Вы тут

Педыятр: Калi вырашылi прышчапiць дзiця ад грыпу, не трэба марудзiць


З 15 верасня ў краiне пачалася вакцынацыя супраць сезоннага грыпу. Дзецi гэта захворванне, у адрозненне ад COVID-19, могуць пераносiць вельмi цяжка. Таму ў некаторых выпадках урачы рэкамендуюць бацькам нi ў якiм разе не адмаўляцца ад прышчэпкi. Якiх дзяцей варта прышчапiць абавязкова, цi ахоўвае «грыпозная» вакцына ад iншых сезонных хвароб i чаму лепш прышчапiцца проста ў дзiцячым садку цi школе, расказала загадчык 3-га педыятрычнага аддзялення 3-й гарадской дзiцячай клiнiчнай палiклiнiкi Мiнска Людмiла Кiпцэвiч.


— Людмiла Iванаўна, у вашай палiклiнiцы ёсць выязная брыгада, якая робiць прышчэпкi ад грыпу ў дзiцячых садках. Для Мiнска гэта нячастая з'ява...

— Так, цягам некалькiх апошнiх гадоў мы робiм такiя прышчэпкi ў дзiцячых дашкольных установах у зоне абслугоўвання нашай палiклiнiкi. Прынялi такое рашэнне, каб аблегчыць бацькам гэту працэдуру: здаровых дзяцей не трэба весцi ў палiклiнiку ў сезон пад'ёму захваральнасцi. Пры жаданнi бацькi прысутнiчаюць на вакцынацыi — мы iх загадзя папярэджваем. I яны, дарэчы, таксама могуць прышчапiцца.

У першыя гады работы выязной брыгады было больш адмоў: хтосьцi не хацеў, прыглядаўся, хтосьцi казаў, што сам прыйдзе ў палiклiнiку. Цяпер часцей аддаюць перавагу нашай брыгадзе. Але ў бацькоў па-ранейшаму ёсць выбар: можна самастойна прыйсцi ў палiклiнiку, можна даверыцца нашай брыгадзе.

Перад тым як праводзiць вакцынацыю, мы атрымлiваем пiсьмовы дазвол у бацькоў, у якiм тлумачыцца, што гэта за прышчэпка, якiя могуць быць рэакцыi i чаму iх не трэба баяцца, указваецца вытворца вакцыны. Таксама мы высвятляем, цi ёсць алергiя на прэпараты, якiя ўваходзяць у склад вакцыны. Як правiла, гэта курыны бялок. А таксама вывучаем медыцынскую дакументацыю дзiцяцi з палiклiнiкi. Калi алергii няма, дзiця аглядае доктар i медсястра робiць прышчэпку. У нас маюцца ўсе неабходныя прэпараты для аказання неадкладнай медыцынскай дапамогi, калi ў малога раптам узнiкне ўскладненне. Але такiх выпадкаў, на шчасце, нi разу не было.

— Якiм катэгорыям дзяцей можна рабiць прышчэпку ад грыпу?

— Усiм дзецям пачынаючы з шасцi месяцаў, пры адсутнасцi супрацьпаказанняў, а гэта, у прыватнасцi, алергiя на курыны бялок i iншыя кампаненты вакцыны. Таму прышчапляць можна дзяцей да трох гадоў, якiя знаходзяцца дома, малых, што наведваюць дзiцячы садок i, канешне, школьнiкаў, паколькi яны маюць шмат кантактаў. Мы прыйшлi да высновы, што павiнна быць iмунiзавана не менш за 40 % школьнiкаў i столькi ж дзетак у дзiцячых дашкольных установах. Калi мы дасягнём гэтых лiчбаў, то будзе створаны пэўны калектыўны iмунiтэт. Даказана (i з гэтым пагаджаецца ў тым лiку Сусветная арганiзацыя аховы здароўя), што вакцынаваныя дзецi менш хварэюць на сезонныя рэспiраторныя iнфекцыi. Акрамя таго, у нас не было выпадкаў грыпу сярод вакцынаваных дзяцей.

