Вы тут

Як медыяцыя дапамагае захоўваць сем'і на Гомельшчыне


Амаль чатыры месяцы таму Гомель далучыўся да новага для Беларусi праекта сямейнай медыяцыi «Мiр сям'i». Iнiцыятыва павiнна дапамагчы сужэнцам, якiя апынулiся ў цяжкай жыццёвай сiтуацыi, знаходзяцца на мяжы разводу, але не пакiдаюць надзеi знайсцi кампрамiснае рашэнне. У рэгiёне наладжаны штотыднёвыя дзяжурствы спецыялiстаў. Дапамогу аказваюць юрысты, псiхолагi, адвакаты i натарыусы, якiя маюць квалiфiкацыю медыятараў.


Псi­хо­лаг, ме­ды­я­тар  Тац­ця­на Са­сноў­ская.

— Развод — гэта маленькая вайна, у якой няма пераможцаў, а ахвяры бiтвы часцей за ўсё дзецi, — звяртае ўвагу на галоўную мэту праекта «Мiр сям'i» — аднаўленне канструктыўных стасункаў у пары медыятар, спецыялiст па прававой рабоце Гомельскай абласной натарыяльнай палаты Вiталь Сарока. — Медыяцыя дазваляе пагаварыць пра набалелае, справiцца з негатыўнымi эмоцыямi — прадуктам сямейных сварак, перавесцi канфлiкт у канструктыўнае рэчышча.

З моманту запуску праекта «Мiр сям'i» на тэрыторыi Гомельшчыны сваiм правам на ўдзел у iнфармацыйнай сустрэчы з медыятарам скарысталася звыш 30 чалавек i 10 сямейных пар. Некаторыя сем'i пасля сустрэчы выказалi намер не падаваць на развод i захаваць стасункi.

— Сустрэчы бясплатныя. Яны арганiзаваныя на базе аддзела ЗАГС Гомельскага гарвыканкама. Звярнуцца да спецыялiста медыяцыйнай службы могуць сем'i цi муж, жонка паасобку, — тлумачыць медыятар.

Правядзенне такой iнiцыятывы ў рэгiёне падтрымала Гомельская абласная натарыяльная палата сумесна з галоўным упраўленнем юстыцыi аблвыканкама. Падрыхтоўку спецыялiстаў медыятыўнай службы забяспечыў цэнтр «Медыяцыя i права» грамадскага аб'яднання «Беларускi рэспублiканскi саюз юрыстаў».

Вiталь Сарока расказвае, што праект «Мiр сям'i» ажыццяўляецца ў адным камфортным месцы. Такiм чынам не трэба шукаць дапамогi розных спецыялiстаў па ўсiм горадзе, а значыць, эканомяцца эмоцыi, грошы i час. Пасля першаснай кансультацыi, з улiкам асаблiвасцяў пэўнай жыццёвай сiтуацыi, сужэнцам прапануецца дапамога iншых неабходных спецыялiстаў.

— Удзелам у iнфармацыйнай сустрэчы з медыятарам у межах праекта цiкавяцца не толькi жыхары Гомеля, але i раённых цэнтраў вобласцi. Хтосьцi iмкнецца запiсацца, нават дамовiцца аб сустрэчы, — працягвае суразмоўнiк.

Трэба адзначыць, што высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты i медыятары Гомеля дапамагаюць не толькi вярнуць канструктыўныя зносiны, але даюць рэкамендацыi па пытаннях скасавання шлюбу, падзелу сумесна нажытай маёмасцi, парадку зносiн са сваякамi былога мужа цi жонкi, сябрамi, дзецьмi ад першага шлюбу i гэтак далей.

