Вы тут

Культурна-гiстарычная спадчына — тое, што нас аб'ядноўвае


У гэтым пераканана Галiна Бяляева, завуч школы № 34 г. Магiлёва. На Форуме рэгiёнаў Беларусi i Расii яна назвала тыя кiрункi, па якiх ужо вядзецца супрацоўнiцтва, i прапанавала новыя формы ўзаемадзеяння.


— Агульныя помнiкi гiсторыi, культуры i архiтэктуры патрабуюць ад нас больш цеснага супрацоўнiцтва. Прыкладам таго, як гэта важна i карысна, можна назваць стварэнне мультымедыйнай карты «Абарона Магiлёва: 23 гераiчныя днi». Гэта было зроблена пасля таго, як з'явiўся расiйскi электронны рэсурс «Пераможцы, салдаты Вялiкай вайны». Праект грандыёзны, цiкавы, актуальны, але мы звярнулi ўвагу, што ў расiйскай распрацоўцы падзеi на тэрыторыi Беларусi ў перыяд Вялiкай Айчыннай вайны паказаны фрагментарна. Наша iнтэрактыўная карта дазваляе прасачыць па днях прасоўванне нямецка-фашысцкiх войскаў па тэрыторыi Беларусi ў чэрвенi—лiпенi 1941-га i зразумець значнасць абароны Дняпроўскага рубяжа ў кантэксце Вялiкай Айчыннай вайны. Сёння гэты электронны рэсурс выкарыстоўваецца ў навучальных установах Магiлёўскай вобласцi на факультатыўных занятках i ўроках гiсторыi Беларусi, i мы гатовыя падзялiцца iм з расiянамi.

Яшчэ адзiн прыклад таго, як мы шануем нашу агульную гiсторыю, — гэта ўстаноўка магiлёўскiмi дэпутатамi памятнага знака на адным з рубяжоў гераiчнай абароны Магiлёва. Там разам з беларусамi ў першыя днi вайны насмерць стаялi байцы 110-й i 172-й тульскiх стралковых дывiзiй. Абарона Магiлёва доўжылася 23 днi, i нямецкiя танкi на гэтым участку так i не прайшлi. Беларусы памятаюць пра гэты подзвiг, нездарма Магiлёў i Тула з'яўляюцца сёння гарадамi-пабрацiмамi. Памiж сярэдняй школай № 34 Магiлёва i Цэнтрам адукацыi № 40 Тулы вялося плённае супрацоўнiцтва, мы абменьвалiся меркаваннямi, праводзiлi сумесныя педсаветы i навукова-практычныя канферэнцыi. Дзякуючы сувязям з установамi адукацыi Тулы i Масквы атрымалася аднавiць падрабязнасцi подзвiгаў старшага сяржанта артылерыi Мiкалая Сiрацiнiна ў лiпенi 41-га пад Крычавам i разведчыка Iвана Балуева ў кастрычнiку 42-га ў Бялынiцкiм раёне.

Было б карысна аб'яднацца для арганiзацыi i правядзення сумесных дзiцяча-юнацкiх паходаў па мясцiнах баявой славы, правядзення сумесных маладзёжных з'ездаў па адраджэннi i захаваннi агульнай беларуска-расiйскай спадчыны, аднаўлення агульных помнiкаў гiсторыi i культуры прыгранiчных раёнаў Смаленскай, Бранскай, Магiлёўскай абласцей. Плённаму супрацоўнiцтву вельмi будзе спрыяць наданне роўных магчымасцяў у рабоце з фондамi архiваў i музеяў грамадзянам Беларусi i Расii, а таксама папулярызацыя тэматычных манаграфiй.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота з архiва Галiны БЯЛЯЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?