Вы тут

«Са «Звяздой» нiколi сумна не будзе»


Алена Котава, дырэктар ААТ «Магiлёўсаюздрук»:


— Не палiчыце за лiслiвасць, але «Звязда» мне вельмi падабаецца, гэта па-сапраўднаму народная газета. Яна вельмi разнапланавая, кожны чытач, пачынаючы ад школьнiка і заканчваючы пенсiянерам, знойдзе ў ёй нешта карыснае для сябе. Усiм рэкамендую: калi выпадае вольная хвiлiнка, бярыце i чытайце — з гэтай газетай нiколi сумна не будзе. Падабаецца, што публiкацыi вельмi наблiжаныя да людзей, падзей, якiя адбываюцца ў краiне, да нашай беларускай культуры i традыцый. Газета iснуе на працягу ста гадоў i, не сумняваюся, будзе i надалей такая ж запатрабаваная.

Асабiста мне падабаюцца аналiтычныя матэрыялы, цiкавыя артыкулы па псiхалогii, каментарыi вядомых беларускiх дзеячаў. Цiкава чытаць пра лёс людзей, як яны чагосьцi дасягнулi ў сваiм жыццi, пра тое, чым жыве наша глыбiнка.

Мне iмпануе, што газета не навязвае нейкiя пэўныя погляды i думкi, расказвае пра наша з вамi жыццё непрадузята. Гэта збольшага тлумачыць поспех выдання.

А песiмiстам, якiя сцвярджаюць, што газеты — учарашнi дзень i яны сябе зжылi, хачу сказаць: вы моцна памыляецеся. Я кажу як чалавек, якi доўгi час займаецца падпiскай i рэалiзацыяй перыёдыкi ў рознiцу. Былi розныя перыяды, калi тыражы падалi, але праходзiў час, i ўсё станавiлася на свае месцы. Падпiска, магчыма, будзе вiдазмяняцца, калiсьцi быў ухiл у бок радыкальна палiтычных выданняў, сёння хутчэй рэалiзуюцца выданнi для душы, дзе можна падглядзець нейкiя парады, пачытаць у вольны час. Гэта сусветныя тэндэнцыi, i тут нiчога новага няма.

Попыт на выданне не залежыць ад палiтыкi рэдакцыi, гэта залежыць ад таго, што вакол адбываецца: ад прыроды, надвор'я, каранавiруса — ад чаго заўгодна. Нiколi не трэба рабiць паспешных высноў.

Сiстэма «Магiлёўсаюздрук» сёння перажывае рэфармацыю. Мы вельмi гнуткія i не стаiм на адным месцы, увесь час шукаем новыя формы работы з клiентам. Нам важнае iх меркаванне, нават негатыўнае. Галоўнае, каб яно было. Страшней, калi людзям становiцца ўсё абыякава. Мы мяняемся, перабудоўваемся — гэта таксама прагрэс i развiццё.

Дарэчы, газеты — адзiн з самых запатрабаваных нашых тавараў. Яны заўсёды ў непасрэдным доступе ад пакупнiка. Ён можа пагартаць i вызначыцца, што яму болей падыходзiць. Стараемся зрабiць, каб усё было па максiмуме камфортна i зручна для нашага пакупнiка. Выкарыстоўваем законы маркетынгу, гандлю, каб найбольш выгадна прадэманстраваць наш тавар i звярнуць на яго ўвагу. Сёння назапашаны вялiкi сусветны вопыт у вядзеннi любой справы, i мы iмкнёмся адпавядаць гэтым тэндэнцыям. Газеты таксама вельмi хадавы тавар, галоўнае, правiльна яго падаць — нельга навязваць, чытач сам павiнен зрабiць свой выбар. I, каб зрабiць яго, ён павiнен ведаць, пра што гэтае выданне.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.