— Хто абавязкова павiнен атрымаць прышчэпку?

— Дзецi ад трох гадоў, якiя маюць складаныя хранiчныя захворваннi. У першую чаргу стараемся прышчапляць тых, хто пакутуе на сардэчна-сасудзiстыя i захворваннi органаў дыхання, хваробы мочапалавой сiстэмы. Гэта тая катэгорыя дзяцей, якая рызыкуе атрымаць цяжкiя ўскладненнi пасля перанесенага грыпу.

Зразумела, што поўнага ахопу мы не дасягнём: у кагосьцi маюцца супрацьпаказаннi, хтосьцi адмаўляецца, бо дзiця найбольш часу праводзiць дома i не наведвае арганiзаваныя дзiцячыя калектывы. Бацькi маюць на гэта права, бо вакцынацыя — справа ўсё ж добраахвотная. Але калi будзе прышчэплена большасць хранiчна хворых i каля 40 % астатнiх дзяцей, мы будзем мець добрую iмунную праслойку, што дазволiць пазбегнуць, як i было ў апошнiя гады, iстотнага пад'ёму захваральнасцi i эпiдэмii, а таксама цяжкiх ускладненняў у групе рызыкi.

— Магчыма, з-за распаўсюджвання каранавiруснай iнфекцыi бацькi сталi менш адмаўляцца ад прышчэпак супраць грыпу?

— Мы чакалi сёлета актыўнасцi з боку бацькоў, i прышчэпкавая кампанiя пачалася раней — з 15 верасня. Пакуль вялiкага ажыятажу мы не назiраем. Вакцынуюцца тыя, хто i раней рабiў гэтыя прышчэпкi. Многiя бацькi пагаджаюцца, каб дзiця ў садку прышчапiла наша выязная брыгада. У школах таксама робяць прышчэпкi. Там працуюць свае медсёстры, але папярэдне для агляду прыходзiць урач. Дарэчы, пасля нашых выездаў у педагагiчныя калектывы прыхiльнiкаў вакцынацыi сярод выхавальнiкаў i настаўнiкаў стала больш, яны ўсе актыўна прышчапляюцца. Ёсць i тыя, хто ўпершыню вырашыў прышчапiцца сёлета.

На мiнулым тыднi мы зрабiлi 270 прышчэпак. Пры гэтым было запланавана 347, але дзецi прыхварэлi, будзем iх вакцынаваць, калi яны паправяцца. Таму калi бацькi вырашылi зрабiць малому прышчэпку, я раiла б не марудзiць, бо дзецi пачынаюць хварэць на вiрусныя iнфекцыi. Як правiла, пад'ём назiраецца ўжо ў вераснi — усе вяртаюцца ў калектывы пасля летняга адпачынку, абменьваюцца мiкрафлорай, i захваральнасць расце.

Гэтак жа, як i летась, сёлета мы выкарыстоўваем расiйскую вакцыну «Грыпол плюс». Але гэта не значыць, што яе антыгенны склад аднолькавы — ён штогод мяняецца. Вакцына па-ранейшаму супраць грыпу А i В, але самi штамы актуалiзаваныя.

— Даводзiлася чуць, што расiйская вакцына мае нават пэўныя перавагi...

— Яна мае больш нiзкую вiрусную нагрузку за кошт таго, што ў меншай колькасцi ўтрымлiвае антыгены. У складзе вакцыны ёсць iмунамадулятар — полiаксiдонiй. Гэта паралельная ўскосная прафiлактыка iншых вiрусных iнфекцый. Вакцына выклiкае мiнiмальную колькасць пабочных рэакцый. Яна адносiцца да субадзiнкавых вакцын — там няма нi жывых вiрусаў, нi iх абалонак, а толькi антыгены. А рэакцыi на антыген, як правiла, не бывае. I захварэць на грып ад гэтай вакцыны немагчыма.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.