Дадзены старт чарговаму, дзясятаму па ліку, сезону рэспубліканскага маладзёжнага праекта БРСМ «100 ідэй для Беларусі». Гэта было зроблена падчас афіцыйнай цырымоніі фінальнага этапу рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта «Стартап-тур. Інтэнсіў для маладых прадпрымальнікаў».
Да ўдзелу ў праекце запрашаюць маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, якія займаюцца рацыяналізатарствам, распрацоўкай навукова-тэхнічных і інавацыйных праектаў, што ўяўляюць практычную цікавасць для рэальнага сектара эканомікі. Для маладых навукоўцаў гэты ўзроставы парог складае 35 гадоў.
Прадставіць свае прапановы можна ў дзесяці намінацыях: «Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць», «Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць», «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць», «Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка», «Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія», «Бія- і нанаіндустрыя», «Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі», «Рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў», «Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць, абарона ад надзвычайных сітуацый», «Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера». У кожнай намінацыі будуць вызначаны па два пераможцы ў дзвюх узроставых групах: навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнты, курсанты, слухачы ўстаноў вышэйшай адукацыі, працуючая моладзь, маладыя навукоўцы.
Праект «100 ідэй для Беларусі» рэалізуецца сёлета ў некалькі этапаў. На першым будзе праводзіцца інфармацыйная работа па яго папулярызацыі. Каб атрымаць добры вынік, стаіць задача даць маладым людзям як мага больш звестак. Расказаць, як правільна і куды можна падаваць заяўку, як яе аформіць, каб яна адлюстроўвала ўсе неабходныя моманты. Прыём заявак ужо адкрыты. Іх можна накіраваць наўпрост у тэрытарыяльныя камітэты БРСМ альбо запоўніўшы форму на сайце 100іdeas.by. Ужо ў лістападзе пройдзе першы адбор, адбудуцца раённыя і занальныя выстаўкі, а экспертныя саветы вызначаць пераможцаў другога этапу.
У лістападзе — снежні пройдуць абласныя (Мінская гарадская) выстаўкі-прэзентацыі з вызначэннем пераможцаў трэцяга этапу. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць свой конкурсны адбор з арганізацыяй выстаўкі маладзёжных праектаў. Фінал 10-га сезона праекта запланаваны на люты 2021 года.
Усе фіналісты «100 ідэй для Беларусі» могуць прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. З іх 10 праектаў-пераможцаў атрымліваюць грашовыя сродкі ў памеры да 57 базавых велічынь для распрацоўкі бізнес-планаў інавацыйных праектаў у мэтах іх далейшага ўдзелу ў конкурсе ў парадку і на ўмовах, вызначаных Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях. Па выніках двух апошніх гадоў 10 пераможцаў прымаюць удзел у міжнародным маладзёжным праекце «100 ідэй для СНД».
Нагадаем, «100 ідэй для Беларусі» рэалізуецца БРСМ пры падтрымцы зацікаўленых у мэтах актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.