Вы тут

Мастак Каміль Камал: Ганаруся міралюбнасцю Беларусі...


Каміль КАМАЛ — беларускі мастак азербайджанскага паходжання. Доўгія дзесяцігоддзі жыве і працуе ў Беларусі. Пра сённяшнюю грамадскую, сацыяльную сітуацыю — і наша размова з таленавітым творцам.


 

— Які настрой сёння, спадар Камал?

— Вуліца, тое, што адбываецца вакол, напружвае. І часам гэтыя падзеі займаюць шмат часу для разваг і асэнсавання. Мяне хвалюе найперш тое, што чалавек, паддаўшыся настрою натоўпу, губляе сябе як асобу, як адзінку-індывідуальнасць. Мне, творчаму чалавеку, не зразумець, чаму так лёгка знікаюць адметнасці культурнай сутнасці грамадства…

— Вы нарадзіліся на Каўказе, параўноўваеце традыцыі сваёй старонкі з Беларуссю...?

— Я нарадзіўся ў Грузіі. У азербайджанскай сям’і. Заўважу, у вялікай сялянскай сям’і. Мастацкае вучылішча скончыў у Баку. Вучыўся ў Ленінградзе. Дарэчы, адным з маіх настаўнікаў быў ураджэнец Гомельшчыны, мястэчка Уваравічы — народны мастак СССР Яўсей Майсеенка. Жыў у Кіеве. І атрымаў вышэйшую творчую адукацыю ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Галоўнымі сваімі настаўнікамі лічу Анатоля Бараноўскага і Гаўрыіла Вашчанку. Іх урокі заўсёды ў маёй памяці. Прыехаўшы шмат гадоў таму ў Мінск, я ўсім сэрцам палюбіў Беларусь.

Тут я сустрэў жонку, вырасціў сына, займеў шмат сяброў. У Мінску, у Беларусі жыве шмат маіх суайчыннікаў. І кожны з іх знайшоў сваё месца.

Маючы досвед жыцця ў іншых кутках былога Савецкага Саюза, ведаючы пра тое, што адбываецца сёння на Каўказе, я ўсё яшчэ — і ў сталыя свае гады — жыву піетэтам перад народам Беларусі. Мне здаецца, што няма лепшай краіны для жыцця, чым Беларусь. І як гэта можна не адчуваць? Як гэта можна не разумець? Беларусы — самыя вялікія інтэрнацыяналісты. Мне падаецца, што такімі яны былі і застануцца праз усе стагоддзі.

Беларусы заўсёды ўражвалі мяне стрыманасцю, спакоем... І мо ўсё ж варта і зараз спакойна агледзецца, разабрацца ў тым, што здарылася, і самім, без чужых падказак, усё вырашыць?

А што да традыцый, то, канешне ж, менавіта ў Беларусі традыцыі міралюбнасці, спагадлівага стаўлення да чалавека вышэй, чым дзе-небудзь яшчэ. Асабліва сёння, калі то тут, то там народы сутыкаюцца ў крывавых разборках, губляюць свой твар, свой нацыянальны характар, часам немаведама што адстойваючы…

— І ўсё ж такі, што зараз у вашых творчых планах?

— Шмат часу аддаючы жывапісу, скульптуры, у апошнія гады я ўспомніў і сваё дачыненне да графікі. Найбольшую ўвагу скіраваў на кніжную графіку. Як вынік — афармленне цэлай серыі кніг паэзіі народаў Усходу, беларускіх паэтаў. У Выдавецкім доме «Звязда», у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшлі кнігі вершаў кітайскага паэта Ай Ціна, паэта і мысляра з Бангладэш Казі Назруло Іслама ў перакладзе на беларускую мову, некалькі зборнікаў у серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», кнігі Ганада Чарказяна, Юліі Алейчанкі. Мне вельмі прыемна, што некаторыя з гэтых выданняў адзначаны на конкурсе «Мастацтва кнігі». Дарэчы, і на конкурсе «Мастацтва кнігі СНД». Вельмі ўдзячны і выдаўцам, і паліграфістам, што супольна мы ажыццявілі такія выдатныя кніжня праекты, здолелі данесці пісьменніцкія здабыткі да чытача ў цікавым афармленні, выдатным паліграфічным выкананні.

А цяпер я вырашыў аддаць даніну павагі свайму добраму сябру, якога ўжо няма сярод нас, — народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну. Мы часта сустракаліся. Тады я напісаў некалькі яго партрэтаў. Цяпер жа выканаў больш як тры дзясяткі графічных партрэтаў геніяльнага беларускага творцы.

— Такая праца сапраўды ўражвае!..

— І я не чакаў, што хопіць сіл на такое шматаблічнае асэнсаванне адной постаці. Але я многа чытаў яго кніг, сабраў багаты ілюстрацыйны матэрыял, звязаны з паэтам і яго жыццём. Успомніў усе тыя сустрэчы, успомніў сеансы, калі ён пазіраваў мне ў час работы над жывапіснымі партрэтамі…

— Ці збіраецеся прадстаўляць гледачу гэтую графіку на тэму «Рыгор Барадулін»?

— Ёсць дамоўленасць з адным кніжным выдавецтвам пра выданне кнігі перакладаў Рыгора Іванавіча, а як ілюстрацыі да гэтага зборніка будуць выкарыстаны зробленыя мной партрэты, малюнкі... Барадулін шмат перакладаў і з азербайджанскай, каўказскай паэзіі. Мяркую, што кніга стане своеасаблівым унёскам у дружбу, яднанне, стане праявай міралюбівых памкненняў маёй роднай краіны — Рэспублікі Беларусь, грамадзянінам якой я з’яўляюся. І чым вельмі ганаруся!..

Гутарыў Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.