Вы тут

Цана адзiноты i шклянкi вады


Колькi нi папярэджвай, а сезонныя махляры  ўсё адно «ў шакаладзе». Чаму так?

Павольна, размятаючы па баках першае апалае лiсце, па доўгай вясковай вулiцы сунулiся лядашчыя цёмна-сiнiя «Жыгулi». Дзiўна было iх бачыць —  у нашай вёсцы ўжо нi ў кога такога ламачча няма. «Мо цыганы? —  падумалася. —  Ды не, яшчэ рана». Але, калi машына спынiлася акурат ля нашай хаты (пэўна, згледзелi жывыя кветкi на вокнах, якiя мы яшчэ не паспелi забраць у горад, —  сведчанне таго, што хтось жыве тут пастаянна) i брамку па-гаспадарску адчынiла кабета ў доўгай спаднiцы, сумненнi рассеялiся. Рванула з хаты як была —  у тапках, грозна гукнула насустрач няпрошанай госцi: «Што трэба?». Тая вiдавочна разгубiлася, прамямлiла нешта пра танныя тавары, якiя хоча прадаць, але сказана гэта было цераз плячо, бо «прадавачка» ўжо шпарка крочыла назад да брамкi. Я ведаю дакладна, што яе збянтэжыла i прымусiла так хутка рэцiравацца, —  зусiм не мая няветлiвасць, а мой узрост. Калi б насустрач выйшла бабуля, выставiць за падворак бесцырымонную маладзiцу было б нашмат складаней. А тут у «гандляроў» аблом атрымаўся. Не толькi са мной — праз паўгадзiны «Жыгулi» ўжо на добрай хуткасцi бразгаталi па вулiцы назад. Яно i не дзiва —  выхадны дзень, ды яшчэ i надвор'е добрае —  поўная вёска людзей.


Але яны —  калi не гэтыя дакладна, дык iншыя, абавязкова вернуцца. Бо надыходзiць iх час —  з раннiмi прыцемкамi, пустымi вулiцамi i адзiнокiмi пенсiянерамi ў хатах, у якiх, акрамя тэлевiзара, ката на каленях ды рэдкiх размоў з гарадскiмi дзецьмi-ўнукамi па тэлефоне, i забаўкi больш на ўвесь доўгi вечар i кароткi дзень няма. Хай сабе i цыганы — хоць якi чалавек брамку за дзень адчынiць. Зрэшты, «цыганы» — гэта так, па прывычцы кажуць. На самай справе ў гэты «бiзнес» уцягнутыя абсалютна розныя людзi, i ўжо не ўгадаеш, якой яны нацыянальнасцi. Махляры — вось такое ў iх i паклiканне i нацыянальная прыналежнасць.

I кожны год адно i тое ж. Колькi нi папярэджвае мiлiцыя, колькi нi расказваюць жыццёвых гiсторый пра абдураных i абакрадзеных пенсiянераў — усё роўна статыстыка злачынстваў штогод выдае новую фактуру. I «гандляры» на старых задрыпаных машынах як ездзiлi гадоў дваццаць назад па вясковых вулiцах, так i ездзяць. I асартымент для продажу ў iх той жа —  «пасцельнае», якое рвецца пад пальцамi, не дажываючы да першага мыцця; люраксавыя кофты кiслотных колераў; трыкатажныя штаны, што пасля аднаго адзявання расцягваюцца, як рэзгiны; кардонныя туфлi, што развальваюцца проста на нагах; нейкая нiкому не патрэбная гаспадарчая трасца кшталту даставальнiка костачак з вiшань (якi ад вiшнi ў найлепшым выпадку пакiдае толькi скамечаную скурку). Здавалася б, хто гэта купляе? Купляюць —  тыя ж самыя пенсiянеры. А яшчэ, калi пашанцуе, можна зайсцi ў хату i папрасiць шклянку вады. I пад шумок знайсцi i выграбцi ўсе грошы, што гаспадар цi гаспадыня збiралi на чорны дзень. (Iх i шукаць нескладана, яны ж i сёння ляжаць або ў шафе пад бялiзнай, або на ложку пад матрасам, праўда?) Бiзнес рызыкоўны, але даволi прыбытковы. Iнакш хто б iм з такiм упартым пастаянствам займаўся...

