Вы тут

«Беларусь 3» павіншуе майстра дакументалістыкі Анатоля Алая з юбілеем


Свой 80-гадовы юбілей 4 кастрычніка адзначыць сцэнарыст, кінарэжысёр, народны артыст Беларусі Анатоль Алай. Канал «Беларусь 3» па традыцыі павіншуе майстра дакументалістыкі з днём нараджэння, падрыхтаваўшы з гэтай нагоды двухтыднёвы кінамарафон з паказам яго работ.


Пра такіх, як Анатоль Алай, справядліва кажуць: прысвяціў сваё жыццё мастацтву. Адзін з самых вядомых беларускіх дакументалістаў, лаўрэат шматлікіх прафесійных наград і прэмій прыйшоў у кінематограф з марай — знайсці бацьку, зніклага падчас Вялікай Айчыннай. Мара Анатоля Іванавіча здзейснілася, вынікам доўгіх пошукаў звестак стаў фільм «Чорны крумкач», але на тэму вайны, якая ўжо некалькі дзесяцігоддзяў становіцца лейтматывам амаль што кожнага яго фільма, майстар працягвае сваю даследчую размову дагэтуль.

Пачынаючы з 28 верасня ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала можна будзе пазнаёміцца з работамі Анатоля Алая, створанымі на кінастудыі «Беларусьфільм» у розныя гады. Адкрые кінапаказ стужка «Салдаты Італіі» — дакументальны фільм пра малавядомую старонку ваеннай гісторыі — лёсы італьянскіх салдат, якія адмовіліся супрацоўнічаць з гітлераўцамі ў карных экспедыцыях супраць мірнага насельніцтва нашай краіны ў 1943—1944 гадах. Фільм будзе паказаны 28 і 29 верасня.

Фільм «Бумеранг», у якім аўтары высвятляюць імя аднаго з нямецкіх афіцэраў на вядомым фотаздымку пакарання падпольшчыкаў у Мінску 26 кастрычніка 1941 года, убачым на «Беларусь 3» таксама ў аўторак. А вось працяг першай часткі кінадаследавання трагічных мінскіх падзей і высвятлення імёнаў карнікаў у фільме «Без тэрміну даўнасці. Бумеранг-2» гледачам прадставяць у эфіры 30 верасня і 2 кастрычніка.

У дзень нараджэння кінематаграфіста, 4 кастрычніка, будзе паказана адна з яго апошніх на дадзены момант работ — стужка «Доктар Шуба», прысвечаная лёсу выдатнага беларускага хірурга, былога галоўнага ўрача 1-й клінічнай бальніцы Мінска, заслужанага ўрача БССР Аляксея Шубы. Таксама ў гэты дзень у праекце «Навіны культуры» выйдзе спецыяльнае інтэрв'ю з шаноўным юбілярам, дзе ён раскажа, чым цяпер жыве і над якімі фільмамі працуе.

На тыдні з 5 кастрычніка ў эфіры «Беларусь 3» можна будзе ўбачыць яшчэ тры дакументальныя стужкі Анатоля Алая. «Сталін і Геля» раскажа пра лёс Энгельсіны Маркізавай-Дарбеевай, якая ў 6-гадовым узросце трапіла на сусветна вядомы фотаздымак з Іосіфам Сталіным. Работа майстра «Чорны крумкач» прысвечана пошукам яго бацькі — Івана Аляксеевіча Алая, ваеннага ўрача, які трапіў у палон і прапаў без звестак пад Беластокам у першыя дні вайны. Завершыць кінамарафон фільм-партрэт «Трафей сяржанта Багамолава», галоўны герой якога — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, заслужаны аграном Рэспублікі Беларусь Аляксей Міхайлавіч Багамолаў.

Тэлеканал «Беларусь 3» і рэдакцыя газеты «Звязда» віншуюць Анатоля Алая з днём нараджэння і запрашаюць да прагляду рэтраспектывы работ майстра.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва «Беларусь 3»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.