28 кастрычніка, серада

Вы тут

Што чакае сёлетняй зімой спажыўцоў жыллёвых паслуг


Сёлета тэрмін пачатку ацяпляльнага сезону ў краіне цалкам залежыць ад рашэння мясцовых органаў улады. Камунальнікам толькі паведамяць пра падключэнне. Спецыялісты ЖКГ тым часам сочаць за нарыхтоўкай паліва на зіму і станам абсталявання, а таксама аплатай камунальных паслуг, за пратэрміноўку якой нават на адзін дзень можна адразу стварыць выканаўчы надпіс. А праз два месяцы адлучыць кватэру ад усіх выгод: газа-, цеплазабеспячэння, святла і нават каналізацыі. Як краіна рыхтуецца да зімы, на прэс-канферэнцыі ў БелТА расказалі айчынныя камунальнікі і энергетыкі.


Пашпарты гатоўнасці

Да 30 верасня ўсе цеплакрыніцы краіны, якія абслугоўвае Мінжылкамгас, атрымаюць пашпарты гатоўнасці да работы ў асенне-зімовы перыяд. Адпаведныя дакументы маюць ужо 98,9 % такіх аб'ектаў. Ёсць пашпарты гатоўнасці і ў амаль 83 % аб'ектаў жылфонду Беларусі, для якіх гэта бадай што асноўны паказчык гатоўнасці да ацяпляльнага сезону. Пры гэтым сталіца, Гомельская, Брэсцкая і Гродзенская вобласці «пашпартызаваны» на 100 %. У Мінскай вобласці без пашпартоў пакуль 33 аб'екты, у Магілёўскай — сем, у Віцебскай — чатыры.

— Сёння фактычна ўсе мерапрыемствы, якія прадугледжаны для атрымання пашпартоў гатоўнасці, выкананы. У прыватнасці, прафрамонт сістэм ацяплення цеплавузлоў, гідраўлічныя іспыты сістэм ацяплення і іх апрэсоўка выкананы на 100 %, — падзяліўся лічбамі Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства ЖКГ. — Засталося дарамантаваць нязначную частку даху (выканана ўжо 97,6 %) і сценавых панэляў (зроблена 99,2 %), а таксама праверыць прыборы ўліку цеплавой энергіі (96,8 % з іх ужо прайшлі гэтую працэдуру).

У сталічнай вобласці пашпарты гатоўнасці атрымалі 73 % спажыўцоў энергіі і 80,3 % цеплакрыніц. Спецыялісты працуюць і ў выхадныя дні, так што да 30 верасня пашпарты атрымаюць усе, удакладніла Таццяна МУЗОК, начальнік аддзела энергетыкі і паліва ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі і паліва Мінаблвыканкама.

Каб своечасова зарэгістраваць пашпарты гатоўнасці, без выхадных працуе і персанал філіялаў Дзяржэнергагазанагляду, сцвярджае Аляксандр АЗЯРЭЦ, генеральны дырэктар установы «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд»:

— Зарэгістраваны 25 013 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплаэнергіі (87,1 %) з 28 731, якія неабходна аформіць, а таксама 9426 пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц (89,1 %) з неабходных 10 579. Гатовыя 423 пашпарты гатоўнасці спажыўцоў цеплаэнергіі (95,9 %) і 256 пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц (97,3 %) арганізацый Мінэнерга.

Да 25 верасня будуць мець пашпарты гатоўнасці і ўсе цеплакрыніцы арганізацыі «Белтапгаз». Пакуль іх атрымалі 98 % аб'ектаў.

Аварыйныя брыгады і перасовачныя кацельныя

Рыхтуючыся да зімы, камунальнікі сфарміравалі 752 аварыйна-аднаўленчыя брыгады. Падрыхтавалі да працы 15 перасовачных модульных кацельных і правялі планавыя трэніроўкі па іх разгортванні ва ўмовах, максімальна набліжаных да тых, якія могуць скласціся падчас надзвычайных сітуацый на кацельных і цепласетках. Напагатове таксама 570 аўтаматычных перасовачных крыніц электразабеспячэння, расказала Святлана ЦІМОШКІНА, намеснік начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ:

— У цэлым аб'екты гатовыя да работы ў асенне-зімовы перыяд. Ад гадавога задання па замене цепласетак выканана 74 %. Поўнасцю нарыхтаваны запасы драўнянага паліва. Для ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі гатовыя 3903 адзінкі снегаўборачнай тэхнікі, нарыхтавана 241 тысяча тон пясчана-саляной сумесі. Кожны тыдзень кантралююцца аб'екты ЖКГ па 12 асноўных паказчыках і штомесяц — па 89 іншых паказчыках, якія гарантуюць надзейнае, безаварыйнае і бесперабойнае цепла- і водазабеспячэнне жылога фонду, а таксама забеспячэнне функцыянавання ўсёй інфраструктуры гарадскіх і сельскіх пунктаў краіны падчас ацяпляльнага перыяду.

