Вы тут

Прэм’ера рубрыкі «Прывіды беларускіх муроў». Кажуць, што Ганна Радзівіл ператвараецца кожную ноч у саву


Заўсёды сцвярджала, што па колькасцi легенд, страшных паданняў, мрояў i зданяў на квадратны кiламетр Беларусь не саступае тым жа Iрландыi i Шатландыi. Толькi мы мала пра тыя легенды ведаем.

Давайце ж пачнем нашыя мiстычныя падарожжы па замках i сядзiбах, якiя народная фантазiя насялiла зданямi i прывiдамi. I найперш адправiмся ў Нясвiж, самы багаты на злавесныя ценi мiнулага.

Але не думайце, што нашай спадарожнiцай зробiцца вядомая Чорная Дама — прывiд Барбары Радзiвiл, прыўкраснай атручанай каралевы. Сёння мы здзейснiм падарожжа... пад крыламi прывiднай савы.


У сутарэннях Нясвiжскага палаца, на месцы пахаванняў уладароў-Радзiвiлаў, ёсць адзiнаццаць дзiцячых трунаў. Каля iх — саркафаг мацi маленькiх нябожчыкаў, Ганны Катажыны Радзiвiл з Сангушкаў. Усяго ж у яе было сямнаццаць дзяцей, выжыла — шэсць.

Зрэшты, шлюб княгiнi Ганны наўрад цi хто б мог назваць «з'яднаннем закаханых сэрцаў».

Асiрацелая Ганна выхоўвалася пры двары сваячкi, Катажыны Радзiвiл. Аднойчы тая загадала дзяўчыне прыйсцi на ранiшнюю службу ў каплiцу святочна апранутай. Ганна вырашыла, што будзе прысутнiчаць на вянчаннi адной з сябровак. Аказалася — на сваiм уласным. А менавiта з сынам княгiнi Катажыны Каралем Радзiвiлам. Справа ў тым, што Караль быў закаханы ў «простую» шляхцянку, i так моцна, што збiраўся насуперак бацькам ажанiцца з ёй. Вось уладная мацi i зладзiла яму сюрпрыз, паставiўшы перад алтаром побач са сваёй падапечнай, багатай спадчыннiцай. У прысутнасцi ўсяго двара Караль не мог абразiць адмовай нечаканую, але радавiтую нявесту. Вянчанне адбылося.

Кажуць, ягоная бедная каханая пайшла ў манашкi i часам (яна валодала цудоўным голасам) спявала ў касцёле, дзе мусiў прысутнiчаць на iмшы Караль. Мяркуюць яшчэ, калi гэтую легенду пачуў аўстрыйскi кампазiтар Шуберт, яна натхнiла яго на напiсанне знакамiтай «Авэ Марыя».

Ганна, аднак, зусiм не была рахманай авечкай. Чаму сведчаннем яе адносiны з выжылымi дзецьмi, якiх яна сурова кантралявала. Яе сын Мiхал Казiмiр Радзiвiл па мянушцы Рыбанька ледзь адстаяў свой шлюб з Уршуляй Радзiвiл, i згадваў у дзённiку пасля аднаго са скандалаў з маткай — «Колькi жывы, не чуваў гэткiх экспрэсiй халеры». Малодшы брат Мiхала Геранiм з-за пастаяннага матчынага кантролю i строгасцi вырас сапраўдным псiхапатам, ад якога жонкi ўцякалi адна за другой.

А было ў сям'i i шмат смерцяў... У дыярыушы Рыбанькi за 1719 год чытаем: «17 лютага. Захварэла сястра мая Каралiна на воспу. 11 сакавiка. Мой брат малодшы Геранiм таксама на воспу захварэў. 18 сакавiка. Сястра мая Тэкля таксама на воспу захварэла». 21 сакавiка захварэў сам Мiхал, i бацька, Караль Радзiвiл, «угрызаўся... абы страцiўшы in аnnо 1715 двух сыноў, мяне трэцяга не згубiў; з гэтакай альтэрацыi i сам, спачатку на жаўтуху, потым на пухлiны захварэў, у каторай хваробе... зышоў з гэтага свету».

У адным з раманаў польскага пiсьменнiка Юзафа Крашэўскага галоўны герой трапляе ў палац у Бялай, дзе калiсьцi жыла княгiня Ганна Радзiвiл. Стары слуга прыводзiць яго ў таемны пакой, дзе героя спасцiгае сапраўдны мiстычны жах. Ён бачыць нерухомую дзяўчыну, якая чытае кнiгу ля столiка — i яна аказваецца гэтак па-майстэрску зробленай васковай лялькай, што здаецца, нiбыта зараз скранецца з месца. На ложку ляжала вясельная сукенка, гiрлянды засохлых кветак... Аказваецца, княгiня Ганна загадала такiм чынам увекавечыць памяць сваёй памерлай перад самым вяселлем дачкi. Часта прыходзiла сюды, плакала, малiлася, уяўляла, што размаўляе з нябожчыцай.

Пасля смерцi мужа Ганна Радзiвiл кiравала справамi роду жалезнай рукой. Яе называюць адной з першых на Беларусi бiзнес-лэдзi. Княгiня заснавала ў Налiбоках шкельны завод, каля Слуцка — мануфактуру, дзе выраблялi цудоўныя люстэркi, на Ашмяншчыне — майстэрнi па апрацоўцы каштоўных камянёў, ды шмат чаго iншага.

Але заўсёды хадзiла ў жалобе. Дастаткова паглядзець на яе партрэт: суровая ўладная жанчына ў чорным, амаль манашка.

Зрэшты, наконт легенд.

Адна з iх звязаная з нараджэннем княгiнi. Вось што напiсана ў кнiзе 1929 года пра абраз Мацi Божай Студзянскай: «Року 1677 у вераснi, каля свята св. Мiхала, Яе Светласць Канстанцыя з Сапегаў Сангушкава, перажываючы роды, у час iх так захварэла, што нi дактары, нi мудрыя матроны не маглi княгiню ўратаваць, мучылася некалькi дзён, ужо ўсе хвалявалiся за жыццё i княгiнi, i дзiцяцi, цi зможа яно нарадзiцца жывым. Князь, Яго Мосць Геранiм Сангушка, ахвяруе княгiню Яе Мосць да Студзяннай i ў знак гэтага кладзе на грудзi абразок Студзяннага Аблiчча, i ў той жа момант яна шчаслiва нараджае дачку Ганну, моцную i здаровую, i сама княгiня стала здаровай».

Другая легенда звязаная са смерцю Ганны Радзiвiл. Кажуць, што яна кожную ноч ператвараецца ў саву i лётае непадалёк ад месца пахавання сваiх дзяцей, аплакваючы iх жудаснымi крыкамi.

I, дарэчы, згаданы партрэт сапраўды нагадвае выяву савы: накiдка хавае валасы, апускаецца на плечы, быццам крылы; вылучаюцца круглыя вачнiцы, белы пасак тканiны на шыi — як белыя пёры...

Так што калi вы пачуеце ў Нясвiжы птушыныя воклiчы альбо ўбачыце сiлуэт савы — можаце ўявiць, што пабачылi на свае вочы княгiну-саву, несуцешную мацi i ўладную магнатку.

Людмiла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Бойцеся савы, яна — княгiня

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.