28 кастрычніка, серада

Вы тут

У «адно акно» ўмясцiлася 181. Электронныя даведкi, куток дзiцяцi i пакеты паслуг для шматдзетных


Сёння ў Беларусi можна атрымаць адмiнiстрацыйнае рашэнне па шэрагу падатковых i мытных працэдур, пытаннях памежнай службы, органаў унутраных спраў, сувязi ў свой асабiсты кабiнет у сецiве, не выходзячы з дому. Дастаткова падаць заяву на iх праз адзiны партал электронных паслуг. А ў далейшым, як мяркуецца, можна будзе праз электронную форму запрасiць у госцi iншаземца, зарэгiстраваць зямлю цi кватэру, атрымаць даведку аб выдачы субсiдыi на будаўнiцтва цi пакупку жылля i здзейснiць шмат iншых працэдур. Удасканаленную работу службы «Адно акно», дзейнасць якой курыруе Мiнiстэрства юстыцыi, паказалi ў Заводскiм раёне сталiцы.


Дарослым — дакументы, дзецям — цацкi

Замест 103 адмiнiстрацыйных паслуг з мая 2020-га ў «адным акне» можна атрымаць 181 i вырашыць на 80 % больш пытанняў, чым раней. Гэтая служба — месца, куды грамадзянiн можа прыйсцi з заявай i пасля забраць неабходныя дакументы, i яму не трэба шукаць пэўнае структурнае падраздзяленне, высвятляць, якiя работнiкi выдадуць яму патрэбныя паперы, падладжвацца пад рэжым iх работы, сведчаць спецыялiсты.

— Мэтавае ўдасканаленне работы службы, якая заклiкана прымаць заявы аб ажыццяўленнi адмiнiстрацыйных працэдур i выдаваць адмiнiстрацыйныя рашэннi па iх, — важнае для людзей, — упэўнена Наталля ФIЛIПАВА, намеснiк мiнiстра юстыцыi Беларусi. — Таму Мiнiстэрства юстыцыi паступова пашырае пералiк працэдур, каб у «адным акне» канцэнтравалася як мага большая колькасць паслуг, запатрабаваных у насельнiцтва. Гэта стварае ўмовы для аказання насельнiцтву дзяржаўных паслуг максiмальна даступна, зручна i з найменшымi затратамi часу i сiл пры звароце да мясцовых органаў улады.

Гэтая служба адпавядае ўсiм патрабаванням заканадаўства. Тут цудоўна абсталяваны рабочыя месцы супрацоўнiкаў, месца чакання, арганiзавана электронная чарга i ёсць магчымасць электроннай аплаты пэўных працэдур, ахарактарызавала «адно акно» Заводскага раёна намеснiк мiнiстра:

— Цiкавым рашэннем стала таксама арганiзацыя тут дзiцячага пакоя. Калi наведвальнiкi прыходзяць з дзеткамi, пакуль дарослыя вырашаюць пытаннi, малых займае анiматар. У пакоi ёсць таксама тэлевiзар, цацкi, кнiгi. Створана i безбар'ернае асяроддзе. Увогуле галоўная мэта гэтай службы — арганiзаваць камфорт i прыстойныя ўмовы для арганiзацыi ўзаемадзеяння дзяржорганаў i грамадзян.

Жыллё, садок, субсiдыi запатрабаваны

Заводскi раён — адзiн з найстарэйшых у Мiнску. Тут жыве 234,5 тысячы людзей, якiх абслугоўвае дзесяць спецыялiстаў службы «адно акно», двое з якiх — у аддзеле ЗАГС. 110 чалавек сюды прыходзяць штодня, а за восем месяцаў нашы спецыялiсты апрацавалi больш за 23 тысячы заяў, расказаў Аляксандр КРЫМСКI, кiраўнiк спраў адмiнiстрацыi Заводскага раёна.

