Вы тут

Сенатар Міхаіл Русы аб перспектывах беларуска-расійскіх адносін у аграрнай галіне, замацаванні моладзі на вёсцы і белым «золаце»


Напярэдадні правядзення VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі «МС» паразмаўляла са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаілам Русым на актуальныя тэмы двухбаковага парадку дня.


Патрыятызм, эканоміка і стабільнасць — паняцці тоесныя

«МС»: Сёлетні Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі — фактычна першае маштабнае мерапрыемства, якое пройдзе ў больш-менш «вочным» рэжыме. Вашы чаканні ад сустрэчы з калегамі-парламентарыямі і прадстаўнікамі расійскіх рэгіёнаў?

— Год выдаўся цяжкі — абмежаванасць зносін, перамяшчэнняў, кантактаў прыводзіць да зніжэння дзелавой актыўнасці. Гэта трэба выпраўляць. На форуме будуць парламентарыі, выканаўчая ўлада, найбольш моцныя прадпрыемствы. Аб сваім удзеле ў ім заявілі ўжо 20 кіраўнікоў — першых асоб рэгіёнаў. Падрыхтавана каля 70 пагадненняў і сотні кантрактаў — а гэта эканоміка: напаўненне бюджэту, рабочыя месцы, заробак і павышэнне дабрабыту людзей абедзвюх краін. Апошняя сустрэча кіраўнікоў нашых дзяржаў у Сочы (можа, хтосьці не заўважыў адзін элемент) паказала, што яны абмяркоўвалі ў тым ліку і работу рэгіёнаў. Днямі губернатар Прыморскага краю сустрэўся ў Мінску з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

У найбліжэйшы час яшчэ пяць губернатараў прыедуць для сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, акрамя свайго ўдзелу ў форуме. Цікавасць з боку расійскіх рэгіёнаў сапраўды вялікая. Гэта дае падставы для далейшага развіцця: мы павінны выйсці на стабільнае жыццё нашых людзей, стабільную работу прадпрыемстваў, уцягненне моладзі ў гэтыя працэсы. Патрыятызм, эканоміка і стабільнасць — паняцці тоесныя, калі іх раскласці па складніках. Таму ў нас будзе дзейнічаць пяць секцый па ўсіх кірунках. Я буду ўзначальваць работу секцыі, у якой разгледзім ролю моладзі ў развіцці аграпрамысловага комплексу.

Стварылі 1418 аграгарадкоў — захавалі галіну

«МС»: Тэматычная секцыя, якую вы ўзначаліце, будзе адной з ключавых. Раскажыце, калі ласка, якія гаспадаркі ў якасці прыкладу паспяховай работы вы прадэманструеце калегам?

— Лічу, што ўсе секцыі ключавыя, але я з вамі згодны, цікавасць да яе вялікая... На прыкладзе агракамбіната «Дзяржынскі» падзелімся паспяховым вопытам устойлівага рэгіянальнага развіцця. Дарэчы, я разглядаў бы яго ў сувязі з цяперашняй сітуацыяй і дэструктыўнымі сіламі, якія дэманструюць натуральную слепату, быццам бы не было 26 гадоў... Маўляў, трэба браць 1994 год і цяперашні. Краіна быццам бы з'явілася з ніадкуль... Яна падымалася з нуля: па праграмах, кірунках, рабоце з рэгіёнамі... Кіраўнік дзяржавы на пачатку сваёй дзейнасці казаў: толькі праз рэгіёны мы будзем выходзіць на выкананне пастаўленых задач, таму што там прымаюцца рашэнні (так, палітычныя рашэнні прымаюцца на высокім узроўні, а практычныя — там). Адна з праграм развіцця аграпрамысловага комплексу праз стварэнне шматпрофільных прадпрыемстваў з гуманітарным і сацыяльным кампанентамі — гэта цяперашнія аграгарадкі, якіх у нас 1418. Іх з'яўленне дазволіла стабілізаваць аграпрамысловы комплекс, накарміць, напаіць, апрануць людзей і зарабіць валюту. Вось уявіце — сёння няма шасці мільярдаў долараў ад продажу на экспарт прадукцыі сельскай гаспадаркі. Іх няма. Нават калі ўзяць крэдыт на шэсць мільярдаў, нават самы льготны 4 % — трэба прыкладна 220 мільёнаў долараў для выплаты толькі працэнтаў. Колькі дзіцячых садкоў можна пабудаваць за гэтыя грошы?

«МС»: Шэсць мільярдаў — гэта большая частка золатавалютнага рэзерву краіны...

— Можна і так сказаць. На сховішчы любога сырзавода, дзе галоўкі сыра, — гэта ляжаць еўра ці залатыя зліткі, як хочаце, так і называйце. Тое самае і ў агракамбінаце «Дзяржынскі». Тут мы можам паказаць, як арганізавана яго работа.

