нікуды не дзенецца. Да самага скону.

Калі Рася ўбачыла, як рука Дамінікі задрыжала пры гэтых словах, то адчула дзіўнае жаданне скокнуць кабеце на плечы і пачаць валтузіць яе за валасы, але тут успомніла, што сама ў небяспецы і замест таго, каб злаваць, трэба думаць, як адсюль змыцца.

Седачыха выйшла з лямпай на двор, каб трохі правесці Дамініку, і, на шчасце, пакінула дзверы адчыненымі. Рася тады выслізнула ціхенька, і толькі падумала, што ўсё абышлося, як старая чарадзейка падчас развітання, паглядзеўшы на лаўку, пад якой схавалася кікімара, дадала:

— Ідзі смела дадому, Дамініка, у цябе сёння добрая праважатая, — Рася аж абамлела са страху. Няўжо заўважыла?

— Якая праважатая? — азірнулася кабета.

— А вунь мая котка ля цябе трэцца.

Рася тады галопам вылецела з-пад лаўкі, ужо не разумеючы, здзекуецца з яе старая Седачыха ці сапраўды мае на ўвазе сваю котку. Кікімара проста ляцела па балоце, не разбіраючы дарогі, каб хутчэй апынуцца як мага далей ад жахлівай ведзьмы, тым больш што яшчэ доўга было чуваць яе хрыплаваты смех.

З таго часу Рася пачала чакаць Франака з горада. Днём яна прыслухоўвалася да галасоў, выглядвала ў акенца або бегла да Франці спытаць, ці не прыехаў яшчэ любімы гарлачык. Дамавуха злавала, называла Расю дурніцай і летуценніцай і праганяла яе прэч. Але маленькая кікімара, упэўненая ў моцы Седачысінага чараўніцтва, не крыўдзілася і наступным днём зноў прыбягала спытаць пра тое самае.

Кожны дзень, прачынаючыся апоўдні, Рася расплюшчвала вочы, высоўвала нос з падпечка і думала, што сёння якраз той шчаслівы дзень, калі яна зноў пачуе гукі Франакавай музыкі і ўбачыць увечары яго сілуэт са скрыпкай сярод вясковай моладзі. Але прайшла восень, за ёй — цёмная зіма, і нават вясна пагрукалася ў старую хату ранішнім святлом сонейка, а Франака ўсё не было. Замест таго, каб радавацца абуджэнню прыроды, якое кікімара звычайна сустракала, сквапна хапаючы ў далоні кожны ранні прамень, яна ўсё больш хвалявалася і непакоілася за свайго любімага музыканта. Што з ім там у горадзе? Ці жывы, ці здаровы ён?

Снег ужо зусім сышоў, калі Рася вырашыла: каб неяк забыцца пра свае перажыванні, трэба пасадзіць у садзе новую яблыньку замест той, што са злосці высекла напрыканцы лета. Кікімара ўзяла рыдлёўку і пайшла ў сад выкарчоўваць яблыневы пянёк.

Малеча выкапала траншэйку вакол пня, паадсякала таўсцейшыя карані сякеркай, паднатужыўшыся, расхістала корч і вывернула яго ўрэшце з зямлі. Яна ўжо збіралася ісці шукаць саджанец, як заўважыла, што ў ямцы з-пад яблыневага карча тырчыць нешта дзіўнае. Кавалак нейкай старой спарахнелай тканіны.

Рася кінула рыдлёўку, пачала асцярожна разгортваць рукамі зямлю вакол знаходкі, і яе вачам урэшце адкрыўся клунак са старой спарахнелай коўдры. Кікімара выцягнула той клунак з ямкі і, паклаўшы на пажухлую траву, асцярожна яго разгарнула. На тоўстай бруднай коўдры ляжаў зусім маленькі дзіцячы, нават немаўлячы, шкілецік. Ён ляжаў, схіліўшы набок галаву з шырока раскрытымі бяззубымі сківіцамі, ад чаго здавалася, што ён смяецца ці моцна здзіўляецца. «А можа, ён хоча мне штосьці сказаць?» — падумала Рася. І толькі яна спытала ўслых: «Што з табой здарылася?» — як заўважыла вакол шыйкі шкілеціка туга зацягнуты вузел з нейкай вельмі дзіўнай вяроўкі, якую ніколі раней не бачыла.

