Вы тут

Як прайшоў мiжрэгiянальны фестываль-конкурс народнай творчасцi «Крычаўскi конік»


«Ён i свiшча, i пяе, усiм радасцi нясе». Гэтымi словамi распачаў V мiжрэгiянальны фестываль-конкурс народнай творчасцi «Крычаўскi конік» яго iдэйны натхняльнiк — народны майстар Беларусi Вячаслаў ЯКАВЕНКА. Крычаў чарговы раз прымаў у сябе гасцей: аматараў i майстроў самабытнай падняпроўскай глiнянай цацкi з розных куткоў Беларусi i расiйскага Рослаўля.


— Толькi ў Крычаве майстры ляпiлi такую форму конiка, якую вы бачыце: без ножак i падобную на шахматную фiгурку. У гэтым яго адметнасць i вядомасць далёка за межамi Беларусi, — падкрэслiў Вячаслаў Якавенка.

Сёлета, дарэчы, удзельнiкаў не абмяжоўвалi ў тэматыцы — ляпiлi, каму што хацелася. Тут былi i пастаянныя ўдзельнiкi, як расiйскi мастак Мiхаiл СОТНIКАЎ. Ён прывёз i свае работы, i ўдзельнiчаў у конкурсе:

— У Наваполацку быў на пленэры, дзе дзецi пiсалi маслянай гуашшу. Мне спадабалася, як гэта выглядала, як з дапамогай гуашы можна перадаць фактуру таго, што малюеш, — i я стварыў цэлую серыю.

Яго дачка i ўнук таксама ўдзельнiчалi — кажуць, што гэта ўжо стала добрай традыцыяй сяброўства.

Юных талентаў на конкурсе было больш за ўсiх. Вiкторыя Навiцкая ляпiла сабаку, Веранiка Кухарава стварыла насценнае пано з ружай. Дзяўчаты вучацца ў сёмым класе i займаюцца ў Любовi Яшчанкi, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасцi, якая ўжо дваццаць гадоў як жыве глiняным рамяством i перадае яго сакрэты ўсiм ахвотным:

— Дзецi, якiя да мяне прыходзяць, па-сапраўднаму захапляюцца глiнай. А бацькi бачаць, што пасля заняткаў у малых маторыка паляпшаецца, увага засяроджваецца, яны пачынаюць лепш вучыцца, i тады расказваюць iншым бацькам, а тыя прыводзяць ужо сваiх малых. Таму мне часам няма куды пасадзiць сваiх вучняў, але нiкому не адмаўляю. Калi вочы дзяцей гараць, як iм адмовiш?!

На конкурсе сёлета былi i навiчкi.

— Дачка спачатку сказала: «Мама, не пераводзь глiну», але пасля ўсё ж здалася, правяла для мяне майстар-клас i нават дала свае прафесiйныя iнструменты i чарцёж намалявала, — смяецца Нiна Стральцова з Магiлёва, якая робiць сферу з гiпсу, куды пасля можна апусцiць нарыхтоўку, каб стварыць форму: званочак, свiстульку, што заўгодна. — Я адразу на конкурс i запiсалася.

На свята ў Крычаў з'ехалiся i работнiкi культуры з навакольных раёнаў са сваiмi работамi. Сёлета найбольшы акцэнт яны зрабiлi не на ўпрыгажэннi сваiх падворкаў, хоць i яно было на высокiм узроўнi, а на пачастунках: аладкi, сала, каўбаскi, марынаваныя грыбочкi, сырнiкi... I да ўсяго гэтага яшчэ i адпаведныя напоi…

Умельцы, якiя прадстаўлялi на фестывалi Касцюшковiцкi сельсавет, смажылі дранiкi непадалёк. Патэльня на некалькiх звязаных дротам паленцах — вось вам i печ. Дэкаратыўная печ, дарэчы, тут таксама была, а каля яе завiхалася Галiна СЦЯПАНАВА, мясцовая захавальнiца таямнiцы выпечкi хатняга хлеба:

— Я дагэтуль пяку хлеб у печы на спецыяльнай хлебнай лапаце. Паказваю iншым, як саджаць яго ў печ, як вымаць. Расказваю, што кляновыя лiсты трэба пакласцi, крыху падсыпаць мучыцы, i будзе ён смачнейшы, чым з крамы.

Гасцiнны стол з прысмакамi ды яркiмi закаткамi з гародніны арганiзавалi i ў Бацвiнаўскiм сельсавеце. На iх падворку пастаралiся аднавiць атмасферу вясковай хаты з печчу, вышыванкамi, ручнiкамi i покуццю.

А Вольга ДАМАРАЦКАЯ з аграгарадка Красная Буда раскрыла сакрэт, як згатаваць халадзец у выглядзе парасяцi:

— Трэба яго залiць застываць у пластыкавую бутэльку, а пасля разрэзаць яе, уставiць «вушкi» i «хвосцiк».

Карацей, хапiла ўсiм — i паглядзець, i пакаштаваць, i набыць, што па душы прыйшлося.

Iрына СIДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Крычаўскi конік па гуку чуецца здалёк


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».