Вы тут

Sex-балясы. Узрост інфантыльнасці


Усе ж памятаюць «барадаты» анекдот: «Першыя 40 гадоў дзяцінства самыя складаныя ў жыцці хлопчыка»? Дык, як высветлілася, — і не жарт гэта ўжо. («— На якім тэрміне вы адчулі варушэнне дзіцяці? — Калі ён уладкаваўся на работу і пачаў жыць асобна».) Як паказалі вынікі даследаванняў брытанскай кампаніі Plusnet, маладыя людзі ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў практычна не прыстасаваныя да работы па доме. («— Разбэсцілі мы цябе, сынок! Будзем караць! — І дзе справядлівасць?! Разбэсцілі, значыцца, вы, а караць — мяне?») Гаворка ідзе пра міленіялаў, прадстаўнікоў пакалення Y, як іх называюць сацыёлагі, — людзей, што нарадзіліся прыкладна з сярэдзіны 1980-х да сярэдзіны 1990-х гадоў. («— Ну што, знайшоў хату на Новы год, ці зноў, як ёлупень апошні, свята з бацькамі будзеш сустракаць? — Ну маааам...») Як вы разумееце, хоць размова найперш ідзе, вядома, пра тых самых хлопчыкаў, дзяўчаты-равесніцы ўбаку таксама на застаюцца. У нас жа, асабліва за мяжой, цяпер час роўных магчымасцяў, так? («Калі я была маленькая, прынесла дадому бадзяжнае кацяня. На што мне маці сказала: «Вось вырасцеш, станеш дарослай, будзеш мець сваю кватэру — хоць барана прыводзь». Як у ваду глядзела!»)


Як высветлілася, многія міленіялы практычна не прыстасаваныя да ручной работы. («Я з таго пакалення, якое біла тэлевізар кулаком і пераключала каналы абцугамі. Так што не злуйце нас!») Большасць з іх звяртаецца да інструкцый у пошукавіках для таго, каб зрабіць самыя простыя справы: укруціць лямпачку, падкруціць болт. («Падлеткі цяпер проста не разумеюць, як ім пашчасціла жыць з усімі гэтымі смартфонамі. Нам раней даводзілася чытаць састаў асвяжальніка паветра ў прыбіральні, а цяпер са смартфонам можна проста сфатаграфаваць балончык і чытаць, дзе заўгодна».) 87 працэнтаў апытаных з больш чым дзвюх тысяч заявілі, што перш чым заняцца падобнымі работамі, звяртаюцца да «Гугла» або пішуць у сацыяльныя сеткі. («— Сынок, па-за межамі інтэрнэту ёсць жыццё! — Скінь спасылку».)

Адбываецца гэта праз тое, што маладыя людзі не ўпэўненыя ў сваіх здольнасцях вырашыць такія задачы. («Цацкі цяпер: машына з канструктара, поўны прывад, пульт дыстанцыйнага кіравання, бачна, як ходзяць поршні ў рухавіку. Цацкі ў маім дзяцінстве: цагліна — гэта танк».) А каля чвэрці будзе шукаць праз сеціва тых, хто лепш справіцца з названымі работамі. («Інтэрнэт усё ж такі вельмі падобны на рэальнае жыццё. Схадзіў да голых дзяўчат і злавіў два вірусы».) Апроч спецыялістаў, 16 працэнтаў апытаных маладых людзей гатовы звярнуцца па дапамогу да брата ці маці, а 40 працэнтаў — да бацькі. («Сын-падлетак кажа бацьку: — Тата, я падару табе на дзень нараджэння самы лепшы падарунак, які толькі можа зрабіць сын свайму бацьку! — І што гэта будзе? — Я дадам цябе ў сябры ў сацыяльных сетках!»)

Добра, калі бацьку ў свой час рабіць штосьці сваімі рукамі навучылі. («Калі я быў маленькі, бацька адплыў ад берагу на лодцы і кінуў мяне за борт. Я даплыў да сушы і напісаў на яго заяву ў міліцыю. Так тата навучыў мяне пісаць».) А калі не?.. («— А вы ўпэўнены, што сын вам родны? — Дык у яго зараз і мянушка ў двары такая ж, якая была і ў мяне ў дзяцінстве. — Ну, так тут нават экспертызу на ДНК рабіць не трэба».)

...Нядаўна ў Дзярждуму Расіі быў унесены законапраект адносна маладзёжнай палітыкі. («Плюсы дзяцінства: 1. Сон пасля абеду. 2. Трохразовае харчаванне. 3. Мульцікі. 4. Усе дзеці — сябры. 5. «Дамашка» складаецца ўсяго толькі з трох задач. Плюсы дарослага жыцця. 1. 2. 3. Іх няма») Апроч іншага, ён мае на ўвазе павышэнне азначэння ўзросту моладзі да 35 гадоў, тады як цяпер у гэту катэгорыю трапляюць грамадзяне ад 14 да 30 гадоў («Калі ты нарадзіўся ў 80-я, вырас у 90-я і дабраўся да 2020-х... Дык ты бачыў чатыры дзесяцігоддзі, два стагоддзі, два тысячагоддзі і пры гэтым табе няма нават 40!») Такія захады тлумачацца тым, што цяпер, дзякуючы больш абароненаму, чым у продкаў, сучаснаму жыццю, моладзь робіцца інфантыльнай. («Аднойчы маці ўзяла мяне з сабой у жаночую лазню. Гэта была яе апошняя спроба знайсці мне жонку».) Маўляў, у нашы дні менавіта ў 35 гадоў чалавека можна лічыць цалкам сфарміраванай асобай з пэўнымі жыццёвымі дасягненнямі. («— Мама, я пасадзіў дрэва, пабудаваў дом, нарадзіў сына. Можна, я пайду пагуляю?»)

А ў Дортсмундскім каледжы і Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў вучоныя высветлілі самы складаны і нешчаслівы ўзрост чалавека. Па іх версіі, гэта 47—48 гадоў. («— Як бы вы апісалі сваё жыццё ў двух словах? — За што?») Аднак расіяне, жыхары Кітая і Мексікі ўваходзяць у «цяжкі» ўзрост раней — у 43 гады. Вучоныя тлумачаць гэта біяхімічнымі працэсамі, гарманальным фонам і агульным старэннем арганізма. («Самая павольная хуткасць — у гуку. Тое, што табе бацькі казалі ў дзяцінстве, даходзіць толькі пасля 40 гадоў»). А прыкладна да 65 гадоў людзі зноў пачынаюць адчуваць сябе шчаслівымі і задаволенымі жыццём. Вастрэй за ўсё гэта адчуваецца бліжэй да 80 гадоў. («Ураааа! Мама прыехала!» — бегла бабуля, абганяючы ўнукаў».)

Як відаць, у кожнага ўзросту ёсць свае цяжкасці. Таму напрыканцы такі жарт... «Хочаш быць шчаслівы? Будзь ім. Але толькі так, каб ніхто не бачыў. Не раздражняй навакольных».

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».