Вы тут

Чаму клетачную тэрапію называюць «тэрапіяй адчаю» і па якіх прычынах ствалавыя клеткі не пажадана прымяняць для амаладжэння


Для лячэння якіх захворванняў выкарыстоўваюць ствалавыя клеткі ў нашай краіне

Клетачныя тэхналогіі, або так званае лячэнне ствалавымі клеткамі, прымяняюцца ў беларускай медыцыне адносна нядаўна. Каля дзесяцігоддзя таму пачалося яго выпрабаванне, і ўсяго некалькі гадоў методыку выкарыстоўваюць для лячэння пацыентаў. Асноўныя напрамкі, дзе прыжылася клетачная тэрапія, — неўралогія і траўматалогія, а таксама анкалогія. Усяго каля тысячы хворых прайшло клетачную тэрапію ў нашай краіне. Спецыялісты расказалі, якіх вынікаў дасягнулі, чаму такое лячэнне называюць «тэрапіяй адчаю» і па якіх прычынах ствалавыя клеткі непажадана прымяняць для амаладжэння.


У анкалогіі, імуналогіі і стаматалогіі

Клетачная тэрапія рэкамендавана для лячэння каля 70 захворванняў. У Беларусі яе апрабавалі для трох дзясяткаў хвароб.

— У арганізме кожнага чалавека ёсць невялікі запас ствалавых клетак, але з узростам ён робіцца ўсё меншы і меншы. У нованароджанага суадносіны ствалавых клетак і астатніх складаюць 1:300, а ў мяне ўжо дзесьці 1:300 000, — расказвае загадчык аддзела клетачных біятэхналогій РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па клетачных тэхналогіях, доктар медыцынскіх навук, прафесар Міхаіл Патапнёў. — І калі мы захварэлі, а потым паправіліся, гэта працуюць нашы ўнутраныя ствалавыя клеткі. Прымяняючы атрыманыя ў лабараторыі клеткі, мы дапамагаем арганізму аднавіцца. Але клетачная тэрапія эфектыўная там, дзе не дапамагае працяглы прыём прэпаратаў.Таму яе называем тэрапіяй рэзерву, або «тэрапіяй адчаю». Тут урачам даводзіцца ўзважваць, каму прымяняць такое лячэнне, а каму не.

Розныя захворванні патрабуюць рознай дозы ствалавых клетак, а таму і колькасць ін'екцый усюды розная, як і метады іх увядзення. Курсы лячэння пажадана праз нейкі час паўтараць.

Клетачная тэрапія дапаўняе стандартныя метады лячэння, калі браць тую ж анкалогію. І ў параўнанні з хіміятэрапіяй пераносіцца нядрэнна. У пацыента бяруць кроў, вырошчваюць ствалавыя клеткі ў лабараторных умовах і ўводзяць іх хвораму.

Адным з лідараў у прымяненні ствалавых клетак стаў Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі. Тут займаюцца распрацоўкай, выпрабаваннямі, вытворчасцю і захоўваннем ствалавых клетак. Яны выкарыстоўваюцца як для медустаноў, так і для ўласнага прымянення. У інстытуце функцыянуе аддзяленне клетачнай тэрапіі, дзе вядзецца амбулаторны прыём. З пачатку мінулага года тут пралечана 200 пацыентаў, з іх 110 — на платнай аснове.

— Каля 65 % пацыентаў — з анказахворваннямі. Прычым большая іх частка — з ракам падстраўнікавай залозы, — расказвае дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай біяінжынерыі НАН Беларусі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Андрэй Ганчароў. — Большасці з іх такое лячэнне дапамагае прадоўжыць жыццё на некалькі месяцаў. Гэта нядрэннае дасягненне. Рак падстраўнікавай залозы — цяжкае анкалагічнае захворванне, дзе першапачаткова прагноз вельмі дрэнны. У нас ёсць пацыенты з выяўленай 4-й стадыяй, якія жывуць некалькі гадоў.

Выкарыстоўваюцца ствалавыя клеткі і для лячэння захворванняў, у аснове якіх ляжыць залішні імунны адказ. Яны прыгнятаюць яго, а разам з ім і запаленне.

— На базе НПЦ хірургіі і транспланталогіі праходзіць клінічнае выпрабаванне выкарыстання нашых ствалавых клетак для лячэння сістэмнай чырвонай ваўчанкі — цяжкай хваробы, якая за некалькі гадоў прыводзіць да інваліднасці. Гэта клеткі ад некалькіх донараў, і яны валодаюць высокай супрацьзапаленчай імунамадэлюючай актыўнасцю. Вынікі пакуль вельмі нядрэнныя. Мы заўважылі запаволенне прагрэсіравання хваробы, — адзначае Андрэй Ганчароў.

