Вы тут

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў дапамогу ў будаўніцтве касмадрома «Усходні»


Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з губернатарам Прыморскага краю Алегам Кажамякам.


«Мы вельмі ўважліва зараз падыдзем яшчэ раз да гэтага аб’екта. І прэзідэнт (Расіі — заўв. „Зв.“) мяне прасіў паглядзець. Мне хацелася б паўдзельнічаць у будаўніцтве гэтага касмадрому, паказаць нашы магчымасці і на што здольныя беларускія будаўнікі. Я гатовы перакінуць туды трэст ці два. Галоўнае, каб мы дамовіліся пра супрацоўніцтва, і многае мы можам зрабіць на гэтым касмадроме. Прытым па коштах і якасці нас там наўрад ці нават японцы ці карэйцы пераўзыйдуць», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка назваў Алега Кажамяку «заўсёды пажаданым госцем у Беларусі».

Па словах Прэзідэнта, губернатары добра ставяцца да магчымасці супрацоўніцтва напрамую з расійскім Далёкім Усходам. «Калі Магілёўшчына ад гэтага атрымае нейкі прырост і рост — гэта будзе на карысць усёй дзяржаве», — дадаў кіраўнік краіны.

Ён падкрэсліў, што незалежна ад геаграфіі, беларусы не разглядаюць Уладзівасток як чужы горад: «Мы часта ўспамінаем пра сваю Айчыну ад Брэста да Уладзівастока. І мы заўсёды будзем развіваць супрацоўніцтва ў гэтым плане».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, прэзідэнт Расіі на сустрэчах вельмі шмат увагі надае Прыморскаму краю і настойвае на тым, каб Аляксандр Лукашэнка пабываў у тых мясцінах. Беларускі Прэзідэнт паабяцаў і сваім дзецям, што ў наступным годзе знойдзе час і павандруе па Алтаі, Байкале, Прымор’і, Сахаліне, Камчатцы.

Сваю вандроўку па Далёкім Усходзе Аляксандр Лукашэнка мяркуе пачаць з касмадрома «Усходні», калі там пачнуць працаваць беларускія рабочыя.

«Хацелася б паглядзець, што на самой справе ўяўляе сабой гэты край», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як запэўніў ён, беларусы гатовы ўдзельнічаць не толькі ў пастаўках тэхнікі, але і ў яе гарантыйным і сэрвісным абслугоўванні. «У Магілёўскай вобласці былі. Паказвалі вам некаторыя ўзоры нашай тэхнікі. Мы гатовыя тут і па фінансаванні выгодныя ўмовы прапанаваць, як мы гэта звычайна робім. Электрычныя аўтобусы, трамваі, тралейбусы — вельмі вялікі ў нас у гэтым вопыт. І на газаматорным паліве мы можам прапанаваць аўтобусы», — запэўніў кіраўнік краіны.

Вядомы Далёкаму Усходу магчымасці Беларусі ў сельскай гаспадарцы, бо з гэтага і пачалося некалі супрацоўніцтва. Выказаў інтарэс да гэтага і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

«Неабходна сваё ствараць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Мы гатовы ў гэтым кірунку працаваць і ў сельскай гаспадарцы, і па насенні, і агародніцтве, і пладаводстве».

Прапанаваў Прэзідэнт і айчынны пасадачны матэрыял для садоў, каб Гатовы беларусы пастаўляць сваю мяса-малочную прадукцыю, дзіцячае харчаванне, як гэта робіцца ў Кітай.

«Алег Мікалаевіч, у мяне няма неабходнасці вас у нечым запэўніваць. Мы з вамі даўнія сябры. Лічыце, што мы сябры назаўсёды і справа гонару, што мы будзем працаваць у Прымор’і і супрацоўнічаць з вамі. Для беларусаў гэта гонар», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Губернатар Прымор’я паведаміў, што дэлегацыі з Далёкага Усходу прыбудуць на выставу «Белагра», якая будзе праходзіць на наступным тыдні.

«Мяне некалькі азадачыў нізкі тавараабарот для такога вялікага суб’екту, як Прыморскі край. Але на кожным рынку прадстаўлена прадукцыя беларускіх сельгасвытворцаў. Мы вырашылі адпрацаваць наступнае, каб ва ўсіх буйных гарадах былі прадстаўлены беларускія тавары народнага спажывання праз гандлёвы дом Беларусі, беларускія падворкі», — расказаў Алег Кажамяка.

Інвестары, якія зоймуцца гэтай справай таксама будуць на выстаўцы.

Ужо ў размове з журналістамі губернатар сказаў, што неабходна пашыраць знаёмства на ўзроўні кіраўнікоў прадпрыемстваў, развіваць прадстаўніцтва Беларусі ў краі.

«Мы абазначылі канкрэтныя праграмы, звязаныя з пастаўкай беларускіх тавараў сельгаспрызначэння для жыхароў Прымор’я. Тое, што мы не выпускаем, — сыры, масла, мяса. Гэта важна для школьнага харчавання, каб дзеці елі якасныя прадукты. Таму ў «Белагра» будуць прымаць удзел нашы гандлёвыя сеткі, тыя, хто забяспечвае дзіцячым харчаваннем нашы школы, дзіцячыя сады», — дадаў Алег Кажамяка.

На Далёкім Усходзе зацікаўлены ў пашырэнні прадстаўніцтва нашых сэрвісных службаў для абслугоўвання тэхнікі. Закупяць для Прымор’я і нашы электробусы, а беларускія будаўнікі, магчыма, будуць працаваць у гэтым расійскім рэгіёне над сацыяльнымі аб’ектамі.

«Мы дамовіліся, што ў лістападзе прадстаўнікі вытворцаў з Беларусі на чале з Леанідам Зайцам, губернатарам Магілёўскай вобласці (які прызначаны кіраўніком групы па працы з Прымор’ем) выедзе, каб на месцы выпрацаваць дарожную карту і далей рабіць крокі па павелічэнні гандлёва-эканамічных сувязяў», — паведаміў Алег Кажамяка.


Тавараабарот Беларусі і Прыморскага краю са студзеня па ліпень сёлета склаў 9,1 мільёна долараў, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года амаль на 18 працэнтаў. Сальда станоўчае ў 7,5 мільёнаў. Аснова экспарту — грузавыя аўто, малочка. У рэгіёне адсутнічаюць прамыя тавараправодныя сеткі беларускіх прадпрыемстваў. Пастаўкі тавараў народнага спажывання рэалізуюцца прамымі дагаворамі куплі-продажу, праз аптовыя структуры-пасярэднікі, дзейнічае дылерская сетка па рэалізацыі прадукцыі машынабудавання.

Сустрэча губернатара Прыморскага краю Алега Кажамяка з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам — свайго роду развітальны акорд камандзіроўкі, якая пачалася 19 верасня. За некалькі дзён далёкаўсходнія госці наведалі машынабудаўнічыя і харчовыя прадпрыемствы Магілёўшчыны, правялі перамовы з кіраўніцтвам Саўміна, міністэрствам сельскай гаспадаркі Беларусі і завіталі на флагманы сталічнай цяжкай прамысловасці — МТЗ, Амкадор, Белкамунмаш.

Гэта першы візіт у нашу краіну кіраўніка Прымор’я за некалькі год, але далёка не першы для Алега Кажамякі. Развіваў рэгіянальныя сувязі Беларусі і Расіі ён на пасадзе губернатара Амурскай, Сахалінскай абласцей, за што ў мінулым годзе атрымаў з рук Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ордэн Пашаны.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.