Вы тут

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?


Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Калі з «агурочнай сталіцай» Беларусі ўсё проста і ясна — ніхто не можа аспрэчыць гэтае высокае званне Альшан, то са сталіцай «памідорнай» не ўсё так адназначна. У апошні час так называюць гарадок Іўе на Гродзеншчыне. Але яшчэ гадоў 10—15 таму «памідорнай сталіцай» нашай краіны была вёска Савічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Туды мы і наведаліся, каб даведацца пра сакрэты мясцовага агродніцтва.


Вік­тар Саф'­я­на­віч Пра­валь­скі,  адзін са ста­ра­жы­лаў вёс­кі Са­ві­чы.

Аб збыце і пастаянных кліентах

Зрэшты, на Брэстчыне гэты населены пункт і сёння называюць менавіта так, хоць за апошнія гады і жыхароў у Савічах стала менш, і аб'ёмы вытворчасці таматаў, адпаведна, зусім не тыя.

— У 90-я ў сезон і фуры ў Савічах загружаліся памідорамі, і грузавыя таксі з нашай вёскі на Камароўку хадзілі, — прыгадваюць тутэйшыя людзі.

Цяпер у асноўным збытам памідорнай прадукцыі савіцкія «фермеры» займаюцца самі. У каго ёсць машыны, возяць памідоры на рынак — у асноўным у Баранавічы, але часам і ў Брэст, і ў Мінск. А часцей — проста выносяць за ваколіцу вёдры і скрыні і чакаюць пакупнікоў. У сезон такія міні-гандлёвыя пункты ёсць практычна каля кожнага жылога дома ў вёсцы.

— Мы сабе 200 кустоў пасадзілі — і паесці, і на продаж. Больш не хачу: збыту няма. Раней і па тры тысячы кустоў садзілі, і больш. Але ў апошні час спажыўкааперацыя моцна апусціла цэны на закупку. Яблыкі па 15 капеек прымаюць, памідоры — па трыццаць, здаецца. Я дакладна не ведаю, бо мы
не здаём, толькі прадаём вось так, каля дома. Такі адпачынак, па-старэчы. Як на рыбалцы: сядзі сабе і чакай, калі клюне, — распавядае Віктар Правальскі, адзін з жыхароў вёскі.

Наладзіць збыт, які быў яшчэ гадоў 15 таму, сёння не ўяўляецца магчымым, наракае суразмоўца.

— Вёска пустая, хто памёр, хто з'ехаў. Раней, бывала, ідзеш па вёсцы ўвечары — у кожным акне святло. А цяпер палова вокнаў цёмныя. Дачнікі? Не, не купляюць тут дамы. Яны аддаюць перавагу вёскам, што бліжэй да гарадоў.

Віктар Саф'янавіч — старажыл Савічаў. Памятае, як пачынаўся тут «памідорны бізнес».

— Тут у нас адзін, Юзік Суджыц яго звалі, усё гэта пачаў — і пайшло. Тады ў нас асфальту яшчэ не было, памідоры вазілі ў Пагарэльцы і грузілі на цягнік... У Мінску памідоры цяпер танней, чым па два рублі за кіло, не знойдзеш. Калі аб'ёмы вялікія — гандляваць было б выгадна і зараз.

У нашы дні зарабіць у вяскоўцаў атрымліваецца толькі на ранніх і на позніх памідорах. Улетку таматы з'яўляюцца тут раней, чым у наваколлі,
ужо ў першых чыслах ліпеня. У гэтым годзе іх прадавалі ў сярэднім па два—два з паловай рублі, і гандаль у вёсцы ішоў бойкі — за першымі памідорамі прыязджалі і з суседніх вёсак, і гараджане. У сезон сярэдняя цана на кілаграм памідораў у Савічах — рубель. Вялікія і прыгожыя прадаюць па рубель трыццаць—рубель сорак. Гаспадары не скнарнічаюць і ад душы дадаюць пакупнікам прыгожы жоўты або малінавы тамат проста так, бясплатна: «Пакаштуйце, гэта грунтавы!»