Кікімары стала так шкада дзіцяці, што яна вельмі беражліва, быццам немаўля яшчэ жывое, загарнула назад у коўдру і панесла да пунькі. Там Рася села на старой выдзеўбанай калодзе і пачала калыхаць скрутак, напяваючы яму нешта ціхім ласкавым голасам. Здавалася, нібы цяпер сядзела не знявечаная кікімара, а дарослая жанчына, якая закалыхвае сваё дзіця, каб яно не галасіла, а спала ціхутка на мамчыных руках. У малечы пацяплела на сэрцы, і яна мацней прыціснула скрутачак да хударлявых грудзей. Глянула пяшчотна на брудную коўдру і зноў убачыла касцяны бяззубы роцік. У гэты момант успомніліся словы Лапідуса, што недзе паблізу захаваны дзіцячы трупік, і падумала кікімара, што хітры стары крумкач можа ведаць нашмат болей, чым расказаў.

У той жа вечар, як толькі сцямнела, Рася схавала сваю знаходку ў падпечку, а сама пайшла шукаць Лапідуса. Яна добра ведала той лясок ля вёскі і разгалістае дрэва, дзе знаходзілася гняздо старога крумкача. Гэта было далекавата ад старой мачаноўскай сядзібы, і, каб скараціць дарогу, кікімара вырашыла пайсці праз балота. Але хутка пашкадавала, бо, прабіраючыся праз кусты пераплеценага лазняку, зачапіла рой лознікаў — невялічкіх балотных чарцянят, што заблытваюць сваю ахвяру ў куст ці пхаюць у пастку ў багне. Яна ледзь адбілася ад дакучлівых зданей, якія яшчэ доўга пакрыўджана пішчалі ёй услед, атрымаўшы добрых аплявух ад хуткай на руку Расі.

Малеча толькі падумала, што нізавошта не пойдзе назад праз балота, як натрапіла на Лапідусава гняздо. Тады гукнула старога крумкача некалькі разоў, але ён не адазваўся. «Недзе цягаецца», — падумала кікімара і вырашыла пачакаць пад дрэвам, але пачула віскат лознікаў, які набліжаўся да Лапідусава лясочка, сцяміла, што назойлівыя стварэнні ўсё-ткі пацягнуліся за ёй, і, каб схавацца ад іх, нядоўга думаючы, палезла на дрэва. Па разгалістай стваліне караскацца было не так ужо цяжка, таму Рася даволі хутка апынулася ля гнязда, залезла ўнутр і паглядзела ўніз праз дзірку ў пераплеценых галінках. Лознікі патаўкліся нейкі час пад Лапідусавым дрэвам, скачучы адно на аднаго, вішчучы і скавычучы ад вясёлага шаленства, ды пабеглі далей, так і не зразумеўшы, куды падзелася іх ахвяра.

У гняздзе было цёпла і ўтульна, таму Рася вырашыла тут і чакаць Лапідуса, хоць і не ведала, ці абрадуецца гаспадар няпрошанай госці. Нягледзячы на лёгкі неспакой у душы, малеча так стамілася за насычаны няпростымі падзеямі дзень, што нават не заўважыла, як заснула зноў на дрэве, як тады летам, калі яна заблыталася ў вяроўцы. Кікімары снілася, што яна ператварылася ў нейкую кудлатую птушку, якая лётала над балотам і дражніла лознікаў, а тыя кідаліся нечым вострым і некалькі разоў трапілі ў яе, штосьці ўваткнулася проста ў шчаку. Ёй моцна забалела, і Рася прачнулася.

