Вы тут

Узаемадзеянне будзе доўжыцца


Стан і перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, тэматыку саюзных адносін, міжнародную праблематыку і сітуацыю ў рэгіёне, а таксама пытанні сумеснага рэагавання на ўзнікаючыя выклікі абмеркавалі на нядаўняй сустрэчы ў Сочы Аляксандар Лукашэнка і Уладзімір Пуцін


У межах саюзніцкіх адносін

Як падкрэслівалася пазней паводле розных крыніц інфармацыі, у самым пачатку размовы Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі на сустрэчы ў Сочы Аляксандар Лукашэнка выказаў расійскаму калегу словы падзякі за падтрымку ў поствыбарчы перыяд:

— Вы паступілі вельмі прыстойна, па-чалавечы. Таму я асабіста вам дзякую і ўсім тым расіянам, хто спрычыніўся да таго, каб падтрымаць нас у гэты поствыбарчы час.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў сваім уступным слове расійскі лідар адкрыта і досыць поўна закрануў усе важныя пытанні сустрэчы:

— Гэта правільна. Таму што як ніколі раней, у сілу пэўных абставін, я вельмі старанна адсочваю цяпер публікацыі ў розных СМІ: столькі конспіралагічнага было напярэдадні нашай сустрэчы… Усё, што вы сказалі, вельмі важна. І яно, увогуле, адказвае на тыя выклікі і настроі ў СМІ.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна праінфармаваў Уладзіміра Пуціна аб тым, што адбывалася:

— Яно, вядома, не так бачыцца на самой справе, як гэта дэманструюць у СМІ. Вы — чалавек дасведчаны, не горш за мяне ведаеце, як можна паказаць, распавесці і гэтак далей. І потым, у наш час інфармацыйных супрацьстаянняў і войнаў вы ведаеце, як гэта падаецца.

Прэзідэнт нагадаў вядомае выказванне аб тым, што сябар пазнаецца ў бядзе:

— Я гэта шчыра кажу. Гэта нам урок — не толькі Беларусі і Расіі, але і нашым постсавецкім рэспублікам. Аб гэтым мы будзем яшчэ гаварыць на сустрэчы ЕАЭС, АДКБ, так і ў рамках СНД ёсць аб чым пагаварыць. Думаю, вам цікавая будзе мая заява ў гэтых структурах… Як мы з вамі па тэлефоне размаўлялі яшчэ на ў пачатку гэтых падзей у Беларусі, што трэба здабываць урокі з усіх падзей. І для нас таксама вельмі сур’ёзны ўрок, які мы з вамі, спадзяюся, вытрымалі.

У далейшым у ходзе гутаркі Аляксандр Лукашэнка не аднойчы засяроджваў увагу на важнасці разумнага ўзаемадзеяння. Ён, у прыватнасці, адзначыў:

— Мы сапраўды па дамове АДКБ ішлі роўна, і, улічваючы адносіны паміж брацкімі народамі, фактычна адным народам, мы так і паступілі. Не ваявалі, не стралялі, не кідаліся нават палкамі. Але прадэманстравалі сваю рашучасць. Што калі там, за межамі, камусьці хочацца пачасаць рукі, мы можам пачасаць у любы момант. І што мне вельмі прыемна, я вам вельмі за гэта ўдзячны, — вы прадэманстравалі, што беларускія межы — гэта межы Саюзнай дзяржавы. І нікому не дазволена бразгаць там зброяй.

Прэзідэнт Беларусі таксама падкрэсліваў тую акалічнасць, што пры стварэнні і развіцці дамовы аб Саюзнай дзяржаве бакі ішлі планамерна, паступова.