Аграгарадок пачынаецца з садка, школы, бальніцы, ФАПа, Дома культуры, музычнай школы, спартыўнай залы... Усё для моладзі! Далей — годны заробак і нармальныя рабочыя месцы. Таму што, з аднаго боку, калі ёсць добрая зарплата і няма куды падзець дзяцей — ніхто не паедзе ў вёску. З другога — калі паклапаціўся аб «сацыялцы», але няма рабочых месцаў і вытворчасці, таксама яе страчваем. Чаму менавіта агракамбінаты трэба разглядаць у якасці паспяховай мадэлі прыцягнення моладзі? Калі яны зарабляюць, тады ідуць далей — напаўняць «сацыяльны пакет» і нават развіваюць экалагічны кірунак. На прыкладзе агракамбіната «Дзяржынскі» відаць — экалагізацыя паўсюль. Акрамя гэтага, культурная, патрыятычная, гістарычная спадчына. Усе помнікі, пахаванні даглядае мясцовая ўлада, і львіная доля кладзецца на прадпрыемствы, якія іх даглядаюць. Мы пакажам побыт партызанскага атрада, які ўзнавілі на колішнім месцы. Адна справа — расказваць дзецям, як гэта было, зусім іншая — пайсці, паглядзець, дакрануцца да гісторыі і згадаць, дзе былі дзядуля, прадзядуля, бабуля і што яны зрабілі для Перамогі.

Акрамя таго, прадэманструем і суперсучасныя тэхналогіі на базе абсалютна экалагізаванай малочнатаварнай фермы. На прыкладзе дзейнасці дзяржаўных праграм мы пакажам, чаго дасягнулі. Дарэчы, аб эканоміцы: у гэтым аграгарадку вырабляецца 20 % мяса птушкі ўсёй краіны. Ніякіх праблем і з надоямі — дзесяць тысяч літраў малака на карову. Таму тут атрымліваюць сур'ёзны прыбытак. Але гэтыя аграгарадок і агракамбінат важныя яшчэ і тым, што яны не замыкаюцца на сабе. Зараз у вытворцы больш за 40 тысяч гектараў зямлі не толькі ў Дзяржынскім раёне: ён «падцягнуў» палавіну Крупак, будуе фабрыку па вытворчасці мяса індычкі ў Капылі, ёсць прадпрыемства ва Уздзе. Таму свая міжрэгіянальная палітыка ахапіла чатыры раёны ўнутры краіны. Гэтым вопытам мы таксама падзелімся на тэматычнай секцыі.

Плячо ад дзяржавы

«МС»: Вы закранулі цікавую тэму: вытворчасць мяса індычкі, да нядаўняга часу гэта была прэрагатыва фермерскіх гаспадарак і інвестара з Літвы. Да яе пачалі далучацца і буйныя айчынныя вытворцы?

— У краіне патрэба складае 15—20 тысяч тон у год плюс экспартны складнік. Таму, лічу, адно аднаму не перашкаджае і кірунак мы абралі правільны. Першую партыю мяса індычкі агракамбінат «Дзяржынскі» выпусціць ужо ў наступным годзе. Палітыка дзяржавы цікавая ў чым? У нас няма градацыі, маўляў, мы дапамагаем выключна буйным таварным комплексам. Фермер у нас працуе па такіх жа правілах і атрымлівае крэдыты. Акрамя таго што яны плацяць падатак у памеры 1 % з выручкі, як усе, але фермер яшчэ і падхоплівае тую нішу, якую буйныя вытворцы і не будуць займаць. Асабістыя дапаможныя гаспадаркі таксама падтрымліваем: усе лішкі прадукцыі Белспажыўсаюз купляе ў насельніцтва па добрай цане. Гэта яшчэ дадатковая крыніца прыбытку. То-бок палітыка дзяржавы выбудавана такім чынам, што кожная ніша закрываецца. І наадварот, — даём магчымасць кожнаму сябе рэалізаваць: ад ІП і асабістай дапаможнай гаспадаркі да буйнога сельгаспрадпрыемства. Магутных холдынгаў, якія мы пачыналі ствараць на першых этапах, ужо некалькі дзясяткаў. Цяпер яны вырабляюць 35—40 % прадукцыі ў краіне і прыкладна столькі ж экспартуюць.

Колькі ў свой час было нараканняў адносна пабудовы буйных МТФ?! Так, пабудавалі, але фермы эксплуатуюцца 35 гадоў — мы пабудавалі іх на два пакаленні наперад. Давайце ўявім: іх зараз няма. Стаялі б малочныя заводы, мясакамбінаты, не было б гандлю. Далей. Зрабілі сучасныя сховішчы для агародніны — атрымалі на гэтым дадатковы прыбытак. Бульбасховішчы — гэта мільён тон бульбы з перапрацоўкай на самых сучасных магутнасцях.

На выязным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання  ў Клічаўскім раёне.

«МС»: Пераходзячы ад эканамічнай дзейнасці да сацыяльнай накіраванасці, якія меры і сучасныя стандарты патрэбныя для эфектыўнага замацавання маладых кадраў на вёсцы, павышэння сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці вясковай моладзі?