— Пратэрмiновак i скаргаў на работу нашых спецыялiстаў няма. Абсталяванне сучаснае, што, вядома, дапамагае ў рабоце. Аднак перш за ўсё гэта якасныя кадры. Спецыялiсты могуць i пракансультаваць грамадзян, бо ўсё роўна чалавеку нешта трэба яшчэ дадаткова спытаць i высветлiць, каб лепш разумець. Калi здараецца, што чалавеку прыйшлося вярнуцца да нас, бо яму няправiльна аформiлi дакумент цi ў яго няпоўны камплект папер, мы стараемся запрасiць да сябе ў службу прадстаўнiка структурнага падраздзялення, каб усе подпiсы, пячаткi былi належным чынам аформлены адразу i не расцягвалi чалавеку тэрмiн чакання дапрацовак.

Ацанiць работу спецыялiстаў пры жаданнi можна, паставiўшы «лайк» за абслугоўванне ў тым жа акенцы электроннай сiстэмы, якая выдае талоны на чаргу. Абяцаюць у службе «з часам дайсцi i да вайфая».

Найчасцей людзi звяртаюцца дзеля атрымання дакументаў у галiне жыллёвых праваадносiн, сферах працы i сацыяльнай абароны, архiтэктуры i будаўнiцтва, адзначаюць у раённай адмiнiстрацыi сталiцы.

Сярод запатрабаваных афiцыйных папер — прызначэнне дапамог, у тым лiку дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогi, сямейнага капiталу, догляду за iнвалiдамi. Актуальнае атрыманне дакументаў па пытаннях апекi, пастаноўкi на чаргу, накiраванняў у дзiцячы садок. Папулярная i выдача дазволаў аб адчужэннi аб'ектаў нерухомасцi цi зямельных участкаў, папер для пастаноўкi на чаргу асоб, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, узгадненняў перапланiровак i самавольных пабудоў. Iснуе попыт на дакументы па ўключэннi ў склад арганiзацый забудоўшчыкаў, па выдачы субсiдый на будаўнiцтва (рэканструкцыю) або пакупку жылля, па рэгiстрацыi дагавораў найму жылога памяшкання, па ўзгадненнi ўстаноўкi антэн. Часта грамадзянам неабходны таксама дазволы на ўзвядзенне дамоў, узгадненнi праектнай дакументацыi, працягненнi тэрмiнаў будаўнiцтва розных аб'ектаў.

Больш электроннага i комплекснага

Мяркуецца, што праз некалькi гадоў у электроннай форме можна будзе атрымаць даведку аб знаходжаннi на ўлiку асоб, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, аб займаемым жылым памяшканнi i складзе сям'i, аб месцы жыхарства, выдачы аднаразовай субсiдыi на будаўнiцтва цi набыццё жылля. Таксама можна будзе атрымаць запрашэнне iншаземца ў Беларусь, даведку аб аплаце падаходнага падатку з фiзiчнай асобы, вярнуць лiшкi выплачаных мытных плацяжоў. «Электронным» стане i шэраг працэдур у сферы дзяржрэгiстрацыi зямельных надзелаў i нерухомасцi.

— Звычайныя працэдуры паэтапна пераводзяцца ў электронны выгляд, i iх пералiк будзе толькi павялiчвацца, — дадала Наталля Фiлiпава.

Асобна прапрацоўваюць спецыялiсты Мiнюста стварэнне цэлых пакетаў паслуг для шматдзетных. Мяркуецца, што сям'я, прыйшоўшы толькi з адной заявай, зможа атрымаць адразу комплекс адмiнiстрацыйных працэдур.

— З нараджэннем трэцяга-чацвёртага дзiцяцi адразу з'яўляецца неабходнасць у шэрагу працэдур. Трэба зарэгiстраваць факт з'яўлення немаўляцi, зарэгiстраваць яго месца жыхарства, паставiць на ўлiк у дашкольную ўстанову, — прывяла прыклад прадстаўнiца Мiнюста. — Можна будзе адразу аформiць пасведчанне шматдзетнай сям'i (калi нарадзiўся трэцi) або ўнесцi ў яго змены (калi немаўля чацвёртае i далейшае). Вырашыць пытанне пастаноўкi на ўлiк асоб, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, або ўнесцi змены ў спiсы такiх грамадзян.

Спецыялiсты мяркуюць, што такi зручны iнструмент для падтрымкi людзей, магчыма, з'явiцца ў краiне да канца года. А ўвогуле яны iмкнуцца да таго, каб усе дзяржаўныя структуры краiны былi сабраны на нейкай адзiнай электроннай пляцоўцы.

Iрына СIДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.