Вы тут

Як сям'я з глыбінкі Брагінскага раёна здаюць да 120 літраў малака штодня


Сям'я з глыбінкі Брагінскага раёна за аснову эканамічнай мадэлі ўласнай гаспадаркі абрала малако. У сезон сужэнцы здаюць штодня да 120 літраў. Яны ўпэўненыя: годна жыць, працаваць, падымаць дзяцей у аддаленных вёсачках Гомельшчыны, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, нішто не перашкаджае. У свой час яны, як і многія месцічы, прынялі валявое рашэнне не пакідаць малую радзіму. Уласны жыццёвы поспех сужэнцы тлумачаць элементарнай самадысцыплінай і любою да працы.


Наталля Захожая па адукацыі філолаг. Яшчэ падчас вучобы ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Францыска Скарыны яна ведала — абавязкова вернецца жыць і працаваць на Брагіншчыну, у родныя Лубенікі. Марыла вучыць дзетак у школе. Так і атрымалася — больш дзесяці гадоў працавала настаўнікам. Але каля шасці гадоў таму базавую школу ў роднай вёсцы закрылі. Новае рабочае месца настаўніцы прапанавалі таксама ў Брагінскім раёне, але ў населеным пункце за 16 кіламетраў ад дома.

Наталля тады не чытала навамодных часопісаў аб бізнес-лэдзі, якія пачыналі свае стартапы. Кажа, проста сэрцам адчула: жыццё — яно вось тут і цяпер. На руках тры дачкі і сямейная гаспадарка, дзецям патрэбна клапатлівая маці, а дому — дбайная гаспадыня. На сямейным сходзе з мужам тады вырашылі: ніякай цяжкай фізічнай працы яны не баяцца, з гаспадаркай упраўляюцца як мае быць, а гэта і ёсць найлепшы дамашні бізнес, які пракорміць сям'ю. Аказалася, тое рашэнне цалкам перавярнула жыццё жанчыны.

— Калі пытаюцца, як мы пачыналі, я заўсёды адказваю, што вельмі проста. Мая мама падарыла цялушку, а бацькі мужа — двух парасят, пяць курачак і пеўнічка, — расказвае гаспадыня цяпер адной з самых вялікіх уласных прысядзібных гаспадарак на Брагіншчыне Наталля Захожая. — Пасля другую карову набылі, потым і сваіх цялушак навучыліся гадаваць і больш не куплялі.

Цяпер дамашняя гаспадарка Наталлі і яе мужа Аляксандра — 14 кароў, свінні, куры і гусі. Прысядзібны ўчастак — 35 сотак зямлі пад пасадкамі агародніны і садавіны, а таксама ўласная сенажаць для выпасу жывёлы. Дамашні дойны статак — сем кароў. Нават не ў сезон сям'я штодня атрымлівае да 100 літраў малака.

На вядзенне гаспадаркі тое, што іх населены пункт — тэрыторыя, пацярпелая ад аварыі на ЧАЭС, ніяк не ўплывае. Ёсць свае плюсы: па чарнобыльскай праграме пашы перазалужваюцца, жывёла праходзіць абследаванні, санстанцыя рэгулярна бярэ малако на аналізы. Заўваг па паказчыках ніколі не ўзнікала.

Між тым сужэнцы Наталля Захожая і Аляксандр Чыкін адны на ўсё брагінскае наваколле трымаюць такую вялікую хатнюю гаспадарку і вырабляюць малочную прадукцыю. Акрамя гэтага, Аляксандр Чыкін працуе на адной з малочнатаварных фермаў жывёлаводам. Дома на гаспадары — дапамога ў доглядзе жывёлы, нарыхтоўка кармоў і невялікі дамашні транспартны цэх. Усю сяльгастэхніку Аляксандр сам рамантуе і наладжвае. Дарэчы, гэты талент гаспадара сядзібы асабліва цэняць вясковыя хлопцы. Падворак Наталлі і Аляксандра — месца прыцягнення юнакоў, якія мараць вучыцца на трактарыстаў. Быў час, калі зноў сесці за парту вырашыла і Наталля Захожая.

— Мне доўгі час прапаноўвалі працу ў нашай гаспадарцы, — дзеліцца жанчына. — Спачатку сумнявалася, потым вырашыла пайсці вучыцца на тэхніка-асемянатара. Зараз мне і з маімі каровамі вельмі лёгка абыходзіцца, таму што я ўсё ведаю.

Некалькі гадоў Наталля працавала ў гаспадарцы па новай спецыяльнасці, потым была загадчыцай малочнатаварнай фермы. Але цяпер вялікая хатняя гаспадарка з галавой паглынула жанчыну. Зараз яна марыць развівацца яшчэ і як вытворца дамашніх фермерскіх малочных прадуктаў.

— Мы добра наладзілі перапрацоўку малака, — натхняе ўласным прыкладам Наталля. — Спачатку мы яго сепарыруем: атрымліваюцца найчысцейшыя вяршкі, з якіх пасля раблю масла. З абястлушчанага малака раблю тварог, з яго — найсмачнейшыя сырнікі і запяканкі.

Відавочна, што на смак тварагу, смятаны, масла, вяршкоў з крамы, у сям'і Наталлі Захожай ужо і забыліся. Калі ж яна прывозіць на продаж свае прадукты ў райцэнтр, — гаспадыню з Лубенікаў ужо чакаюць яе сталыя пакупнікі.

Увогуле працавітую сям'ю ведаюць ужо і за межамі Брагінскага раёна. Наталля — актыўная ўдзельніца шматлікіх семінараў і трэнінгаў па развіцці асабістай прысядзібнай гаспадаркі на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яна дзеліцца ўласным досведам, як жыць і працаваць на вёсцы. Сама гаспадыня лічыць, што праца на зямлі не толькі дапамагае пракарміць сям'ю з дзецьмі, але і становіцца сэнсам жыцця.

— Нам вельмі часта казалі, нават мая мама, — ой, з'язджайце з гэтай вёскі, такая глухмань, тут усе такія старыя! Сапраўды, маладых сем'яў вельмі мала, — шчыра прызнаецца Наталля Захожая. — Але ў нас няма ніякага жадання перабірацца ў горад ці бліжэй да яго. Я ўпэўненая, што чалавек можа жыць і працаваць добра ўсюды, незалежна ад таго, дзе жыве. Так, цяпер нашы дзве дачкі вучацца ва ўніверсітэце ў Гомелі, паступілі лёгка, бо вучыліся на выдатна, ад ВНУ — толькі ўдзячнасць, што выхавалі такіх дзяцей. Значыць, і расці, і атрымліваць адукацыю на вёсцы можна не горш, чым у горадзе.

Але ж ці захочуць дзеці працягнуць іх «малочную справу», сям'я з Лубенікаў пакуль не загадвае. Жыць у вёсцы ці ў горадзе — вырашаць кожнаму асабіста, лічаць Наталля і Аляксандр, якія свой выбар зрабілі даўно. Яны вераць, што вёскі, у якіх ёсць руплівая сямейная праца і моцныя гаспадаркі, не паміраюць.

У тэму

Паводле інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама, на тэрыторыі рэгіёна на першае студзеня 2020 года зарэгістравана 8800 кароў, якія ўтрымліваюцца ва ўласных дапаможных гаспадарках жыхароў Гомельскай вобласці.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Малочныя рэкі гаспадароў з Лубенікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.