Вы тут

Наталля Качанава: Залог паспяховай будучыні Беларусі — у паступальным і дынамічным развіцці краіны


Выступленне старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н. І. Качанавай на адкрыцці чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.


Фота: sovrep.gov.by

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя!

Сёння пачынае работу чацвёртая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

У міжсесійны перыяд ключавой падзеяй сталі выбары кіраўніка дзяржавы. Электаральная кампанія праходзіла ў няпростых умовах. Мы сталі сведкамі непрыхаванага вонкавага ціску на нашу краіну і нагнятання нездаровай грамадскай абстаноўкі ўнутранымі дэструктыўнымі сіламі.

Народ зрабіў свой выбар на падтрымку дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. На карысць стабільнасці, міру, спакою, палітыкі, што праводзіцца ў краіне, у цэнтры якой чалавек.

Разам з тым працягваецца беспрэцэдэнтная інфармацыйная атака на Беларусь з боку заходніх дзяржаў. Распаўсюджваецца хлуслівая і недакладная інфармацыя пра краіну. Адкрытыя фэйкі і домыслы маюць на мэце падарваць згоду ў грамадстве, пасеяць недавер да ўлады і сфарміраваць пратэсны рух.

Мы, члены Савета Рэспублікі, рашуча асуджаем грубае і бесцырымоннае ўмяшанне Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны і іншых замежных краін ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь.

Намі прыняты заявы, у якіх падкрэслена, што беларускі народ самастойна будзе вырашаць лёс сваёй краіны, працягне працаваць над эвалюцыйным развіццём эканомікі, палітычнай сістэмы, сацыяльнай і гуманітарнай сфер. І для гэтага ў рэспубліцы ёсць добрая форма народаўладдзя, пра якую сказаў Прэзідэнт на сустрэчы з палітычным актывам нашай краіны, — Усебеларускі народны сход.

Менавіта на гэтай пляцоўцы, з удзелам прадстаўнікоў усяго беларускага грамадства, у фармаце адкрытага дыялогу, будуць выкрышталізаваны актуальныя напрамкі ўдасканалення дзяржаўнага і грамадскага ладу ў рамках канстытуцыйнай рэформы. Яна прадвызначыць развіццё краіны на дзесяцігоддзі наперад.

Акрамя таго, удзельнікі гэтага маштабнага мерапрыемства вызначаць стратэгічныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы на бліжэйшую пяцігодку.

У ліку задач, якія патрабуюць вырашэння ў сярэднетэрміновай перспектыве, — уваходжанне краіны ў шосты тэхналагічны ўклад. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, далейшае эканамічнае развіццё Беларусі будзе базіравацца на ўласнай энергетыцы, экалагічнай і канкурэнтаздольнай вытворчасці, найвышэйшай, на ўзроўні сусветных стандартаў, якасці беларускай прадукцыі.

Да вырашэння гэтых і іншых актуальных задач я прашу падключыцца ўсіх членаў Савета Рэспублікі.

Упэўнена, што беларускі народ здольны самастойна, без ціску звонку знайсці адказы на ўсе хвалюючыя яго пытанні. Асабліва ў год 75-годдзя Перамогі мы павінны дакладна разумець, што мір і спакой, чым заўсёды ганарылася наша краіна, павінны быць захаваны. І ўлада забяспечыць парадак і бяспеку, абароніць чалавека і яго права на мірнае і годнае жыццё.

Паважаныя калегі!

Павестка бягучай сесіі надзвычай насычаная.

Плануецца работа больш чым над 30 законапраектамі ў розных сферах дзейнасці дзяржавы і грамадства.

На працягу сесіі трэба будзе разгледзець праекты Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Асаблівы акцэнт у іх зроблены на гуманізацыі адміністрацыйнай адказнасці, узмацненні прафілактычнага складніка і выключэнні нормаў, якія зжылі сябе, і незапатрабаваных.

Варта адзначыць, што ў праекты ўключаны ў тым ліку навацыі, прапанаваныя членамі Савета Рэспублікі.

Просьба аддаць гэтым знакавым дакументам самую пільную ўвагу ў працэсе іх разгляду.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы зараз распачата маштабная заканатворчая работа па ўдасканаленні Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў.

Упэўнена, што члены Савета Рэспублікі возьмуць у ёй самы актыўны ўдзел і ўнясуць аргументаваныя прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне механізму рэалізацыі крымінальна-прававой палітыкі дзяржавы.

Аднымі з найважнейшых на гэтай сесіі будуць законапраекты аб рэспубліканскім бюджэце і бюджэце Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2021 год.

Асноўныя патрабаванні да гэтых дакументаў вызначаны Прэзідэнтам нашай краіны. Бюджэт павінен быць арыентаваны перш за ўсё на развіццё. Гэта асабліва актуальна ў кантэксце актывізацыі работы па прыцягненні ў эканоміку краіны замежных і ўнутраных інвестыцый.

Паспяховы старт новай пяцігодкі шмат у чым залежыць ад збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, эфектыўнасці бюджэтных выдаткаў. Таму нам неабходна з асобай дбайнасцю падысці да разгляду законапраекта аб бюджэце.

Для павышэння якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, забеспячэння аховы здароўя насельніцтва плануюцца змяненні ў законы ў сферы аховы здароўя.

Законапроект "Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі" накіраваны на максімальную інтэграцыю ў грамадскае жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Упершыню на заканадаўчым узроўні будуць урэгуляваны пытанні абароны персанальных даных.

Павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці і спрашчэнню парадка правядзення мытных аперацый будзе садзейнічаць законапраект "Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь".

