Вы тут

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»


Леанiд Аляксандравiч ЛАТОЦIН

...Лёня старэйшы за мяне на чатыры гады, i так склалася, што мы з iм вучылiся разам у аспiрантуры ў прафесара Столяра. Гэта нас зблiзiла яшчэ болей. У свайго навуковага кiраўнiка мы былi ў ролi ад'ютантаў. Суправаджалi яго ў паездках на канферэнцыi, асiсцiравалi на навуковых семiнарах, сустракалi i праводзiлi яго гасцей з усяго Савецкага Саюза. Было вельмi цiкава займацца навукай, кантактаваць з разумнымi, высокаадукаванымi людзьмi. Тады на базе нашага фiзмата рэгулярна праводзiлiся канферэнцыi рэспублiканскага i ўсесаюзнага маштаба найперш таму, што ў iнстытуце працаваў прафесар Столяр. Гэта быў,
безумоўна, вучоны сусветнага маштабу, i мы з Лёнем старалiся яму дапамагаць ва ўсiм. Як правiла, суправаджалi Абрама Аронавiча i на традыцыйных банкетах пасля канферэнцый. На пэўнай стадыi падпiтку Латоцiн заўсёды распачынаў адну i тую ж песню «Сабралiся прымакi i пайшлi тапiцца...» Лёня заўсёды ўсё рабiў з азартам, i гэту песню выконваў самазабыўна. Але не магу не сказаць, што слухаў я яго з задавальненнем, паколькi сам у гэты перыяд жыў у цешчы.

Леанiд Аляксандравiч стаў загадваць кафедрай методыкi выкладання матэматыкi ў 1989 годзе, пасля прафесара Столяра. Ён сам шмат працаваў, патрабаваў вынiкаў i ад астатнiх. На кафедры вялася iнтэнсiўная навукова-метадычная работа, абаранялiся дысертацыi, друкавалiся навучальныя дапаможнiкi, навуковыя артыкулы. Два пяцiгадовыя тэрмiны загадвання Латоцiна прайшлi без праблем. Ён планаваў застацца загадчыкам i на трэцi тэрмiн, але нечакана для яго i для нас узнiклi складанасцi. На кафедры сфармiравалася апазiцыя загадчыку, якая прапаноўвала Леанiда Аляксандравiча на трэцi тэрмiн не рэкамендаваць. Я ў гэты час працаваў першым прарэктарам унiверсiтэта, курыраваў кадравыя пытаннi i абавязаны быў у сiтуацыю ўмяшацца. На гэтай кафедры працавалi яшчэ мае студэнцкiя сябры, былыя мае аспiранты, але я не стаў праз iх высвятляць прычыны супрацьстаяння Латоцiну i тым болей не планаваў сутыкнення яго прыхiльнiкаў i працiўнiкаў. Проста прыйшоў на пасяджэнне кафедры i адразу, нават нiкога не выслухаўшы, сказаў:

— Я, як першы прарэктар, павiнен патрабаваць ад загадчыка кафедры рэзультатыўнай работы. Асабiста я — ад яго i ад усiх яго супрацоўнiкаў. Па ўсiх паказчыках ваша кафедра найлепшая ва ўнiверсiтэце. Таму, рэкамендуеце вы Леанiда Аляксандравiча на наступны тэрмiн цi не, я ўсё роўна на Савеце ўнiверсiтэта буду адстойваць яго кандыдатуру. I ўпэўнены, што практычна ўсе члены Савета маё меркаванне i меркаванне рэктара, якое я тут таксама прадстаўляю, падтрымаюць.