Нядзіўна, што ў многіх прадаўцоў у Савічах ёсць пастаянныя кліенты.

— Мы любім «чорныя» памідоры, і купляем іх менавіта тут, — распавядае адна з пакупніц, жыхарка Баранавічаў. — Кожны раз, калі едзем на дачу альбо з дачы, спыняемся ў Савічах. Вядома, можна купіць памідоры і на рынку. Але рынак ёсць рынак: незразумела, як вырошчвалі таматы, чым падкормлівалі. А тут — усё натуральнае, чыстае, для сябе вырашчана, таму памідоры такія смачныя.

Чорных, дарэчы, на гэты раз у прадаўца ўжо няма: усё, што саспела, забралі папярэднія пакупнікі.

— Ёсць у нас пастаянны пакупнік, які кожны год восенню прыязджае ў Савічы з Мінска і бярэ па 80—100 кілаграмаў памідораў, — кажа яшчэ адна жыхарка Савічаў, Таццяна Бігель. — Не на продаж, а проста для сябе і сваёй сям'і. Дзецям, унукам, на закаткі. Ён родам з гэтых мясцін, проста даўно жыве ў Мінску. Таму і ведае «брэнд» — савіцкія памідоры.

Аб тэхналогіях і камерцыйнай тайне

Сёння ў Савічах зарэгістраваны 73 гаспадаркі і пражывае 123 чалавекі. З іх 54 жыхары — працаздольнага ўзросту, сямёра — дзеці і падлеткі, астатнія — пенсіянеры. Большасць жыхароў Савічаў працуюць у ААТ «Эксперыментальная база «Вольна». Вырошчваннем таматаў людзі займаюцца тут у асноўным пасля работы, у вольны час.

— Памідоры — гэта толькі дадатковы даход, — распавялі мне ў Савічах. — Цяпер на іх не заробіш.

Праўда, ёсць у вёсцы некалькі сем'яў, асноўны даход якіх, — асабістая падсобная гаспадарка. Гэта моладзь, у іх справа пастаўлена сур'ёзна: цяпліцы, галандскае насенне, розныя сарты памідораў. У сярэднім каля кожнага дома пад агароды адведзена 50—70 сотак, хоць некаторыя сем'і апрацоўваюць і па тры гектары зямлі. Але кіламетры парнікоў, як у Альшанах, тут не ўбачыш. У Савічах памідоры прынята вырошчваць у адкрытым грунце: пакуль памідор не атрымае сонечнага святла, ён не будзе мець насычанага смаку.

У се­зон па­мі­до­ры пра­да­юц­ца прак­тыч­на ка­ля кож­на­га жы­ло­га до­ма ў Са­ві­чах.

— Часам, каб памідорныя кусты не пашкоджваліся туманам, вакол іх робяць агароджу з плёнкі, але зверху такі «парнік» плёнкай не накрываецца, каб расліны атрымлівалі дастаткова сонечнага святла, — тлумачыць сакрэты мясцовай тэхналогіі старшыня Вольнаўскага сельвыканкама Наталля Ібрагімава. — Таму памідоры ў Савічах такія смачныя — натуральныя, вырашчаныя з любоўю.

«Хімію» пры вырошчванні сельгаспрадукцыі тут амаль ніхто не выкарыстоўвае. Апрацоўваюць расліны рана, у перыяд цвіцення. І часцей за ўсё гэта малочная сыроватка з дабаўленнем ёду. Угнаенні — толькі арганічныя: гной, кампост. Словам, ні адзін аматар здаровага ладу жыцця не прычэпіцца: самы сапраўдны organіc food. Тут не адбіраюць прадукцыю — для сваёй сям'і і на продаж. Вырошчваюць для пакупнікоў, як для сябе. Адсюль і адмоўнае стаўленне да «хіміі». Дастаткова шчодрага сонца Брэстчыны і ўкладзенай у сакавітыя салодкія плады карпатлівай працы.