— Людзi павiнны разумець, што сутнасць медыяцыi пры разводзе зводзiцца да дасудовага цi пазасудовага вырашэння канфлiкту памiж былымi мужам i жонкай. Наша задача — выпрацаваць рашэнне, якое адпавядае iнтарэсам абодвух бакоў, — адзначае Вiталь Сарока i нагадвае, што звярнуцца да паслуг медыятара магчыма ў любы момант, аж да сыходу суда ў дарадчы пакой для прыняцця рашэння. У выпадку прыняцця пагаднення бакi будуць пазбаўлены выплаты судовага падатку.

Мiж тым сёння на Гомельшчыне працуе больш як 70 медыятараў. Амаль тры дзясяткi спецыялiстаў — гэта натарыусы i супрацоўнiкi Гомельскай абласной натарыяльнай палаты.

Сёлета 20 жыхароў рэгiёна прайшлi адпаведны курс навучання пры цэнтры «Медыяцыя i права» i вытрымалi экзамен на права атрымання пасведчання медыятара. Цiкава, што сёлетнiя выпускнiкi — гэта не толькi натарыусы i юрысты, але i супрацоўнiкi ўстаноў адукацыi, спецыялiсты страхавых кампаній i прыватных прадпрыемстваў.

Практыкуючы сямейны псiхолаг, выкладчык псiхалогii Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта транспарту Таццяна Сасноўская — адна з сёлетнiх выпускнiкоў:

— Уласна для мяне досвед медыяцыi — гэта не толькi магчымасць развiцця ў маёй прафесii, але i цiкавы перспектыўны кiрунак на шляху сённяшняга грамадства.

Таццяна Iванаўна ўпэўненая — такая практыка ў хуткiм часе набудзе яшчэ большую папулярнасць. Мiж тым сярод медыятараў з вопытам iснуе думка, што менавiта прафесiйным юрыстам i псiхолагам цяжэй «трымаць нейтралiтэт». У адных спакуса — «даказаць вiну», у iншых — «закрыць гештальт дзiцячых траўмаў». Цiкавае меркаванне псiхолага са шматгадовым стажам.

— Медыятар — вядома пасярэднiк. Яго задача — перакласцi з «мовы эмоцый» на канкрэтныя высновы прэтэнзii i як вынiк — канструктыўныя прапановы, — выказвае думку Таццяна Сасноўская. Яна падкрэслiвае, што асаблiва важна для яе было ўдасканалiць навык наладжвання зваротнай сувязi памiж удзельнiкамi канфлiкту:

— Бяда ў тым, што ў шлюбе пары больш не размаўляюць, адвыклi. Калi ў сям'i ёсць дзiця цi дзецi, тут тым больш патрэбны квалiфiкаваны спецыялiст з незалежным поглядам, якi можа сказаць: таварышы, вы вырашаеце не толькi свой лёс!

Таццяна Iванаўна расказвае, якiм чынам праводзiлiся практычныя заняткi:

— Мы вывучалi тэхнiку вядзення перамоў, канфлiкталогiю. Потым «прайгравалi» самыя розныя сiтуацыi з жыцця, шукалi шляхi рашэння крызiсаў. Кожны ўдзельнiк павiнен праявiць сябе ў адным выпадку як медыятар, у другiм — як аб'ект медыяцыйнай дапамогi. Бралiся за аснову не толькi канфлiкты ў сям'i, але i ў калектыве, памiж партнёрамi па бiзнесе, цi сацыяльныя. Напрыклад, суседзi, якiя не могуць падзялiць месца для стаянкi ў двары, прыйшлi да медыятара... Для работы нам давалiся толькi факты, i трэба было дапоўнiць гэту гiсторыю пэўнымi нюансамi, стварыць i «прайграць» розныя характары, — тлумачыць Таццяна Сасноўская. — На канкрэтных прыкладах работы медыятараў упэўнiлася, што пасля наведвання спецыялiста людзi часта наогул перадумваюць судзiцца, прыходзяць да згоды. Часам здараецца — чалавек падаў у суд на iншага, а на самай справе, проста хоча, каб у яго папрасiлi прабачэння.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».