У штатным рэжыме рыхтуецца да зімы і Міншчына. 86 % аб'ектаў цеплавой гаспадаркі вобласці і 99,8 % — водаправодна-каналізацыйнай гатовыя да зімы. Жыллёвы фонд падрыхтаваны на 99,7 %, расказала Таццяна Музок:

— Поўнасцю створаны запасы паліўнага мазуту. Нарыхтавана 83 % драўнянай шчапы, 75 % торфабрыкету. Да першага кастрычніка ўсё будзе выканана на 100 %.

Сёлета на айчынных тарфяніках здабыта 1691 тысяча тон торфу, а работнікі Белпалівагазу гатовыя цалкам забяспечыць патрэбы прамысловасці і насельніцтва ў гэтым паліве, падзяліўся Дзмітрый ШАЎЛОЎСКІ, першы намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Белпалівагаз», і нагадаў насельніцтву, што «ацяпляльны перыяд неўзабаве пачынаецца, і час рабіць заяўкі і набываць неабходнае паліва».

Паўгода, два месяцы ці адзін дзень?

Адмова ад аплаты жыллёва-камунальных паслуг — дэструктыўная перш за ўсё для саміх спажыўцоў, упэўнены Генадзь Аксціловіч, які пракаментаваў заклікі не аплачваць «камуналку», што з'явіліся ў інтэрнэце:

— Аплачваючы жыллёва-камунальныя паслугі, вы аплачваеце паслугі прадпрыемства ЖКГ, якое вам іх аказала ў бягучым месяцы. Адпаведна, у наступным месяцы вы не можаце разлічваць, што ў пад'ездзе своечасова заменяць лямпачку, прыбяруць ці ў час прыедзе аварыйная служба. Заканадаўчыя нормы таксама досыць жорсткія і пачынаюцца фактычна з першага ж дня неаплаты. Гэта, па-першае, пеня (0,3 % ад сумы запазычанасці) за кожны дзень пратэрміноўкі. Па-другое, арганізацыі ЖКГ маюць магчымасць афармлення выканаўчага надпісу. Ён афармляецца фактычна ў безумоўным парадку на падставе звестак арганізацый ЖКГ. Потым ён будзе перададзены судовым выканаўцам, якія ў сваю чаргу маюць комплекс мер, каб спагнаць запазычанасць. Сярод такіх мер — пазбаўленне права кіравання аўто, забарона выезду за мяжу, могуць нават скласці вопіс маёмасці і нерухомасці.

Ужо з двух месяцаў пратэрміноўкі камунальнікі маюць права адключыць неплацельшчыкам ваду, газ, свет, цяпло і нават каналізацыю. А праз паўгода справа можа дайсці да высялення з кватэры ці адчужэння нерухомасці, калі яна прыватная.

— Прафілактычную работу з неплацельшчыкамі, вядома, ніхто не адмяняў, і трэба глядзець па сітуацыі, перш чым жорстка караць. Калі ў ЖЭС адзін-два такіх, можа, у людзей складаная жыццёвая сітуацыя. А калі масава не заплацяць — справа іншая, і меры рэагавання будуць больш жорсткія, — удакладніў спецыяліст.

Для дзяцей — плюс дзесяць, для астатніх — ад васьмі і ніжэй

Адпаведна сёлетняй пастанове Саўміна № 286 аб зацвярджэнні правілаў падрыхтоўкі арганізацый да ацяпляльнага сезону, яго правядзенні і завяршэнні, рашэнне аб тэрмінах пачатку і завяршэння ацяпляльнага сезону прымаецца абласнымі, раённымі, выканкамамі на падставе звестак аб сярэднесутачнай тэмпературы на вуліцы па абласцях. Узгаднення Мінжылкамгаса для гэтага, пачынаючы з цяперашняга сезону, не патрабуецца, расказала Святлана Цімошкіна:

— Цяпер мясцовыя ўлады самі вырашаюць, калі пачынаць сезон, самі падключаюць і паведамляюць пра гэта нам, а не ўзгадняюць тэрміны з Мінжылкамгасам.

Перш за ўсё падключаюцца дзіцячыя дашкольныя, школьныя і медыцынскія ўстановы, калі сярэдняя тэмпература на двары на працягу пяці дзён плюс 10 і ніжэйшая. Другое ў чарзе па цяпло жыллё, якое атрымлівае ацяпленне, калі тэмпература на вуліцы пяць дзён апускаецца ў сярэднім да васьмі градусаў і ніжэй. Апошнімі батарэі ўключаюць у адміністрацыйных і грамадскіх будынках, офісах.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Не заплаціш — замерзнеш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.