Вы тут

Кроў i рубiны. Чаму лiхаманiць Мазамбiк?


Апошнiм часам у Мазамбiку вельмi неспакойна. Урадавыя сiлы па-ранейшаму спрабуюць вярнуць порт Масiмбва-да-Прая. Буйны горад у правiнцыi Кабу-Дэлгаду быў акупаваны атрадамi баевiкоў, звязаных з афрыканскiмi структурамi тэрарыстычнай групоўкi «Iсламская дзяржава», яшчэ ў сярэдзiне жнiўня. А ў вераснi джыхадысты нанеслi новы ўдар: захапiлi два астравы ў Iндыйскiм акiяне — Мекунга i Вамiс — на поўначы Мазамбiка, паведамiў тэлеканал CGTN. Па словах мясцовых жыхароў, дзёрзкi рэйд адбыўся позна ўвечары. «Яны прыбылi на невялiкiх рыбацкiх лодках. Вывелi людзей з дамоў, а затым падпалiлi iх жыллё», — распавёў адзiн з месцiчаў, якi па iронii лёсу перад тым уцёк на востраў Мекунга з захопленага раней тымi ж баевiкамi партовага горада Масiмбва-да-Прая. Улады зробяць усё магчымае для абароны сваiх грамадзян ад нападаў тэрарыстаў, заявiў прэзiдэнт Мазамбiка Фiлiпэ Ньюсi. Пра тое паведамiла «Радыё Мазамбiка». Аднак цi ўдасца навесцi парадак у гэтай паўночнаафрыканскай краiне?


Запасы на ўзбярэжжы

Апошнiя 15 гадоў аб'ём валавога нацыянальнага прадукту Мазамбiка павялiчваўся значнымi тэмпамi — у сярэднiм на шэсць працэнтаў у год. Гэта адбывалася дзякуючы распрацоўцы багатых прыродных рэсурсаў — запасаў вугалю i тытану, а таксама таннай гiдраэнергii. Але беднасць i няроўнасць у краiне толькi ўзмацнялiся, адзначае «Бi-бi-сi». Не дапамаглi i велiзарныя радовiшчы газу i рубiнаў, адкрытыя ў правiнцыi Кабу-Дэлгаду, што на ўзбярэжжы Iндыйскага акiяна. Як лiчаць асобныя эксперты, усе бонусы дасталiся верхавiне партыi ФРЭЛIМО (Frente de Libertaçã o de Moçambique — «Фронт вызвалення Мазамбiка»), якая непадзельна кiравала краiнай з моманту здабыцця незалежнасцi ад Партугалii ў 1975 годзе i праводзiла аднапартыйную палiтыку.

5 кастрычнiка 2017 года група ўзброеных iсламiстаў захапiла i два днi ўтрымлiвала стратэгiчны порт Масiмбва-да-Прая ўсяго ў 60 кiламетрах ад галоўнага цэнтра газаздабычы ў Пальме. Ён меў важнае значэнне для забеспячэння i развiцця газавага праекта. Пасля было ўстаноўлена, што баевiкi — не прыезджыя, а мясцовыя жыхары. Дарэчы, пасля iсламiсты захоплiвалi Масiмбва-да-Прая яшчэ двойчы.

З 2017-га гвалт у гэтых мясцiнах пачаў iмклiва разрастацца. За тры гады сама меней 1500 чалавек былi забiтыя i 250 тысяч вымушаны пакiнуць свае дамы. Улады страцiлi кантроль над трыма прыбярэжнымi раёнамi, адзначае «Бi-бi-сi». Беспрацоўе сярод моладзi i галеча сталi фактарамi, якiя спрыялi развiццю радыкальнай iсламiсцкай iдэалогii. У правiнцыi Кабу-Дэлгаду пашыраецца дзейнасць тэрарыстычных груповак. Гаворка ў першую чаргу iдзе аб рэгiянальных структурах «Аш-Шабаб», якiя дзейнiчаюць у каалiцыi з падраздзяленнем «Iсламскай дзяржавы» ISCAP (Цэнтральнаафрыканская правiнцыя IД). Лiдары «Аш-Шабаб» i ISCAP ставяць агульную мэту — стварэнне на тэрыторыi Мазамбiка iсламiсцкай дзяржавы.

