Вы тут

У Беларусі ў гэтым годзе плануецца пабудаваць 1,6 млн кв.м індывідуальнага жылля


У Беларусі ў 2020 годзе плануецца пабудаваць 1,6 млн кв.м індывідуальнага жылля. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам начальнік аддзела жыллёвага будаўніцтва ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Кацярына Усянкова, піша БЕЛТА.


«Інтарэс да індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў краіне ёсць, многія звяртаюцца па крэдыты менавіта для ўзвядзення такога жылля. На бягучы год устаноўлена заданне па ўводзе ў эксплуатацыю ў цэлым па краіне 4 млн кв.м жылля, з іх 40 працэнтаў, або 1,6 млн кв.м, запланавана ў выглядзе індывідуальнай жылой забудовы», — расказала Кацярына Усянкова.

Паводле яе інфармацыі, цяпер прапрацоўваецца комплекснае развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. «Плануецца асвойваць вялікія зямельныя ўчасткі. Гэта значыць УКБ і домабудаўнічыя камбінаты будуць ва ўстаноўленым парадку комплексна забудоўваць іх і потым прадаваць ужо гатовае жыллё. Прычым мы плануем, што гэта будуць не проста жылыя дамы, а яшчэ і неабходная сацыяльная інфраструктура, дзіцячыя сады, школы. Індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва павінна комплексна развівацца. І на гэты год, згодна з планам, чакаецца ўвод 10 тыс. кв.м індывідуальнага жылля, пабудаванага такім чынам», — растлумачыла Кацярына Усянкова.

Найбольш запатрабавана індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва ў Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. На бягучы год Мінскай вобласці даведзена заданне па будаўніцтве 700 тыс. кв.м індывідуальнага жылля, Брэсцкай — 300 тыс. кв.м, Гродзенскай — 176 тыс. кв.м. «У астатніх абласцях таксама ёсць попыт на індывідуальнае жыллё, але не такі, як у гэтых трох абласцях», — адзначыла прадстаўнік ведамства.

Што датычыцца планаў на 2021 год, паводле слоў Кацярыны Усянковай, аб’ёмы індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва змяншацца не будуць. «Мы прапануем абласцям пабудаваць у наступным годзе каля 1,8 млн кв.м індывідуальнага жылля, сюды ўвойдуць і аб’ёмы комплекснай забудовы. Прапрацоўваецца таксама пытанне па давядзенні павышанага задання на 2021 год агульнага ўводу жылля ў памеры 4,1 млн кв.м, але гэтыя заданні будуць яшчэ зацвярджацца ўрадам. Цяпер пытанне прапрацоўваецца з выканаўчымі камітэтамі. Мы, безумоўна, будзем улічваць іх меркаванне, але якія планы ў выніку зацвердзіць урад, гаварыць пакуль рана», — паведаміла начальнік аддзела.

У 2019 годзе ў Беларусі было ўведзена ў эксплуатацыю больш за 1,77 млн кв.м індывідуальнага жылля. З іх амаль 324 тыс. кв.м было пабудавана ў Брэсцкай вобласці, больш за 118 тыс. кв.м — у Віцебскай, больш за 205 тыс. кв.м — у Гомельскай, звыш 165 тыс. кв.м — у Гродзенскай, амаль 790 тыс. кв.м — у Мінскай і больш за 131 тыс. кв.м — у Магілёўскай вобласці. Звыш 37 тыс. кв.м індывідуальнага жылля было ўзведзена ў 2019 годзе ў сталіцы.

Прэв’ю: vmeste.ru

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.