Сезон у Савічах пачынаецца ў лютым, калі насенне высаджваюць на расаду. І з гэтага моманту аж да першых восеньскіх замаразкаў спаць савіцкім «фермерам» прыходзіцца па 3-4 гадзіны ў суткі: памідоры, як дзеці, патрабуюць нястомнага клопату і ўвагі. Расада высаджваецца ў парнікі, дзе ўстаноўленыя печы на дровах. Каб яна расла правільна, патрэбна пэўная тэмпература. Калі на вуліцы холадна і яшчэ не прыйшоў час перасаджваць расаду ў адкрыты грунт, тэмпературу ў цяпліцах трохі апускаюць — тады да патрэбнага моманту расада не перарасце. І наадварот, калі трэба паскорыць тэмпы росту, робяць цяплей. Градуснікаў у парніках у большасці гаспадароў няма, усё робіцца інтуітыўна — кажуць, дапамагае шматгадовы вопыт вырошчвання памідораў. Расада адкрывае гандлёвы сезон у Савічах. Яе купляюць дачнікі і жыхары навакольных вёсак. Усе ведаюць, што савіцкая расада — найлепшая. Маладзейшыя гаспадары выкарыстоўваюць насенне галандскай і польскай селекцыі, яны прадаюць расаду па сартах.

— А мы, хто старэйшы, самі бяром насенне з найлепшых леташніх памідораў, — гаворыць Пётр Зарэмба. — І высейваем на наступны год па відах і па колерах: чырвоныя, жоўтыя і чорныя, салатныя, на аджыку, на засолку, на сок...

Пётр вырошчвае памідоры ў адкрытым грунце:

— І дождж палье, і сонца пасвеціць. Лепш, чым у цяпліцах.

Ён наракае, што памідоры вырошчваць цяжка — цяжэй, чым агуркі: і паліваць, і падвязваць. «Памідорны бізнес» — справа мужчынская, патрабуе фізічнай сілы. І размова зноў вяртаецца да праблемы збыту.

— Калі б каапсаюз або прадпрымальнік які-небудзь раз на тыдзень машыну прыганялі, кілаграмаў 100—200 выдатных памідораў у Савічах штотыдзень можна было б загружаць, — марыць мужчына. І дадае, што ў сувязі са складанасцямі са збытам прыйшлося скараціць «аб'ёмы вытворчасці».

— Колькі ўраджаю памідораў за лета здымаеце? Кілаграмаў 500?

— Ну, трохі больш, — усміхаецца суразмоўца. — Я гноем саўгасным памідоры не ўгнойваю: шмат зелля, прарастае лебяда, палоць потым цяжка. Збіраю «каравяк» і змешваю з крапівой. Ну, а як іншыя, не ведаю. Тут у кожнага свая тэхналогія, ніхто надта не скажа.

Па­мі­до­ры на са­лат Пётр пра­дае па рубель трыц­цаць, на сок і ад­жы­ку —  па руб­лю, а ві­на­гра­дам га­то­вы прос­та па­час­та­ваць.

— Камерцыйная тайна?

— Ну, напэўна, так.

— А ці выгадна гэта, укладваць столькі працы?

— Дык я на пенсіі. Чаго сядзець без справы?

Аб уласным сорце і перапрафіляванні

Цяп­лі­цы і на­сен­не га­ланд­скай і поль­скай се­лек­цыі ў Са­ві­чах  вы­ка­рыс­тоў­ва­юць ма­ла­дзей­шыя гас­па­да­ры. Ста­рэй­шае па­ка­лен­не  ад­дае пе­ра­ва­гу тра­ды­цый­ным тэх­на­ло­гі­ям і ўлас­на­му на­сен­ню.