— Чатыры складнікі, я мяркую, для таго, каб замацавацца: першы — дастойны заробак, другі — жыллё, трэці — вольны час, чацвёрты — падрыхтоўка кадраў. То-бок людзі павінны прыходзіць у прафесію з разуменнем. Сістэма мэтавага накіравання, я лічу, вельмі добрая: дзяржаве патрэбны аграном, ёсць бюджэтны набор і выпускнік каледжа, які хоча працаваць. Таму накіроўваем яго адразу на трэці курс аграрнай ВНУ і далей на работу ў рэгіён. Калі ты атрымаў стыпендыю ад дзяржавы, ты павінен яе адпрацаваць. Так усюды ў свеце. Навучылі бясплатна, але на месцы павінны стварыць адпаведныя ўмовы. Вось асноўныя складнікі.

Патрэбна кааперацыя

«МС»: Міхаіл Іванавіч, на мінулым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў полі зроку тэматычнай камісіі была рэалізацыя сумесных праграм па селекцыі і племянной справе. Ці ёсць вынікі і якія яны?

— Гэта была мая ініцыятыва. Я раскажу, як гэта было і што нам трэба выключыць. Калі Уладзімір Уладзіміравіч (Пуцін. — Аўт.) і Аляксандр Рыгоравіч (Лукашэнка. — Аўт.) наведвалі выстаўку «Белагра», гэта быў перыяд, калі нашы краіны трапілі пад эмбарга Еўропы. Племянныя яйкі, птушанят, суперплемянных свінак мы набываем за мяжой — у Даніі, Германіі, Нідэрландах. У нас ёсць свае напрацоўкі, можа, не такія высокаэфектыўныя, але яны забяспечваюць нармальную стабільную работу. У Расіі яшчэ з часоў Савецкага Саюза па птушцы — вельмі добрая школа, у нас — па буйной рагатай жывёле і свіннях. Са згоды кіраўніка дзяржавы я звярнуўся да Уладзіміра Уладзіміравіча з прапановай, каб у межах Саюзнай дзяржавы стварыць племянныя цэнтры ў нас і ў Расіі і забяспечваць сябе і краіны ЕАЭС. Прэзідэнт Расіі пагадзіўся і звярнуў увагу, каб дакументы рыхтавалі на яго імя, каб трымаць на кантролі, інакш, маўляў, завалакіцяць. І вось ідзе валакіта... Усё прынялі і гэтае пытанне на форуме мы будзем узнімаць, Іван Крупко (міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. — Аўт.) выступіць на нашай секцыі, на якой будзе Дзмітрый Патрушаў (расійскі міністр сельскай гаспадаркі. — Аўт.), яны дасведчаныя маладыя людзі. Зараз вырашэнне гэтага пытання знаходзіцца ў найвышэйшай ступені гатоўнасці: на калегіях міністэрстваў прайшлі экспертныя заключэнні, засталося толькі вызначыць і рэалізаваць. У нас у агракамбінаце «Дзяржынскі» ёсць фабрыка — працэнтаў на 60 % мы сябе забяспечваем, — яе можна назваць племянным цэнтрам і развіваць тэму далей. А каб рэалізацыя рушыла ад слоў да справы, трэба ставіць канкрэтны тэрмін выканання і несці за гэта адказнасць.

«МС»: Напрыканцы размовы хацелася б даведацца аб далейшых планах беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў аграрным сектары, акрамя развіцця племянных цэнтраў.

— Трэба падымаць пытанне аб адзінай прамысловай палітыцы, яе паміж краінамі няма, а з гэтага вынікае страшэнная шкода. Дарэчы, што датычыцца адзінай аграрнай палітыкі — тут прасунуліся даволі нядрэнна. А прамысловую нам неабходна абавязкова развіваць. Возьмем, напрыклад, трактарабудаванне: Кіраўскі завод робіць трактары, і ў Мінску іх робяць. Неабходна вызначыцца, які аб'ём трактароў патрэбны Беларусі, Расіі і плюс на адзіную мытную прастору. Дакладней: хто і колькі будзе вырабляць? Вялікі трактар у нас добра атрымліваецца — мы яго зробім на ўсіх, маленькі ў вас — рабіце вы. Тое самае з камбайнабудаваннем — мы блытаемся паміж сабой. Што перашкаджае аб'яднаць намаганні? Мы канкурыруем адно з адным, страчваем грошы, а выйграе хтосьці трэці. Таму перспектывы такія: развіваць аграпрамысловую палітыку далей. Менавіта зараз трэба заняцца племянным кірункам, ільном (і забяспечыць ім заводы), перапрацоўкай і сумесна выбудоўваць адзіны ўнутраны рынак, забяспечыць работай спачатку сваіх людзей і толькі потым дапускаць кагосьці іншага. Трэба даць магчымасць зарабіць, развіць, падняць галіну і не залежаць ад кагосьці.

Гутарыла Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Што перашкаджае нам аб'яднаць намаганні?»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.