Кафедра Латоцiна рэкамендавала, ён усяго загадваў ёю дваццаць гадоў. З Леанiдам Аляксандравiчам звязана i маштабная эпапея падрыхтоўкi навучальных дапаможнiкаў па матэматыцы для сярэдняй школы. Такая задача ўзнiкла адразу пасля набыцця нашай краiнай незалежнасцi. Патрабавалiся свае нацыянальныя падручнiкi па ўсiх прадметах. Мы з Б. Д. Чабатарэўскiм да гэтага часу ўжо былi суаўтарамi некалькiх навучальных дапаможнiкаў для студэнтаў па алгебры i тэорыi лiкаў, i Мiнiстэрства адукацыi прапанавала нам стварыць аўтарскi калектыў для падрыхтоўкi вучэбнага комплексу па матэматыцы для 5—7 класаў. У нас двух нават сумненняў не было ў тым, што без Латоцiна нам з гэтай задачай не справiцца. Ён пагадзiўся, а я вымушаны быў як прарэктар заняцца працэсам пераходу нашага педiнстытута ў статус унiверсiтэта, пасля падрыхтоўкай доктарскай дысертацыi, у вынiку Латоцiн i Чабатарэўскi засталiся ў гэтым праекце ўдвух. I яны блiскуча справiлiся з задачай: падрыхтавалi навучальныя дапаможнiкi, метадычныя рэкамендацыi для настаўнiкаў, дадатковую лiтаратуру па матэматыцы, прычым для 5—11 класаў сярэдняй школы. Гэтыя дапаможнiкi вытрымалi 18 выданняў на беларускай i рускай мовах. Па родзе сваёй службы я вывучаў шмат падобных прац i смела сцвярджаю, што ў Чабатарэўскага i Латоцiна яны высакакласныя.

Я любiў слухаць Леанiда Аляксандравiча на навуковых семiнарах. Ён заўсёды да iх грунтоўна рыхтаваўся. Напрыклад, шмат каму з нас для навуковай работы патрэбны былi статыстычныя метады для разумення i ацэнкi рэзультатаў педагагiчных даследаванняў. Лепей за ўсiх iмi валодаў Латоцiн. Больш за тое, па нашай просьбе ён падрыхтаваў курс лекцый i на спецыяльным семiнары падрабязна азнаёмiў усiх ахвотных з навуковымi асновамi гэтых метадаў.

Леанiд Аляксандравiч — працаголiк ва ўсiм. Наш з iм агульны сябра, дырэктар магiлёўскага лiцэя № 1, таксама былы аспiрант прафесара Столяра, Пётр Шылаў расказваў мне, што быў на лецiшчы Латоцiных. Такога iдэальнага ўчастка, арганiзаванага ў выглядзе тэрас па ўсiх правiлах мастацтва агароднiцтва, ён у жыццi сваiм не бачыў.

Я да канца не ведаю прычын, па якiх Леанiд Аляксандравiч, ужо амаль сямiдзесяцiгадовы, пайшоў з нашага фiзмата ў Магiлёўскi iнстытут МУС. Там ён працуе дацэнтам кафедры аператыўна-пошукавай дзейнасцi, вучыць будучых афiцэраў мiлiцыi логiцы мышлення. Iм пашчасцiла, Латоцiн заўсёды вучыць якасна, з уласцiвымi яму настойлiвасцю i азартам.

А я ўпэўнены, што i гэта яго не апошняе захапленне.

Васiль Васiлевiч ПЯТРОЎ

На нашым фiзмаце Васiль Васiлевiч Пятроў дэманстраваў сабой найвышэйшы ўзровень iнтэлекту i гранiчную сцiпласць. У яго было суровае дзяцiнства i, увогуле, няпросты лёс. Аднойчы да фiзматаўскай першакрасавiцкай «Гумарыны» мы задумалi выпусцiць насценную газету з назвай «Калi мы былi маладыя...» Папрасiлi калег-выкладчыкаў прынесцi свае фотаздымкi, дзе яны былi адлюстраваны маленькiмi, яшчэ дзецьмi. Iдэя аказалася не толькi цiкавай, але яшчэ i кранальнай. Выкладчыкi прыносiлi фотаздымкi, дзе яны ў дашкольным узросце, у малодшых класах. Былi фотаздымкi i даваенныя, i зробленыя адразу пасля вайны, дзе дзецi нават апранутыя былi ў вайсковую форму. Прынёс фотаздымак i Васiль Васiлевiч. На iм была пара шчаслiвых маладых людзей, мужчына i жанчына, з малечай на руках. Пятроў са слязамi на вачах стаў нам тлумачыць: «Гэта мае бацькi, а я ў iх на руках. Фотаздымак зроблены ў 1937 годзе. У гэтым самым годзе бацьку i мацi арыштавалi, болей я iх нiколi ў жыццi не бачыў. I нiчога не ведаю пра iх лёс».