Паважаныя калегі!

Найважнейшым прыярытэтам нашай дзейнасці з'яўляецца работа з насельніцтвам і зваротамі грамадзян. Гэты кірунак на цяперашнім этапе развіцця краіны набывае асаблівую актуальнасць.

У міжсесійны перыяд членамі Савета Рэспублікі разгледжана больш за тысячу зваротаў, а за дзевяць месяцаў гэтага года — больш за тры тысячы.

Апошнім часам паступае вялікая колькасць зваротаў, у якіх грамадзяне падтрымліваюць Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку і курс дзяржаўнай палітыкі, які праводзіцца ім.

Па-ранейшаму нямала слоў падзякі ў лістах адрасавана членам Савета Рэспублікі за дапамогу ў вырашэнні канкрэтных пытанняў. Напрыклад, грамадзяне выказалі ўдзячнасць Сяргею Міхайлавічу Сіўцу і Алегу Алегавічу Румо.

Пры гэтым, як паказвае практыка, члены Савета Рэспублікі часта аказваюцца апошняй інстанцыяй, дзе людзям рэальна дапамагаюць у вырашэнні іх праблем. А яны ж павінны вырашацца органамі ўлады і дэпутатамі на месцах.

Як вы думаеце, няўжо для прадаўжэння аўтобуснага маршруту ў Пружанскім раёне неабходна было ўмяшанне Савета Рэспублікі? Хіба мясцовым уладам гэта не пад сілу? На жаль, такіх прыкладаў нямала.

Хачу нагадаць, што мясцовыя Саветы дэпутатаў — гэта сувязное звяно паміж уладай і народам. Паўнамоцтваў у іх дастаткова. Аднак дэпутаты карыстаюцца імі часам нясмела. Сацыяльныя сеткі не заўсёды задзейнічаюцца для зносін з людзьмі.

Менавіта таму на сучасным этапе надзвычай важна прадоўжыць удасканаленне формаў і метадаў работы мясцовых Саветаў дэпутатаў з насельніцтвам. Дэпутатам усіх узроўняў неабходна максімальна выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэт-прасторы. Таксама варта актывізаваць, а магчыма і перафармаціраваць дзейнасць органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

Гэтыя пытанні застануцца ў цэнтры ўвагі Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання і Прэзідыума Савета Рэспублікі.

Дарэчы, зусім нядаўна з выездам на месца мы вывучылі дзейнасць органаў мясцовага самакіравання пярвічнага ўзроўню на прыкладзе Смілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў. Па выніках падрыхтаваны канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні работы названых органаў у галіне сацыяльнай абароны насельніцтва, забеспячэння занятасці, павышэння якасці жыцця людзей, добраўпарадкавання тэрыторый і іншых сферах.

Прынята рашэнне праводзіць выязныя пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі не радзей як два разы на месяц.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Літаральна некалькі дзён таму завяршыў сваю работу VІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі на тэму "Гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязяў народаў Беларусі і Расіі".

Мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што агульнасць пройдзенага гістарычнага шляху, перажытыя разам эпахальныя падзеі з'яўляюцца важным кансалідуючым фактарам, што спрыяюць згуртаванасці і ўмацаванню адзінства беларусаў і расіян.

У мэтах далейшага збліжэння нашых народаў, забеспячэння стабільнасці і бяспекі дзяржаў надзвычай важна максімальна выкарыстоўваць багаты і разнапланавы патэнцыял супрацоўніцтва.

Гэта асабліва актуальна ў сучасным свеце, калі гістарычныя факты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, усё часцей скажаюцца і фальсіфікуюцца. У сувязі з гэтым падрастаючаму пакаленню вельмі складана разабрацца ў праўдзівасці той ці іншай інфармацыі, зрабіць правільныя высновы. Таму нам неабходна аддаваць вялікую ўвагу адстойванню гістарычнай праўды і яе дакладнаму асвятленню.

Па выніках Форуму яго ўдзельнікі пацвердзілі намеры дзвюх краін процідзейнічаць спробам перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны. Асаблівую ўвагу акцэнтавалі на важнасці захавання міру і бяспекі, а таксама на неабходнасці патрыятычнага выхавання моладзі.

У рамках Форуму падрыхтавана каля 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве і камерцыйных кантрактаў на суму звыш 700 млн долараў ЗША. Усё гэта стварае вялікі задзел для далейшага ўмацавання сувязяў паміж рэгіёнамі дзвюх краін.

У найбліжэйшы час мы працягнем наша ўзаемадзеянне з замежнымі калегамі ў рамках Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ, Міжпарламенцкага саюза.

Відавочна, што гэтыя пляцоўкі неабходна больш шырока выкарыстоўваць для аб'ектыўнага інфармавання пра сітуацыю ў Беларусі, прасоўвання парламенцкімі метадамі знешнепалітычных і знешнеэканамічных інтарэсаў дзяржавы.

Мы не раз пераконваліся ў эфектыўнасці парламенцкай дыпламатыі, таму ў цяперашніх умовах яе значэнне надзвычай узрастае. Нам, парламентарыям, варта максімальна поўна выкарыстоўваць яе патэнцыял.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Для рашэння задач па ўмацаванні суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, якія стаяць перад намі, павышэнні дабрабыту яе грамадзян работа парламентарыяў павінна быць максімальна прадметнай, канкрэтнай і эфектыўнай. Галоўнымі складнікамі яе поспеху будуць з'яўляцца высокі прафесіяналізм і актыўная грамадзянская пазіцыя кожнага з нас.

Жадаю ўсім плённай работы.

Дзякуй вам за ўвагу.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?