Вы тут

У чым сакрэт даўгалецця?


Напярэдаднi Мiжнароднага дня пажылых людзей карэспандэнт «Звязды» пабываў у беларуска-расiйскiм прыгранiччы. Там пазнаёмiўся з мясцовымi старажыламi, якiя зарадзiлi сваёй станоўчай энергетыкай. Сваiм аптымiзмам, пазiтыўным успрыманнем свету яны могуць даць фору многiм маладым.


Прыхiльнiк раздзельнага харчавання

Мi­ха­i­лу Цi­ма­фе­е­вi­чу Даб­ра­ко­ву — 100 га­доў.

Жыхару райцэнтра Лёзна Мiхаiлу Цiмафеевiчу Дабракову 27 верасня споўнiлася 100 гадоў.

Поўны цёзка Калашнiкава добра памятае многае з таго, што адбывалася ў яго жыццi. Дочкi, якiя прысутнiчалi пры нашай размове, жартуюць, што ў iх памяць горшая, чым у татачкi. Ён родам з гэтых мясцiн, малодшы ў сям'i, дзе было дванаццаць дзяцей. Мiхаiл Цiмафеевiч скончыў пяць класаў, ваяваў у «фiнскую», быў паранены i атрымаў ордэн. А ў Вялiкую Айчынную вайну спачатку ваяваў на тэрыторыi Украiны, а Перамогу сустрэў у Аўстрыi.

Старажыл згадаў нават сустрэчу з амерыканскiмi саюзнiкамi. Тады ён меў званне сяржанта, быў камандзiрам артылерыйскай гарматы... Дэмабiлiзаваўся ў вераснi 1946 года, калi служыў у Малдавii. Ажанiўся, толькi калi было 36 гадоў... На той час у такiм узросце браць шлюб — даволi позна, але ж, зразумела, ствараць сем'i перашкодзiла вайна i пасляваенныя цяжкасцi. Жонка працавала даяркай, ён — будаўнiком, аднаўляў вёскi, рамантаваў сельскагаспадарчую тэхнiку.

I яшчэ ў яго працоўнай бiяграфii быў цiкавы факт: ва ўзросце амаль васьмiдзесяцi гадоў ён даглядаў коней: вазiў лес i не толькi. Тлумачыць, што гэта — адзiн з сакрэтаў актыўнага даўгалецця.

Такiм чынам суразмоўнiк, сам таго не ведаючы, расказаў пра папулярнае захапленне ў век iнтэрнэту i кiрунак у прафiлактыцы захворванняў i рэабiлiтацыi — iпатэрапiю... Мiхаiл Цiмафеевiч, аказваецца, яшчэ i прыхiльнiк раздзельнага харчавання. Нiколi не будзе есцi адразу, напрыклад, пюрэ з катлетай. I сваiм родным раiць ужываць усё па чарзе, а не рабiць у талерцы «вiнегрэт».

Наконт тытуню: курыў махорку, але кiнуў так даўно, што дочкi запамятавалi, калi гэта адбылося. А спiртнога i цяпер можа трохi выпiць. Не злоўжываў, але, як кажуць, каб пасядзець за сталом, не адмаўляўся.

Сакрэт даўгалецця, лiчыць Мiхаiл Цiмафеевiч, у натуральнай ежы, працы на свежым паветры. З задавальненнем раней наведваў лазню. I вельмi падабалася яму хадзiць у лес у грыбы i ягады. На жаль, цяпер прыкаваны да крэсла. А землякi кажуць, што ж яшчэ нядаўна хадзiў па вулiцах... I ветлiвы быў заўсёды.

У ветэрана чацвёра дзяцей: дзве дачкi i два сыны (адзiн ужо, на жаль, пайшоў з жыцця), 11 унукаў i 14 праўнукаў. Жывуць яны ў Лёзненскiм раёне, Вiцебску i Мiнску.

Праца на першым месцы

Ма­рыя Пят­роў­на Са­ро­кi­на.

На мяжы з Расiяй у вёсцы Сяло жыве 90-гадовая Марыя Пятроўна Сарокiна. Яна — патомны пчаляр. Яе бацька славiўся тым, што мёд у яго быў адзiн з самых карысных i смачных. Цяпер у Марыi Пятроўны некалькi дзясяткаў сямей гэтых працавiтых насякомых. У свой час скончыла расiйскую школу, якая ў некалькiх кiламетрах ад яе дома. Працавала бухгалтарам i старшынёй рэвiзiйнай камiсii. Муж Пётр Мiхайлавiч быў у мясцовым калгасе механiзатарам...

Зямлячкi вельмi паважалi яе за тое, што магла пашыць спаднiцу, сукенку i iншае з жаночага адзення. Гэтаму навучылася сама.

Суразмоўнiца ўпэўнена, што сакрэт даўгалецця ў тым, каб не жадаць нiкому лiха, жыць у гармонii з прыродай, вучыцца ў яе, назiраючы за ёй...

«Залатыя рукi»

Iван Мя­фодз­е­вiч Оку­неў.

А яе равеснiк з вёскi Слабадзiшча Iван Мяфодзевiч Окунеў — адзiн з чатырох жыхароў населенага пункта. Яго жыццё таксама звязана з Лёзненшчынай.

Пра такiх кажуць — залатыя рукi: усё можа пабудаваць, адрамантаваць. Прызнаўся, што рукi, нават у такiм паважным узросце, цягнуцца да працы.

Дарэчы, майстрам на ўсе рукi быў i яго бацька.

Аўдавеў дзядуля даўно i зараз жыве адзiн. Яго жонка, Любоў Мiхайлаўна, нарадзiла яму трох дзяцей. Мае пяць унукаў i праўнучку...

Вясковец працаваў у калгасе «Аб'яднанне» i каля трыццацi пяцi гадоў — у ляснiцтве. Працу сваю вельмi любiў. Лiчыць, што свежае паветра, дрэвы, свая агароднiна i садавiна даюць яму моц.

Наконт дрэнных звычак — пасля службы ў армii не курыў, з вiном «на вы».

Цяпер жывёлу не трымае, а раней была карова, якую Iван Мяфодзевiч сам даiў, меў каля трох дзясяткаў авечак. Зараз засталiся толькi куры, таму жартоўна называе сябе гультаём.

Упэўнены, што толькi дабрыня, справы па гаспадарцы, выхаванне дзяцей — гэта каштоўнасцi з вялiкай лiтары.

P.S. З кожным з паважаных маiх новых знаёмых хацелася гаварыць i гаварыць. Але ж у камандзiроўцы часта ўсё, як у хуткiм цягнiку. А шкада, што часу было мала. Слухаць iх — адно задавальненне. Нехта, можа, скажа, што яны «адсталi ад часу»? Але ж дзякуючы iх жыццёваму вопыту можна зразумець, што насамрэч важна, каштоўна, што варта i неабходна перадаць нашчадкам, а што так... на адзiн дзень. Хочацца пажадаць iм здароўя i даўгалецця.

Аляксандр ПУКШАНСКI, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».