Па словах кіраўніка інстытута, актыўна выкарыстоўваюцца ствалавыя клеткі і ў стаматалогіі. Прычым прымяняюцца як недыферэнцыраваныя, так і дыферэнцыраваныя клеткі, якія становяцца асновай не толькі мяккіх тканак, але і касцей. У прыватнасці, у межах навуковага праекта такое лячэнне прымянялася пры рэцэсіі (змяншэнні аб'ёму) дзясны. З дапамогай ствалавых клетак удаецца дасягнуць павелічэння аб'ёму дзясны, і гэтага эфекту хапае на 1—2 гады. Другі навуковы праект скіраваны на аднаўленне касцявой тканкі.

Акрамя гэтага, інстытут біяфізікі праводзіць клінічныя выпрабаванні па лячэнні ствалавымі клеткамі хвароб вачэй, апёкаў, бясплоднасці, нетрымання мачы ў мужчын пасля прастатэктаміі. Працуюць тут над бія- і 3D-друкам, у прыватнасці друкам штучнай скуры. Усяго інстытут сумесна з зацікаўленымі праводзіць 26 клінічных выпрабаванняў. Ужо зарэгістравана чатыры біямедыцынскія клетачныя прадукты, тры выкарыстоўваюцца без рэгістрацыі (для ўласных патрэб).

— Мы шмат працуем у кірунку імуналогіі. З пачатку мінулага года ў нас створана новая лабараторыя імуналогіі. З наступнага года будзе яшчэ адна пад рабочай назвай малекулярнай імуналогіі. Іх асноўная задача — лячэнне аўтаімунных захворванняў,— падзяліўся планамі Андрэй Ганчароў.

Пры інсультах і трамбозах

Яшчэ адна навуковая ўстанова, якая актыўна выкарыстоўвае ствалавыя клеткі, — Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі. Пры ім створаны Цэнтр мозга, які займаецца вывучэннем розных спосабаў яго аднаўлення пры траўмах, пашкоджаннях, інсультах.

— Традыцыйныя метады лячэння, якія прымяняюцца пры інсультах і трамбозах, не заўсёды эфектыўныя. А колькасць пацыентаў з такімі праблемамі расце, прычым яны «маладзеюць», — кажа вучоны сакратар Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Маргарыта Досіна.

Яна адзначае, што традыцыйна ствалавыя клеткі ўводзяць у сістэмны крываток — артэрыяльна ці венозна. Але гэты метад мае істотны недахоп: клеткі разгрупоўваюцца па ўсім арганізме, дасягаючы галаўнога мозга ў малой колькасці — усяго 1—3 %. Яшчэ адзін спосаб увядзення — у зону пашкоджання — таксама мае істотны недахоп. Ён патрабуе дадатковага хірургічнага ўмяшання — трэпанацыі чэрапа, што не заўсёды падыходзіць пацыенту.

У інстытуце фізіялогіі распрацавалі новы спосаб увядзення ствалавых клетак. Калі траўма ў пярэдняй частцы мозга, то яны ўводзяцца праз слізістую носа, адкуль застаецца пераадолець нязначную адлегласць да месца пашкоджання. Калі траўма ў задняй частцы, то клеткі ўводзяць у трайчасты нерв.

— Гэты спосаб паказаў сваю эфектыўнасць. Праз 24 гадзіны яны дасягаюць мэты і лакалізуюцца ў зоне траўмы. Гэта найменш траўматычны спосаб для пацыента, — дзеліцца Маргарыта Досіна. — З 2016 года мы вядзём сумесныя даследаванні з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Больш чым 50 пацыентам былі паспяхова ўведзены ствалавыя клеткі.

З гэтага года інстытут фізіялогіі сумесна з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі пачаў вывучэнне прымянення ствалавых клетак пры пашкоджанні спіннога мозгу. Калі метад пакажа сваю эфектыўнасць, з наступнага года яго апрабуюць у клініцы.

Выкарыстоўваліся метады клетачнай тэрапіі і пры лячэнні COVІD-19. Як адзначыў Міхаіл Патапнёў, смяротных выпадкаў ад каранавіруса пасля прымянення такога метаду не было, але ён не з'яўляецца панацэяй.

А вось прымяненне біямедыцынскага клетачнага прадукту для амаладжэння арганізма вучоныя і медыкі называюць сумнеўнай задумай з істотнымі фінансавымі затратамі. У Швейцарыі курс амаладжэння каштуе 15-16 тысяч еўра. Пры гэтым эфект невідавочны і яго хапае на 1-2 гады. Да таго ж пакуль да канца не вывучаны наступствы гэтага метаду, менавіта з ім некаторыя звязваюць вялікія праблемы са здароўем, у прыватнасці анказахворванні ў некаторых расійскіх зорак.

— Выкарыстанне ствалавых клетак для амаладжэння — гэта, па сутнасці, псеўданавука. Мы ёй не займаемся, — падкрэсліў Андрэй Ганчароў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Тэрапія адчаю» ці будучыня медыцыны?

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.