Вы тут

Браканьерскае паляванне — нелегалы забілі чатырох ласёў


Паляўнічы сезон набірае абароты — ужо сёння здабываць можна нямала жывёл і птушкі, з 19 верасня да спісу дазволеных для палявання відаў дададуцца розныя віды гусей, а з 1 кастрычніка стартуе загоннае паляванне на капытных.


Аднак не ўсе паляўнічыя законапаслухмяныя. Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету паведаміла пра апошнія выпадкі браканьерства.

Так, раніцай на полі каля вёскі Драбаўшчына ў Клецкім раёне супрацоўнікі мясцовай паляўнічай гаспадаркі выявілі тушу лася-сяголетка, парэшткі яшчэ аднаго маладога лася былі схаваныя непадалёку ў саломе. Жывёлы загінулі ад кулявых раненняў, але калі стрэліць — справа секундная, то на разбор двух туш у браканьераў, мабыць, не хапіла часу. Ласяняты, якія не пражылі і года, сталі ахвярай чалавечай сквапнасці.

Паўразабраную тушу лася, якую таксама кінулі браканьеры, знайшоў на беразе возера Кажыева ў Гомельскім раёне мужчына-грыбнік. Ён, па ўсёй бачнасці, і спудзіў парушальнікаў — тыя вырашылі расстацца са здабычай, чым быць заспетым знянацку.

У абодвух выпадках інспектары выявілі доказы, якія дапамогуць расследаваць факты незаконных паляванняў. Распачаты крымінальныя справы.

А вось чатырох братоў з пасёлка Васілевічы Рэчыцкага раёна ўзялі з доказамі злачынства. Двое старэйшых — паляўнічыя з зарэгістраванымі стрэльбамі, але купляць пуцёўку і дазвол на здабычу буйной дзічыны не палічылі патрэбным. Больш за тое, мужчыны загадзя прадумалі, як схаваць сляды браканьерства. Адзін адправіўся ў лес, дзе і падстрэліў ласіху, затым вярнуўся дадому, памыў вопратку і пачысціў стрэльбу. Пасля гэтага ўжо на іншай машыне браты паехалі па здабычу, тушу разабралі і даставілі ў дачны дом.

Але ўсе гэтыя хітрыкі не дапамаглі. Аб незаконным паляванні стала вядома праваахоўнікам — на затрыманне чатырох братоў-браканьераў выехала група інспектараў Мазырскай міжрайінспекцыі, участковы міліцыянер і паляўніцтвазнавец. У парушальнікаў канфіскавалі 76 кілаграмаў мяса дзічыны, дзве стрэльбы, чатыры нажы і сякеру. Браты панясуць крымінальную адказнасць, за здабытага лася ім давядзецца пакрыць больш за 8 тысяч рублёў у якасці нанесенай прыродзе шкоды. А тыя з іх, хто з’яўляўся паляўнічымі, будуць пазбаўленыя гэтага права.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота з сайта Дзяржінспекцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?