Тэрарысты ў лесе

Баевiкi хаваюцца ў лясных гушчарах рэгiёна, адкуль ажыццяўляюць свае тэрарыстычныя рэйды. Падчас нападаў яны катуюць i забiваюць людзей, выкрадаюць жанчын i дзяцей, спальваюць хаты, знiшчаюць пасевы. Групоўка складаецца пераважна з грамадзян Мазамбiка, але таксама ўключае танзанiйцаў i самалiйцаў. Яна выкарыстоўвае даходы ад крымiнальнай дзейнасцi для ўладкавання баз на тэрыторыi Танзанii i Дэмакратычнай Рэспублiкi Конга, дзе баевiкi праходзяць падрыхтоўку да вядзення партызанскай вайны. Урадавыя войскi правялi шэраг контртэрарыстычных аперацый, аднак не змаглi спынiць дзейнасць тэрарыстаў. Вялiкая плошча рэгiёна не дазваляе сiлавiкам кантраляваць сiтуацыю.

У кастрычнiку 2018 года пачаўся буйны судовы працэс над дзвюма сотнямi падазроных у прыналежнасцi да радыкальных iсламiстаў. Улады Мазамбiка заявiлi пра сувязi мясцовых радыкалаў з сумна вядомымi самалiйскiмi тэрарыстамi.

Мусульмане складаюць 18 працэнтаў ад прыкладна 30-мiльённага насельнiцтва Мазамбiка, але Кабу-Дэлгаду — рэгiён пераважна мусульманскi. У апошнiя гады ён сутыкнуўся з наплывам як радыкальных iсламiстаў, так i хрысцiянскiх мiсiянераў, звязаных з мiжнароднымi гуманiтарнымi арганiзацыямi.

«Новыя iмамы», якiя атрымалi рэлiгiйную адукацыю за мяжой, засноўваюць мячэцi i вучаць, што старыя прапаведнiкi звязаны з ФРЭЛIМО i ўдзельнiчаюць у карупцыi i што жыццё па шарыяту будзе справядлiвае. У iх знаходзяцца сродкi, каб дапамагаць мясцовым жыхарам пачынаць свой бiзнес.

Прэзiдэнт Мазамбiка прызнаў, што iх прыцягальнасць для насельнiцтва нельга недаацэньваць. Першыя ўзброеныя сутыкненнi памiж палiцыяй i прыхiльнiкамi традыцыйнага iсламу разам з фундаменталiстамi адбылiся ў 2015 годзе. Тады радыкалы пацярпелi паражэнне i затаiлiся. Як высветлiлася, часу яны не гублялi.

Прыцягальныя актывы

Па iронii лёсу, ФРЭЛIМО пачаў узброеную барацьбу за незалежнасць ад Партугалii ў тых жа краях. Першы бой адбыўся 25 верасня 1964 года ў 60 кiламетрах на захад ад Масiмбва-да-Прая. Вялiкiм аўтарытэтам у правiнцыi Кабу-Дэлгаду да сёння карыстаюцца два ветэраны вайны за незалежнасць — Альберта Чыпандэ i Раймунд Пачынуапа. Кожнаму — 81 год, абодва ўваходзяць у найвышэйшы орган ФРЭЛIМО — Палiткамiсiю.

Зацвердзiўшыся ва ўладзе, кiраўнiцтва «Фронта вызвалення Мазамбiка» абвясцiла курс на сацыялiзм, але ў 1992 годзе рэзка перакавалася ў рыначнiкаў. Пабудаваны ФРЭЛIМО капiталiзм моцна карумпаваны, пiша «Бi-бi-сi». У ходзе хуткай прыватызацыi сотнi прадпрыемстваў дасталiся партфункцыянерам i высокапастаўленым вайскоўцам. Кантракты, канцэсii i крэдыты размяркоўвалiся ценявым шляхам. Два вядомыя выкрывальнiкi злоўжыванняў у пачатку нулявых былi забiтыя.

Калi ў 2009-м паблiзу Монтэпеза, што ў правiнцыi Кабу-Дэлгаду, адкрылi адно з найбуйнейшых у свеце радовiшчаў рубiнаў, мясцовыя жыхары пачалi самастойна шукаць iх, i сёй-той паспеў разбагацець. Але праз год канцэсiю на распрацоўку атрымаў Раймунд Пачынуапа ў партнёрстве з мясцовай «дачкой» брытанскай кампанii Gemfields Group Ltd.

Дробных старацеляў папрасiлi «адысцi ўбок». У ходзе развiцця радовiшча знеслi вёску. Мазамбiцкi фiлiял Gemfields заўважае, што дзейнiчаў у поўнай адпаведнасцi з мясцовымi законамi i пабудаваў для перасяленцаў 105 дамоў. Тым не менш, 273 чалавекi звярнулiся ў брытанскi суд. У парадку ўрэгулявання спрэчкi мацярынская кампанiя выплацiла iм 7,5 мiльёна долараў.

