Вы тут

У Палацы мастацтва працуе выстава, якая распавядае пра ўзаемасувязь гарадскога асяроддзя, мастацтва і гледача


У Палацы мастацтва працуе выстава арт-групы Hutkasmachnaā Studio.


Праект арт-групы пра ўзаемасувязь гарадскога асяроддзя, мастацтва і гледача, які перасякае абедзве сферы ў штодзённасці і ўзаемадзеянні з горадам.  

Група Hutkasmachnaā належыць архітэктару і мастаку Андрэю Буслу. Калі не хапае рук ці ідэй, дапамагаюць яму ў рэалізацыі творчых праектаў удзельнікі групы Сяргей Краўчанка (архітэктар, музыка, паэт) і Тарас Пашчанка (дызайнер, праграміст, мастак).

На выставе можна пабачыць шмат аб’ёмных арт-аб’ектаў. Некаторыя атрымалася вылучыць са старых інсталяцый, а некаторыя з’явяцца ў Мінску ў найбліжэйшы час. Напрыклад, мастакі выставілі вялікі фотаздымак месца, дзе зарадзілася беларуская IT-сфера. Скульптура «IT» прадстаўлена ў галерэі «Арт-Беларусь», але дзе і калі яе размясцяць у горадзе, пакуль невядома.

Ёсць тут легендарныя чырвоныя парасоны, люстэркі, неонавыя надпісы, вулічнае мастацтва — графіці, якое часта ўспрымаецца некаторымі абывацелямі як вандалізм, і нават сапраўдны беларускі герой — пластыкавы ЖЭСман. У рабочай вопратцы ён стаіць у вельмі недарэчнай позе: рукамі абапіраецца аб падлогу, а нагамі падтрымлівае вялізны камяк. Цяжка ўявіць, колькі часу заняло налепліванне ўсіх газет.

Цікавым аб’ектам з’яўляецца карціна «Шчыгол», напісаная Тарасам Пашчанкам. Ілюстрацыя — недакладная, але вельмі падобная копія «Шчыгла» (1854 г.) галандскага мастака Карэла Фабрыцыуса, выкарыстаная ў сюжэце аднайменнага рамана Доны Тарт.

Ёсць на выставе яшчэ адна адметная інсталяцыя — так званая Падушка бяспекі, якая размешчана пад фотаздымкам з выявай прадмета. Надпіс «для цяжкіх часоў» вельмі гаворачы, бо сапраўды падушка дапаможа ў нялёгкую хвіліну: унутры схаваныя грошы.

Міні-цягнікі з намаляванымі вочкамі і з рогамі створаны мастакамі Максімам Осіпавым і Аляксеем Хацкевічам.

Каля сцяны стаяць 30 фіялетавых кіёў для апоры пры хадзьбе, якія нагадваюць пра KIYSHARING: мінулай восенню арт-група рабіла бясплатны шэрынг кіёў на Камароўскім рынку.

На выставе шмат аб’ектаў, з якімі абавязкова трэба пазнаёміцца. Кожны з іх кранае сваёй непаўторнасцю і арыгінальнасцю. Пабачыць арт-групы Hutkasmachnaā Studio «Рэчы без нагляду і падазроныя прадметы» можна ў Палацы мастацтва да 27 верасня.

Кацярына САРОКА

Загаловак у газеце: «Рэчы без нагляду і падазроныя прадметы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».