Пачынала віднець. Малеча зразумела, што ляжыць, скурчыўшыся ў гняздзе, а ў шчаку ёй сапраўды ўтыкаецца нешта вострае. Яна агледзелася і ўбачыла, што вакол шмат нейкіх костачак, падобных да тых, што застаюцца ад мёртвых пацукоў, і змахнула іх далей ад сябе, але, запусціўшы руку ў пух, які пакрываў донца гнязда, Рася зразумела, што ўтыкалася ёй у сне ў шчаку нешта іншае, і выцягнула з пуху прыгожую бліскучую цацку, якая аказалася срэбнай завушніцай з зялёным каменьчыкам. Той самай завушніцай, што маленькая кікімара насіла на сваёй шыйцы, колькі яна сябе помніла. Аж да таго моманту, пакуль тая завушнічка недзе не прапала. Рася ўспомніла, як перавярнула ўсю сядзібу дагары нагамі, шукаючы сваю ўлюбёную цацку, як бегала, пытаючыся ва ўсіх, каго толькі ведала, ці не бачылі яны срэбную цацачку з зялёным каменьчыкам, і як бедавала амаль цэлы месяц, калі зразумела, што ўжо ніколі яе не знойдзе. І вось завушніца ляжыць тут, у гняздзе Лапідуса, з той самай Расінай вяровачкай.

Кікімара так здзівілася, што нават раззлавацца не паспела як след, калі пачула лопат крылаў і, хутка заціснуўшы сваю каштоўнасць у далоньцы, павярнулася да гаспадара, які вярнуўся дадому.

— Добрай раніцы, Лапідус, — хітравата прыжмурыла чорныя вочы Рася.

— Кр-р-у! Кр-р-у! — раскаркаўся стары крумкач, спрабуючы ўладкавацца ямчэй побач з кікімарай у сваім жытле. — Што здарылася, што драбната сюды прыперлася?

— Нічога асаблівага. Драбната знайшла ўчорась у садзе дзіцячы трупік, як і казаў ёй адзін стары хітры крумкач. Дык вось прыйшла да цябе спытацца, чыё гэта дзіця ды як яно там апынулася? Але цябе не было, і мне давялося залезці ў гняздо, каб пачакаць.

Лапідус незадаволена чмыхнуў.

— Я расказаў усё, што ведаў. І наогул, я ўжо настолькі стары, што сам не ведаю часам, што пляту. Зусім выжыў з розуму, а драбната мяне слухае.

— Настолькі выжыў з розуму, каб красці ў сяброў? — Рася расціснула далоньку і паказала Лапідусу завушніцу.

Крумкач тузануўся да цацкі, але Рася хуценька заціснула руку і схавала яе за спіну.

— Аддай! Кр-р-ру! Кр-р-ру!

— Раскажы мне спачатку ўсё, што ведаеш! Што за дзіця закапана ў садзе Мачаноўскіх? Што за вузел на ім? Яго задушыў нехта? Хто? Кажы хутка, або зламаю завушніцу!

— Добра! Добра! Толькі не ламай! Гэта Дамінічына дзіця!

— Дамінічына? — малеча абмякла. — Хто яго задушыў?

Лапідус адвярнуўся ад Расі ўбок. Тая падняла руку з завушнічкай уверх.

— Кажы...

Кікімара ўзяла абедзвюма рукамі завушніцу і пагражальна пацягнула засцежку.

— Яна! — роспачна заенчыў стары крумкач.

— Хто? Дамініка Сабела?

— Тады яна была яшчэ не Сабела. Была ў дзеўках. Прыйшла з панскага фальварка цяжарная. Нарадзіла — ды задушыла...

— Чаму? — Расіны вусны задрыжалі. — Яно ж такое маленькае...

— Не ведаю... Калі я прыляцеў, усё было скончана. Дзіця задыхнулася ад зацягнутай на шыі пупавіны. Больш нічога не ведаю.

Рася загадала крумкачу спусціць яе на зямлю.

— Аддай Лапідусу яго дзіўнасць, — жаласна працягнуў стары крумкач на развітанне, не адрываючы вачэй ад Расінай рукі з заціснутай у ёй завушнічкай.

— Гэта маё, — цвёрда адказала малеча і надзела на шыю вяроўку з завушніцай. — І ведаеш што? Я не хачу больш бачыць цябе ў сваёй сядзібе, Лапідус. Не прылятай да мяне болей.