У апошнія гады савіцкія «фермеры» спрабуюць перапрафілявацца. Хтосьці вырошчвае цюльпаны ў цяпліцах да 8 Сакавіка і рэалізуе кветкі ў Баранавічах. Многія актыўна пераходзяць на капусту: квяцістая і брокалі прадаецца даражэй, чым памідоры. Хтосьці разам з таматамі вырошчвае і перац — салодкі і востры. Некаторыя гаспадары робяць стаўку на зеляніну — кроп, пятрушка, кінза, базілік.

Лічыцца, што ў Савічах ёсць свой уласны сорт памідораў — «Савіцкія». Іх мясцовыя жыхары называюць яшчэ «Тыя, якімі мы на Камароўцы гандлявалі». Так і кажуць пакупнікам, прадаючы расаду або самі ярка-чырвоныя, невялікія, надзвычай салодкія памідоры. «Савіцкія» не знайсці ні ў адным рэестры сартоў, але, аднойчы пакаштаваўшы, вы адрозніце іх адразу дзякуючы яркаму насычанаму смаку. І яшчэ ад іх пахне... памідорамі — пахне летам, сонцам, канікуламі і бесклапотнасцю... Не ведаю, як вы, а я ў апошнія гады рэдка сустракаю гэты пах: ну не пахнуць памідоры памідорамі ні ў гіпермаркетах, ні на Камароўцы. Адкуль узяўся «Савіцкі» сорт? Калісьці, у савецкія гады, сартоў памідораў было няшмат. Тады ў асноўным у Беларусі вырошчваліся «Перамога» і «Талаліхін». Дзякуючы іх смаку Савічы і сталі каля 40 гадоў таму «памідорнай сталіцай Беларусі». Магчыма, «Савіцкія» — спадчына тых, яшчэ савецкіх, гатункаў.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ


Гаспадыні на заметку

Таматны сок «Памідорная сталіца»

На 3 л соку:

  • 5 ст. л. цукру;
  • 2 ст. л. солі.

У кожны слоік:

  • 3-4 гарошыны перцу;
  • 1-2 шт. духмяных перцаў;
  • 1-2 шт. гваздзікі;
  • 1 лаўровы лісцік.

Старанна вымыйце памідоры і разрэжце на кавалкі, выдаліце пладаножкі. Прапусціце кавалачкі праз мясарубку або сокавыціскалку (калі праз мясарубку, сок будзе больш густым, з мякаццю). Пералейце вадкасць у каструлю, дадайце соль і цукар. Варыце, пакуль з соку не сыдзе пена. Пасля гэтага пакладзіце ў сок лустачкі салодкага балгарскага перцу і варыце яшчэ пяць хвілін. Разліце ў стэрылізаваныя слоікі і закатайце. Можна замест балгарскага дадаць востры перац, калі любіце.

Рэцэпт з вёскі Савічы


Салата «Пікантная»

  • 5 памідораў;
  • палова сярэдняга памеру цыбуліны;
  • 1/2 пучка базіліка;
  • 70 г адыгейскага сыру;
  • 1 ч. л. расліннага алею;

Для запраўкі:

  • 2 ч. л. яблычнага воцату;
  • 1 ст. л. расліннага алею;
  • драбок цукру;
  • соль на смак;
  • драбок чорнага молатага перцу.

На дно салатніка кладзем парваныя на кавалачкі лісточкі базіліку. Памідоры наразаем на долькі. Цыбулю рэжам палоскамі. Для падрыхтоўкі запраўкі ў піяле змешваем яблычны воцат, раслінны алей, чорны молаты перац, соль і цукар. Выліваем запраўку ў салату, старанна перамешваем. Адыгейскі сыр рэжам на квадрацікі. Разаграваем патэльню, наліваем у яе 1 ч. л. расліннага алею і абсмажваем сыр да румянай скарыначкі на сярэднім агні з двух бакоў (прыкладна па дзве хвіліны з кожнага боку). Даем сыру астыць і дадаем у салату. Перамешваем і атрымліваем асалоду.

Святлана Гуагова, фуд-блогер

Загаловак у газеце: Памідорны край

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.