Вы тут

Гродна натхняе. Горад вачыма фотамастакоў з Беларусі, Расіі, Польшчы і Славакіі


Горад над Нёманам адлюстравалі ў сваіх работах аматары і прафесіяналы — члены народнага фотаклуба «Гродна». Гэта свайго роду прызнанне аўтараў у любові да старажытнага горада.


 

— Тут і будынкі, і прыгожыя дзяўчаты, і хвіліны свят, канцэртаў... Усё, што парадавала вока фотамайстроў, а іх у выстаўцы ўдзельнічае паўсотні, прадстаўлена каля 200 работ. Упершыню ўдзельнічае некалькі замежнікаў. Яны бывалі ў нашым горадзе. Гэта майстры з Польшчы, Расіі, Славакіі, — расказвае нязменны старшыня фотаклуба Аляксандр Ласмінскі.

У кожнага аўтара свая тэма. Але многія адгукнуліся на актуальныя праблемы. Напрыклад, Андрэй Ветраў выбраў тэму каранціна: па пустой вуліцы горада ідзе выпускнік-2020 з лентай і ў масцы. У экспазіцыі шырока прадстаўлены гістарычныя аб'екты, у прыватнасці, Стары замак, дзе цяпер вядзецца рэканструкцыя. На здымках можна ўбачыць усе этапы работы. Вядома, гэта знакавы аб'ект горада, адсюль пачалася гісторыя Гродна, таму ён заўсёды цікавы. Звяртаюць на сябе ўвагу вобразы прыгожых гарадзенак. Замежнікі кажуць, што ў Гродне самыя прыгожыя жанчыны, і калі глядзіш на фотаздымкі, з гэтым нельга не пагадзіцца. Шмат святочных фота. Сапраўды, Гродна — горад фестываляў, канцэртаў, увогуле мастацтва. Цікава, што ў многіх аўтараў прафесія звязана менавіта з мастацтвам. Напрыклад, Аляксандр Луцэнка — былы акцёр Гродзенскага драмтэатра, які працаваў тут больш за 30 гадоў. На выстаўцы можна ўбачыць яго фота з тэатральнага жыцця. Але ён таксама вельмі любіць рабіць здымкі людзей, асабліва сталых і малых.

А вось прафесійны музыкант Аляксандр Пасечнік шукае ў горадзе новыя формы. Дакладней, лініі. Як аказалася, ён вельмі любіць геаметрыю і нават прадставіў на гэту тэму асабістую выстаўку. Вось і зараз яго здымкі пераклікаюцца з мастацтвам кубізму:

— У горадзе з'явіліся новыя лініі — вялізны гандлёва-забаўляльны цэнтр «Трыніці». Таму ў мяне ўзнікла ідэя зрабіць такія здымкі з лініямі. Я пайшоў а дзявятай гадзіне вечара, і да сямі раніцы хадзіў вакол будынка, каб зняць яго ў розных ракурсах. Зрабіў здымкі закаханай пары, якія таксама сустракалі світанак, і назваў гэтую кампазіцыю — «Ад рамантыкі да авангарда».

Не магу не расказаць пра члена клуба Людмілу Сцяцкевіч, чые работы з гарадскога жыцця таксама ўдзельнічаюць у выстаўцы. Жанчына вядзе барацьбу з цяжкай хваробай. Па ўсім відаць, што нават нязначны рух патрабуе ад яе істотных намаганняў. Каля сваіх работ Людміла расказвае, што кадр «падглядзела» падчас паездкі ў гарадскім транспарце. Яна шукае сюжэты паўсюдна. Нават кот у акне можа стаць героем яе фотаздымка.

— Калі са мной такое здарылася, я была рада, што магу здымаць. Я люблю гуляць па горадзе, здымаю закаты, нейкія гарадскія сцэнкі, раблю сэлфі, — расказвае Людміла. — Цяпер больш часу менавіта для творчасці. У мяне перыяд шчасця. Чымсьці прыйшлося ахвяраваць, але адкрыліся іншыя магчымасці, і гэта таксама трэба цаніць.

Вось такія яны, творчыя асобы, якія імкнуцца спыніць прыгожыя імгненні гарадскога асяроддзя. Дарэчы, на выстаўцы ёсць і работы фотакарэспандэнта «Звязды» Яна Хведчына, маладога фатографа, гродзенца, удзельніка фотаклуба «Гродна».

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Гродна натхняе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».