Васiль Васiлевiч спецыялiзаваўся на тэарэтычнай фiзiцы. Лекцыi чытаў самазабыўна. У мяне складвалася ўражанне, што ўсе гэтыя складаныя формулы i iх рашэннi проста «вынiкаюць» з яго самога. Ён нiколi нi ў якiя канспекты не падглядваў, не збiваўся, не блытаўся. Высокi клас выкладчыка ВНУ! Яго навуковыя зацiкаўленнi былi ў касмалогii, у фiзiцы ўладкавання Сусвету — гравiтацыйныя, электрамагнiтныя палi, агульная тэорыя поля, чорныя дзiркi, калапсы зорак i шмат што iншае — усё вельмi далёкае i вельмi загадкавае. Усе гэтыя аб'екты i ўзаемадзеянне памiж iмi Пятроў вывучаў на матэматычных мадэлях, што, безумоўна, патрабавала шырокiх спецыяльных ведаў i напружанай працы. Вынiкi сваiх даследаванняў ён рэгулярна друкаваў у аўтарытэтных усесаюзных i замежных навуковых часопiсах. Але кандыдацкую дысертацыю Васiль Васiлевiч так i не абаранiў. Ён быў для мяне настолькi паважаны вучоны, што не толькi дапамагаць яму, але нават пытаць яго пра работу над дысертацыяй я не мог.

Фiзмат шанаваў, паважаў Пятрова i як узорнага сем'янiна. Ён вельмi апекаваўся i над сваёй жонкай, i над сваiмi дзецьмi. Не, падкаблучнiкам ён не быў. Мы ўсе бачылi, што не толькi ў калектыве, але i ў жыццi, у тым лiку i ў сям'i, ён быў сапраўдны iнтэлiгент.

Здаралася, што Васiль Васiлевiч чытаў астраномiю, а пасля смерцi К. К. Жылiка яму ўвогуле даручылi гэты курс. Вось праз Пятрова я i даведаўся, што ў нас, у iнстытуце, ёсць усё ж такi вельмi магутны тэлескоп. Ён яго распакаваў, сабраў, наладзiў i арганiзаваў для студэнтаў назiраннi за зорным небам. I не толькi для студэнтаў, але i для ўсiх ахвотных палюбавацца дзiўнай прыгажосцю космасу таксама. Аднойчы ён i мяне лiтаральна выцягнуў з кабiнета, узрушана заявiўшы, што такiя падзеi ў жыццi прапускаць нельга. I мы з iм проста каля вучэбнага корпуса ў тэлескоп назiралi праходжанне Венеры па сонечным дыску. Маё захапленне астраномiяй — ад Жылiка i Пятрова. I яно не гасне з гадамi! У нас у сям'i ёсць свой тэлескоп, i мае дзецi, унукi, сябры, суседзi рэгулярна любуюцца хараством рэльефу Месяца, «паласатым» Юпiтэрам i яго спадарожнiкамi, кольцамi Сатурна. Усе ведаюць i здольны паказаць на начным небе асноўныя сузор'i, беспамылкова адрознiваюць планеты ад зорак. I гэта ўсё таксама ад майго фiзмата.

Была яшчэ адна смешная, ды i кранальная таксама гiсторыя, звязаная з Васiлём Васiлевiчам. Ён прыйшоў да мяне як да рэктара, каб падзялiцца нечаканай для яго радасцю. Увесь свяцiўся ад шчасця. Далажыў, што яму прапаноўваюць членства ў Нью-Ёркскай акадэмii навук. Шчыра здзiўляўся, як яны даведалiся пра яго навуковыя дасягненнi, як высока iх ацанiлi. Я, разумеючы, што гэта распаўсюджаны па тым часе «развод» на грошы, цiха пытаюся:

— Васiль Васiлевiч, колькi?

Ён спачатку не разумее пытання. Я перапытваю:

— Колькi грошай яны просяць для першапачатковага ўзносу?

Васiль Васiлевiч, прыходзячы ў сябе, сумна адказвае:

— Пяцьсот долараў. Але такiх грошай у мяне няма...

Васiль Васiлевiч Пятроў — гэта непадробная шчырасць i чысцiня майго фiзмата.

Пераклаў з рускай мовы Максiм Веянiс

У пачатак

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.