Праз год на шэльфе правiнцыi Кабу-Дэлгаду былi выяўлены найбуйнейшыя на ўсходзе Афрыкi радовiшчы газу. Паводле падлiкаў, агульны аб'ём здабычы з ужо разведаных участкаў дасягае два трыльёны кубiчных метраў. Шэраг вядучых сусветных энергетычных груп, уключаючы Total i Exxon Mobil, гатовыя да рэалiзацыi найбуйнейшых праектаў на суму ў 60 мiльярдаў долараў па здабычы i вытворчасцi ў гэтай частцы краiны звадкаванага газу.

Адчужэнне зямлi прыняло яшчэ большы маштаб. Праваабарончая i экалагiчная група Justica Ambiental сцвярджае, што прапанаваныя кампенсацыi не былi адэкватныя. Раней мясцовыя жыхары апрацоўвалi зямлю матыкамi i рыбачылi на невялiчкiх лодках, але пасля адкрыцця газу засталiся зусiм без працы.

Моладзь, якая скончыла школу i спадзявалася, што дзякуючы прыходу «цывiлiзацыi» зможа жыць лепш, чым бацькi, была расчараваная. Праца ў будаўнiцтве i газаздабычы знайшлася толькi для 2,5 тысячы мазамбiкцаў, i тое ў асноўным не ўраджэнцаў Кабу-Дэлгаду.

Гарачая кропка

Заходнiя палiтыкi i фiнансавыя аналiтыкi, якiя раней патрабавалi ад урада Мазамбiка празрыстага кiравання i барацьбы з беднасцю, пасля адкрыцця газу пачалi рабiць упор на яго адкрытасцi для замежных iнвестыцый. У 2019 годзе ФРЭЛIМО толькi мякка падакаралi за парушэннi падчас чарговых выбараў, iранiзуе «Бi-бi-сi».

Сёлета 17 лiпеня амерыканскiя i брытанскiя банкi ўхвалiлi пазыку ў 14,9 мiльёна долараў, якая пойдзе ў асноўным на закупку абсталявання ў ЗША i Вялiкабрытанiю. Праўда, гэтыя амбiцыйныя планы цяпер пад пагрозай з-за джыхадысцкiх выступленняў. Першапачаткова, паводле ацэнак спецыялiстаў, канфлiкт быў чыста ўнутраны. Ключавую ролю ў навучаннi i кiраўнiцтве партызанамi адыгравалi людзi, якiя папярэдне атрымалi падрыхтоўку ў радах мазамбiкскiх армii i палiцыi. Цяпер канфлiкт iнтэрнацыяналiзуецца. Радыкалы, па наяўных дадзеных, прысягнулi на вернасць арганiзацыi «Iсламская дзяржава» i бяруць урокi як ваеннай справы, так i рэлiгii ў замежных iнструктараў.

Урад, са свайго боку, наняў паўднёваафрыканскiх верталётчыкаў i вядзе перагаворы з той жа ПАР, а таксама з Францыяй i ЗША аб ваеннай дапамозе, уключаючы марское патруляванне ўзбярэжжа, каб спынiць сувязi паўстанцаў з Блiзкiм Усходам. Падчас свайго вiзiту ў адмiнiстрацыйную сталiцу правiнцыi Кабу-Дэлгаду — горад Пемба, якi размешчаны ў 200 кiламетрах на поўнач ад захопленага баевiкамi порта Масiмбва-да-Прая, прэзiдэнт Мазамбiка заявiў, што ўлады адновяць мiр i стабiльнасць у гэтай частцы краiны. «Урад Мазамбiка забяспечыць устойлiвае развiццё энергетычнага комплексу ў Кабу-Дэлгаду, што адкрывае новыя шляхi для развiцця ўсёй краiны,— падкрэслiў Ньюсi. — Зараз працягваецца работа, у вынiку якой Мазамбiк стане важным гульцом на рынку нафты i газу ўжо з 2022 года».

Рост уплыву i актыўнасцi «Iсламскай дзяржавы» ў Мазамбiку стаў важнай тэмай для абмеркавання сярод краiн Супольнасцi развiцця Поўдня Афрыкi (Southern African Development Community — SADC). Асаблiва гэта пытанне актуальнае для ПАР — паўднёвага суседа Мазамбiка i найбуйнейшай эканамiчнай i ваеннай дзяржавы рэгiёна. Зараз размяшчэнне вайсковых кантынгентаў дзяржаў SADC у Мазамбiку ўсё яшчэ знаходзiцца пад пытаннем, аднак верагоднасць гэтага значна вышэйшая, чым некалькi месяцаў таму. I ў выпадку такога развiцця падзей, адзначае riafan.ru, баявыя дзеяннi ў Кабу-Дэлгаду стануць найбуйнейшым па колькасцi задзейнiчаных бакоў канфлiктам на поўднi афрыканскага кантынента з моманту завяршэння грамадзянскай вайны ў Анголе. Так што Мазамбiк становiцца «гарачай кропкай» сапраўды сусветнага маштабу.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.