— Нашы дзяржавы і нашы народы заўсёды будуць сяброўскімі, — заўважыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Важныя акцэнты

Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў непахіснасць беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы:

— Па абароне мы заўсёды прытрымліваліся з вамі, як людзі ваенныя, адной тактыкі. Я, можа быць, груба сказаў нядаўна расійскім журналістам: сабачыцца мы можам па любых пытаннях, спрачацца і гэтак далей, але абарона і бяспека ў нас ніколі не выклікала ніякіх спрэчак і сумненняў. Мы ні ў каго не павінны пытацца, праводзіць ці не праводзіць у нас вучэнні. Мы праводзілі і будзем праводзіць. Хто хоча, хай далучаецца да гэтых вучэнняў, хто не хоча — хай не робіць гэтага. Я думаю, што, Уладзімір Уладзіміравіч, вы дасце каманду Міністру абароны Расіі, а наш Міністр ужо атрымаў такую каманду: мы сплануем на гады наперад гэтыя вучэнні, будзем іх канкрэтызаваць. І малыя, і вялікія вучэнні мы павінны праводзіць разам.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на адным з урокаў сітуацыі ў Беларусі і вакол яе:

— Ну навошта лязгать гусеніцамі ля межаў Саюзнай дзяржавы і Беларусі (гаворка аб ваенных манеўрах заходніх краін і НАТА. — Аўт.). Складаны перыяд, ну пацярпіце!

Аляксандр Лукашэнка казаў аб перакідцы на палігон Пабрадзе ў Літве ў 15 кіламетрах ад дзяржаўнай мяжы амерыканскага танкавага батальёна:

— Навошта гэта рабіць? Таму нам трэба не дапусціць памылак Вялікай Айчыннай вайны, калі ўсе уціхамірвалі, што правакацый не дапусцяць, вайны не будзе і іншае… І мы апынуліся ў пабітага карыта. Савецкая армія была, а прайшлі (нямецка-фашысцкія войскі. — Аўт.) Беларусь — нават практычна не паспелі сабрацца і супраціўляцца. Гналі нас ажно да Смаленска, і толькі там змаглі неяк супрацьстаяць гэтаму.

Прэзідэнт Беларусі цвёрда перакананы:

— Ні ў якім выпадку нельга азірацца на тое, што нам скажуць. Яны з намі не лічацца. Яны не глядзяць на нашы насцярожанасці, праводзяць вучэнні тады, калі хочуць. Таму мы таксама, калі вы падтрымаеце гэты тэзіс, не напружваючы абстаноўку вакол, будзем рыхтаваць свае арміі, каб калі, не дай бог, можна было гэтаму супрацьстаяць…

Вось як адрэагаваў прэзідэнт Расіі на гэтыя словы:

— Што тычыцца ваеннага складніка, вы добра ведаеце, у нас ёсць план. Ён будзе рэалізаваны. На працягу года ў нас і на тэрыторыі Беларусі, і на тэрыторыі Расіі практычна кожны месяц прадугледжаны нейкія мерапрыемствы. Як планавалі раней, так і будзем рабіць.

Дарэчы, у сваім уступным слове на пачатку перамоў Уладзімір Пуцін казаў пра неабходнасць працягваць узаемадзеянне Расіі і Беларусі ў абароннай сферы.

— Я маю на ўвазе перш за ўсё абаронныя прадпрыемствы. Тут у нас таксама вялікая кааперацыя, прычым у досыць адчувальных абласцях.

Што тычыцца непасрэдна ваеннай сферы, то Уладзімір Пуцін не прамінуў нагадаць пра тое, што менавіта ў дзень сочынскіх перамоў пачыналіся запланаваныя яшчэ ў мінулым годзе ваенныя вучэнні, якія павінны былі доўжыцца некалькі дзён:

— Для ваенных людзей гэта ў вядомай ступені руцінная справа, яна звязаная з падрыхтоўкай войскаў. Паўтараю яшчэ раз, каб не было ніякіх спекуляцый: гэта мерапрыемства, якое было запланавана і нават анансавана яшчэ ў 2019 годзе. Пасля выканання праграмы сумесных вучэнняў расійскія падраздзяленні вернуцца да сваіх месцаў пастаяннай дыслакацыі.

