Вы тут

Iнтэрактыўны музей, помнiк святому Губерту i прэзентацыя ўнiкальнага альбома


У Гродне адзначылi 892-i дзень нараджэння.

Сёлета маштабных мерапрыемстваў у абласным цэнтры вырашылi не праводзiць — пандэмiя, безумоўна, адкарэкцiравала папярэднiя планы, — але падарункi гараджанам да гэтага свята засталiся. Аб самых цiкавых мы вам i раскажам.


* * *

Былы дом лясной адмiнiстрацыi XVIII стагоддзя зноў вярнуў сваё першапачатковае прызначэнне — 18 верасня ён адкрыўся пасля рэканструкцыi, зараз тут размясцiлася адмiнiстрацыя Гродзенскага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання.

— Гэта не проста наваселле, а сапраўды знакавая падзея, — звярнуў увагу старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзiмiр КАРАНIК. — Дзякуючы беражлiвым адносiнам да гiсторыi гродзенцы змаглi захаваць дух свайго горада. З аднаго боку, гэта гiстарычная пабудова, а з другога — сучаснае, iнтэрактыўнае начынне, камфортныя ўмовы для якаснай работы. Тут мы на прыкладзе бачым, як змянiлiся адносiны да лясной гаспадаркi. Не проста браць ад лесу ўсё, а наадварот, аздаравiць, узнавiць, развiць лес, каб пакiнуць яго нашым нашчадкам.

Ён падкрэслiў, што апошнiм часам леса высаджваецца больш, чым iдзе на прамысловую перапрацоўку. Менавiта лясы, разам з азёрамi, з'яўляюцца асноўнымi прыроднымi брэндамi нашай краiны.

Трэба сказаць, што будынак лясной адмiнiстрацыi з'явiўся ў Гродне ў 1780 годзе па iнiцыятыве тагачаснага гарадскога старасты Антонiя Тызенгаўза ў раёне Гараднiца — цяпер гэта гiстарычная частка горада. Пабудова ўяўляе сабой прыклад архiтэктуры позняга барока. Дарэчы, пасля рэканструкцыi на першым паверсе з'явiўся ўнiкальны музей лесу, амаль кожны экспанат якога можна памацаць, — такая iдэя гэтага iнтэрактыўнага праекта.

* * *

Помнiк святому Губерту ўрачыста адкрылi на скрыжаваннi Савецкай i Кастрычнiцкай вулiц.

Тут бярэ пачатак пешаходная вулiца Савецкая. Таму сiмвалiчна, што турыстаў цяпер будзе вiтаць ахоўнiк горада i заступнiк паляўнiчых — святы Губерт. Яго постаць выканана разам з аленем, у якога памiж рагоў залаты крыж. Дарэчы, выява «крыжаноснага» аленя, якi пераадольвае агароджу, упрыгожвае герб горада.

Постаць святога размешчана на двухметровым гранiтным пастаменце, яе выканаў вядомы гродзенскi скульптар Уладзiмiр Панцялееў. Па словах аўтара, iдэю выканання гэтага помнiка ён выношваў некалькi дзесяцiгоддзяў, i нарэшце яна была рэалiзаваная.

* * *

«Беларусь шматнацыянальную» прэзентавалi ў культурным цэнтры «Фестывальны».

Гэта ўнiкальны альбом, якi расказвае пра нашу краiну з яе мiжканфесiянальнасцю, талерантнасцю i шматнацыянальнасцю.

— У Беларусi пражывае больш за 140 нацыянальнасцяў, якiя жывуць у мiры i згодзе. Сёння гэта мы асаблiва цэнiм i як нiколi разумеем значнасць, — падкрэслiў на прэзентацыi старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па адукацыi, навуцы, культуры i сацыяльным развiццi Вiктар ЛIСКОВIЧ. — Вельмi хочацца, каб людзi Беларусi цанiлi гэты мiр, бераглi яго i рабiлi ўсё магчымае, каб ён заўсёды панаваў у нашых сем'ях, гарадах i краiне.

Ён растлумачыў, што кнiга вяртае чытача на стагоддзе назад i красамоўна дэманструе, што i ў той час людзi жылi ў ладзе адно з адным: шчыра працавалi i мiрна суiснавалi.

— Мы павiнны працягваць мiрныя традыцыi. У той жа час мы бачым, што нам ёсць чым ганарыцца — мы рухаемся наперад, развiваемся, — падкрэслiў сенатар.

У аснове альбома — вялiкая колькасць паштовак i фотаздымкаў канца пазамiнулага — пачатку мiнулага стагоддзя з прыватнай калекцыi аўтара праекта — вядомага гiсторыка i калекцыянера Уладзiмiра Лiхадзедава.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота БелТА і grodnonews.by

Загаловак у газеце: Святочныя падарункi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».