Вы тут

Лукашэнка: Эканоміка заўсёды будзе, калі людзі да гэтага імкнуцца душой і сэрцам


Сёння ў Палацы Незалежнасці працягваюцца сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў. Першым пасля выходных на аўдыенцыю патрапіў губернатар Пскоўскай вобласці Міхаіл Вядзернікаў.


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Пскоўшчына — не толькі геаграфічны сусед Беларусі, але і ментальна блізкі ёй край.

«Мы будзем з вамі супрацоўнічаць не толькі зыходзячы з нейкіх там грашовых, меркантыльных, эканамічных інтарэсаў (гэта, натуральна, заўсёды было, ёсць і будзе), але ў адносінах з намі гэта, напэўна, не галоўнае пытанне, — сказаў ён. — Бо калі ў нас ёсць добрыя духоўныя адносіны, гэтая блізкасць нашых людзей, якія жывуць па той бок умоўнай мяжы і гэты бок пскоўскай (вобласці — „Зв.“), не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў Беларусі, эканоміка прыйдзе. Эканоміка заўсёды будзе, калі людзі да гэтага імкнуцца сваёй душой і сэрцам».

Ён не стаў падрабязна спыняцца на пераліку магчымасцяў Беларусі для нарошчвання супрацоўніцтва з пскавічамі і запрасіў кіраўніка расійскага рэгіёна часцей тут бываць.

«Мы блізкія яшчэ і таму, што добра ведаем вашы землі, у нас Віцебшчына дакладна такая ж як ваша вобласць, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Добра, што вы супрацоўнічаеце з Віцебскай вобласцю».

Аляксандр Лукашэнка згадаў паспяховы вопыт развіцця сельскай гаспадаркі на Віцебшчыне і выказаў гатоўнасць ім падзяліцца.

«Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што актывізуем рэгіянальнае супрацоўніцтва, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта вельмі важна, бо (вельмі часта пра гэта кажу, практычна кожнаму губерантару) у свой час губерантары выратавалі саюз Беларусі і Расіі».

Міхаіл Вядзернікаў выказаў падзяку ўраду Беларусі і кіраўніцтву Віцебшчыны за шчырую зацікаўленасць у супрацоўніцтве. Ён паведаміў, што дэлегацыя Пскоўскай вобласці ў колькасці 30 чалавек працавала ў нашай краіне цягам чатырох дзён. У выніку абмеркаваны канкрэтныя захады супрацоўніцтва ў сферы будаўніцтва, ЖКГ, рамонту дарог, закупкі транспарту і ліфтавога абсталявання, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі, культуры і ўзаемадзеяння грамадскіх і моладзевых арганізацый.

«Рэспубліка Беларусь з’яўляецца нашым ключавым знешнеэканамічным, знешнегандлёвым партнёрам, на долю гэтага партнёрства прыходзіцца 35 % тавараабароту, — дадаў Міхаіл Вядзернікаў. — Выбудавана шчыльнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў многіх сферах, у першую чаргу гэта машынабудаванне, транспарт, прамысловы комплекс. Нашы прадпрыемствы актыўна закупляюць беларускую тэхніку, размова ідзе пра сельскагаспадарчую тэхніку, дарожную, пасажырскія аўтобусы, кацельнае абсталяванне».

Губернатар адзначыў, што сёлета з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі тавараабарот з Беларуссю знізіўся амаль на 20 %.

Згодна з інфармацыяй, падрыхтаванай прэс-службай Прэзідэнта, леташні тавараабарот паміж Пскоўскай вобласцю і Беларуссю склаў больш за 120 мільёнаў долараў.


«Паміж Пскоўскім дзяржаўным універсітэтам і трыма ВНУ Рэспублікі Беларусь падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, аб стратэгічным партнёрстве, — назваў журналістам канкрэтны прыклад дасягнутых дамоўленасцяў губернатар Пскоўскай вобласці. — Для сябе мы, вядома, асноўным кірункам у гэтай рабоце вызначылі накіраванне медыцынскіх кадраў у беларускія ВНУ, бо ў нас на сёння, на жаль, маецца дэфіцыт амаль на 50 %, а ў вас вельмі добрая адукацыйная база і мы з задавальненнем у гэтым плане бы пасупрацоўнічалі».

Са свайго боку ў Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які гатовы прыняць беларускіх студэнтаў, маецца дамоўленасць з шэрагам расійскіх ВНУ, у тым ліку з Вышэйшай школай эканомікі, пра атрыманне падвойнага дыплому.

Яшчэ адна дамоўленасць датычыцца Дзён Віцебскай вобласці на Пскоўшчыне ў наступным годзе, і Дзён Пскоўскай вобласці на Віцебшчыне ў 2022 годзе.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.