Дамоўленасці павінны выконвацца

Уладзімір Пуцін пацвердзіў на сустрэчы ў Сочы, што Расія разглядае Беларусь як бліжэйшага саюзніка і выканае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы. Ён запэўніў беларускага калегу:

— Расія застаецца прыхільнай усім нашым дамоўленасцям, уключаючы тыя, што вынікаюць з Дагавора аб Саюзнай дзяржаве, АДКБ. Мы разглядаем Беларусь як нашага найбліжэйшага саюзніка і, безумоўна, як я ўжо вам казаў неаднаразова ў тэлефонных размовах, выканаем усе ўзятыя намі на сябе абавязацельствы.

Пры гэтым Уладзімір Пуцін адзначыў, што адпаведныя абавязацельствы былі ўзятыя краінамі ўзаемна і гэта адбылося яшчэ да яго прэзідэнцтва:

— Але гэта не мае значэння. Мае значэнне тое, што дзяржава Расія ўзяла на сябе пэўныя абавязацельствы. І незалежна ад таго, хто знаходзіцца ва ўладзе ў дадзены момант часу, краіна павінна гэтыя абавязацельствы выконваць. Мы неаднаразова заяўлялі, што мы так і будзем паступаць.

Акрэслены новыя планы

На сустрэчы ў Сочы шмат гаварылася адносна развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх краін. Уладзімір Пуцін падчас перамоў зрабіў акцэнт на неабходнасці аднаўлення дакрызіснага ўзроўню таваразвароту. Ён звярнуў увагу, што Расія застаецца самым буйным інвестарам у беларускую эканоміку, і прывёў у прыклад шматмільярдны праект па будаўніцтве БелАЭС. Сапраўды, на Расійскую Федэрацыю прыпадае каля паловы знешнегандлёвага абароту Беларусі, у краіне працуе шмат прадпрыемстваў з расійскім капіталам. У сувязі з чым Кіраўнік расійскай дзяржавы заявіў:

— У нас вельмі ўстойлівая і глыбокая кааперацыя па цэлым шэрагу напрамкаў і галін. Каранавірус, на жаль, паўплываў на наш гандлёвы абарот у бок паніжэння ўзроўню. Гэта натуральна, так ва ўсім свеце адбываецца. У гэтай сувязі, я мяркую, нам трэба распачаць дадатковыя намаганні, каб не толькі аднавіць ранейшы дакрызісны ўзровень таваразвароту і эканамічных адносін, але і стварыць перадумовы для руху наперад.

Нездарма Прэзідэнт Расіі прапанаваў падчас перамоў засяродзіць на гэтым увагу:

— У мяне ёсць пэўныя прапановы. Мне здаецца, трэба і на ўзроўні ўрадаў, міністэрстваў, ведамстваў, і нават асобных прадпрыемстваў распачаць дадатковыя намаганні і крокі дзеля таго, каб ліквідаваць наяўныя праблемы і стварыць умовы для руху наперад.

Быў згаданы нядаўні візіт у Беларусь урадавай дэлегацыі на чале з Прэм’ер-міністрам Міхаілам Мішусціным, калі адбыліся сур’ёзныя вялікія перамовы:

— І яны былі паспяховымі па ўсіх кірунках нашага ўзаемадзеяння. У тым ліку і ў фінансавай сферы.

Акрамя таго, Уладзімір Пуцін паведаміў, што Расія плануе прадаставіць Беларусі крэдыт у суме 1,5 мільярда долараў. Ён, у прыватнасці, сказаў:

— Мы дамовіліся аб тым, што Расія прадаставіць Беларусі ў гэты складаны момант дзяржаўны крэдыт ў 1,5 мільярда. І мы гэта выканаем. Цяпер, наколькі вядома, нашы міністры фінансаў вядуць на гэты конт працу на прафесійным узроўні.

Прэзідэнт Расіі адзначыў, што крэдыт плануецца прадаставіць у бліжэйшы час.

Уладзімір Веліхаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».