Вы тут

Абрэзка парэчак пасля збору ўраджаю


Абрэзка парэчак пасля збору ўраджаю дазваляе расліне фарміравацца правільна і не «хварэць». Ворагі недагледжаных парэчак — мучністая раса і насякомыя-шкоднікі. Каб паменшыць рызыку заражэння, лішнія і старыя галіны акуратна выдаляюцца.


Калі найлепш абразаць парэчкі? Для гэтага патрэбна выбраць сонечны і сухі дзень у канцы кастрычніка ці ў пачатку лістапада.

Не рэкамендуецца ламаць галіны расліны — парэчка доўга загойвае такія «раны».

Працэс спрашчаецца, калі куст малады і яшчэ не пладаносіць. У гэтым выпадку давядзецца абрэзаць толькі непатрэбныя прыкаранёвыя парасткі. Для гарманічнага фарміравання куста дастаткова трох-чатырох парасткаў.

Калі ўзрост куста больш за чатыры гады, то штогод увосень акуратна выдаляюцца ўсе сухія і хворыя парасткі. Яны не будуць больш пладаносіць, а вось для насякомых з'яўляюцца ўлюбёным месцам рассялення.

Перад тым, як прыступіць да апрацоўкі расліны, неабходна ўважліва агледзець усе галіны. Колер кары ў маладых і старых парасткаў значна адрозніваецца. Маладыя пакрытыя светлай карой зеленаватага адцення, а старыя — бурай з шараватым налётам. Галінкі, якія маюць слабы прырост, слаба развітыя пупышкі, бачныя сляды пашкоджання рознымі хваробамі, расліне больш не патрэбныя, і іх трэба абавязкова выдаліць.

Але калі галіна на выгляд яшчэ моцная, а кветкавыя пупышкі на ёй — здаровыя і буйныя, яе можна пакінуць яшчэ на некалькі гадоў. Бывае, што і маладыя, з выгляду здаровыя галінкі таксама з году ў год не плоданосяць. Такія парасткі таксама прыйдзецца выдаліць.

Якія галіны выдаляць абавязкова?

Без усялякіх ваганняў можна выдаляць з куста парэчак ніжнія галіны, якія схіляюцца да самай зямлі пад цяжарам ягад. Такія плады ўсё роўна не прыдатныя да ўжывання, таму што хутка загніваюць, сутыкаючыся з зямлёй, і часта пакрытыя брудам.

Парасткі, якія парушаюць нармальны рост куста, таксама неабходна прыбіраць. Крывыя галіны, якія растуць у няправільным кірунку, толькі перашкаджаюць парэчкам развівацца нармальна. Яны сутыкаюцца з іншымі галінамі і падчас дрэнных умоў надвор'я лёгка скідваюць ягады з куста, здзіраюць далікатную кару з маладых галінак. Гэта ўсё роўна што сарваць кавалак скуры. Адкрытыя ранкі вельмі любяць шкодныя насякомыя, і любая інфекцыя бесперашкодна пашкоджвае расліну.

Выдаленне лісця і падкормка парэчак

Пасля абразання чорных парэчак восенню ўсё лісце на кустах трэба абарваць. Навошта гэта рабіць? Справа ў тым, што пажоўклыя, гнілыя лісты становяцца добрым пажыўным асяроддзем для шкоднікаў.

Зямлю пад самым кустоўем злёгку рыхляць і змешваюць з угнаеннем: адно вядро гною на адзін  куст. Можна падсілкаваць расліну карбамідным растворам, у які дададзена невялікая колькасць попелу.

Як выглядае апрацаваны куст?

Звычайна абрэзка куста завяршаецца да пятага года яго жыцця. Калі скончана восеньская абрэзка парэчак, «шкілет» сфармаванага куста павінны складаць 10—15 асноўных галін. Гэта і маладыя, і старыя парасткі. У здаровага куста павінна быць трывалая і шырокая аснова, дзякуючы якой сонечнае святло падае на ўсе галіны. Такая расліна пакрываецца пупышкамі, а потым і ягадамі з сярэдзіны куста. Калі парэчнік неапрацаваны — ягады дробныя, спеюць толькі на крайніх парастках, а ў цэнтры куста іх зусім можа не быць.

Восеньская абрэзка парэчкі адбываецца ў некалькі этапаў:

  1. Пры абрэзцы важна пакідаць па тры-чатыры парасткі, якія нядрэнна пладаносілі ў гэты сезон. Праз некалькі гадоў куст будуць складаць да 20 галінак рознага ўзросту.
  2. Калі парэчка дасягне ўзросту сямі-васьмі гадоў, парасткі, якія з'явіліся яшчэ ў першы год жыцця расліны, варта выдаліць. Слабыя, хворыя, надламаныя галіны, што растуць у няправільным кірунку, таксама пажадана абрэзаць. Куст, які цалкам сфарміраваўся, будзе складацца з 20—25 галін, узрост якіх вагаецца ад аднаго да васьмі гадоў.

Не рэкамендуецца пакідаць пянькі пасля абразання, бо яны хутка становяцца месцам рассялення шматлікіх насякомых.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.