Пасля таго, як маленькая кікімара знайшла дзіцячы шкілецік, адчуванне адзіноты зменшылася. Здавалася, быццам у Расі з’явілася невялічкая сям’я. Асабліва па вечарах ёй падабалася сядзець на лавачцы ля печы і спяваць калыханку, пяшчотна люляючы скрутак са шкілецікам. Потым малеча зноў вяртала яго ў падпечак на самае лепшае месца, а сама клалася побач і, калі ёй рабілася сумна, размаўляла з малым, нібы ён жывы. Кікімара не любіла адхінаць тканіну, бо гэта парушала яе цудоўную ілюзію аб жывым дзіцяці, і таму, калі праз некалькі тыдняў Рася ўсё-ткі зрабіла гэта, то ўбачыла, што шкілецік амаль рассыпаўся ўшчэнт.

Яна разумела, што прыйшоў час развітацца са сваёй чароўнай гульнёй. Спачатку моцна тужыла, сядзела ля скрутка і нікуды не адыходзіла. Але ўрэшце наважылася. Узяла рыдлёўку і пайшла ў сад. Яна вырашыла пахаваць яго на старым месцы, дзе выпадкова знайшла.

Перш чым пакласці ў ямку свой любімы шкілецік, Рася разгарнула яго ў апошні раз, крыху павагалася, але потым зняла са сваёй шыі вяровачку з завушніцай і паклала сваю каштоўнасць у коўдру, на рассыпаныя дзіцячыя косткі.

— Я не ведаю, адкуль гэтая завушнічка аказалася ў мяне, але яна была са мной ад майго з’яўлення на гэты свет. І хоць я не магу вярнуць адабранае ў цябе жыццё, але магу падараваць сваю самую любімую цацку, каб табе было не так сумна ляжаць.

Рася клапатліва завярнула дарагія костачкі і асцярожна паклала коўдру ў ямку.

— Не бойся, маленькі мой, — пяшчотна казала кікімара, засыпаючы зямлёй скрутак. — Я не пакіну цябе тут аднаго. Буду з табой побач. Будзем разам чакаць твайго браціка Франака. А калі ён вернецца, будзем разам слухаць яго скрыпачку.

Кікімара зрабіла невялічкую магілку і пасадзіла на ёй адростак шыпшынавага куста. Потым пайшла дахаты і, схаваўшыся ў падпечку, доўга і горка плакала.

Але Расі не было калі занадта плакаць, бо хутка надышоў Вялікдзень. Малеча так любіла гэтае свята, што выцягнула з каморы чыстую сукенку і новыя лапцікі. Не паспела яна толкам пераапрануцца, як пачула з вуліцы песні валачобнікаў. Кікімара тады выглянула ў акно і заслухалася, як спяваюць хлопцы «Пане гаспадару» пад акном у Сабелаў. Гэта было так святочна і цудоўна, што Рася злезла з лаўкі, пляснула ў далонькі і пачала, як колісь любіла, дробненька тупаць па падлозе. Яна пратанцавала так у адзін бок да шафы з люстэркам і толькі хацела зірнуць на сваё адлюстраванне, як адчула, што заблыталася ў незавязаных аборках і з размаху пляснулася на падлогу.

— І чаму я такая недарэчная кікімара? — уздыхнула малеча, усеўшыся як мага ямчэй, каб разблытаць доўгія аборкі. — Заўсёды ў чым-небудзь заблытаюся, заплятуся, захрасну...

Рася бурчэла сабе пад нос, разблытваючы вузел на вяроўчынах, як пачула знаёмыя гукі. Гукі, якія не магла пераблытаць ні з чым іншым. Кікімара адным рыўком здзёрла з сябе лапці і вокамгненна падскочыла да акна. Так! Яна не памылілася! Сярод хлопцаў стаяў Франак са скрыпкай і падыгрываў валачобнікам…

Цалкам аповесць чытайце ў «Полымі» № 4 за 2020 год.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».