Гадоў дваццаць назад падобныя «гастралёры» ў суседняй вёсцы ўкралi ў адной бабулi ўсе яе «пахавальныя» грошы. Працавалi па простай схеме: паказалі тавар, папрасiлi папiць вады. Гаспадыня запрасiла iх у хату, прапанавала нешта i перакусiць. Добрыя гандляркi за гэта расшчодрылiся —  танна вырашылi прадаць бабцы фiрменны электрачайнiк. Пакуль адна дэманстравала i красамоўна распiсвала «цуд японскай тэхнiкi», iншая, схапiўшы са стала прапанаваны бутэрброд, употай паспела палазiць па бабчыных схованках i пазабiраць адтуль усе наяўныя грошы. Даверлiвая гаспадыня засталася i без зберажэнняў, i без чайнiка, якога так i не купiла.

Гэту гiсторыю доўга пераказвалi па ўсiм наваколлi. Гаварылi i пра даверлiвасць старой, i пра няўважлiвасць да яе дзяцей, якiя, жывучы ў недалёкiм горадзе, рэдка да яе прыязджалi... Бабулi той ужо даўно няма на свеце, у яе хаце цяпер жыве дачка, якая пасля выхаду на пенсiю пакiнула кватэру сваiм маладым. Якiм жа летась было маё здзiўленне, калi, апынуўшыся ў той вёсцы позняй восенню, я ўбачыла каля iхняй хаты парэпаную машыну i гаспадыню, якая вяла гандлярак у доўгiх спаднiцах да сябе ў хату...

Чым скончыўся iх «вiзiт» —  невядома, прынамсi, у нас нiчога пра тое не казалi. Можа, кабета проста купiла кофту з люрэксам, з якой гэты люрэкс праз два тыднi павылазiў, —  але для каго ў вёсцы гэта навiна? Можа, выгнала гандлярак з гвалтам —  i гэта не навiна таксама. А можа, выцягнулi штосьцi i з яе шафы. Але яна пра тое саромеецца расказваць, бо зразумела нарэшце, чаму яе мацi была як пад гiпнозам, чаму запрасiла ў хату чужых, незнаёмых людзей. Бо да яе, «маладой» гаспадынi, дзецi, кажуць, таксама зусiм нячаста ездзяць дый нават звоняць рэдка...

Да Дня пажылых людзей, якi ва ўсiм свеце адзначаецца 1 кастрычнiка, нашымi ведамствамi была агучана раснастайная статыстыка па тэме. Мяне зачапiлi дзве лiчбы. З пачатку года ў дачыненнi да пажылых людзей было здзейснена 130 ашуканстваў. З амаль 100 тысяч пажылых беларусаў, якiя атрымлiваюць сацыяльныя паслугi дома, 80 працэнтаў апошнiя аплочваюць. Гэта значыць, што яны не адзiнокiя, у iх ёсць працаздольныя дзецi. Хачу памыляцца, але пры такiм раскладзе першая лiчба будзе толькi расцi. Асаблiва позняй восенню гэта статыстыка нязменна будзе павялiчвацца.

Паспрабуйце са мной паспрачацца. Але спачатку спытайце ў самiх сябе, цi званiлi вам сёння вашы дзецi або цi званiлi вы сёння сваiм пажылым бацькам. Апраўданнi накшталт «няма часу» нi пры якiх умовах тут не прымаюцца.

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Прэв’ю: pansionat-osen.ru

Выбар рэдакцыі

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

Культура

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў забіты ў ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў забіты ў ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Грамадства

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Даслоўна англійскае слова «чайлдфры» перакладаецца як «свабодныя ад дзяцей». 

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.