Вы тут

Малады ўрач лічыць, што самае галоўнае — добра і адказна працаваць


Дваццаціпяцігадовая Ганна ЦІКАВЕНКА — малады спецыяліст-медык з Гомеля, якая два гады таму прыехала ў гарадскі пасёлак Акцябрскі па размеркаванні. Цяпер яна працуе намеснікам галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы. Як адчувае сябе на такой пасадзе і з чаго складаюцца будні ўрача? Пра гэта мы дазналіся ў суразмоўніцы.


— Да дзясятага класа я хацела быць журналістам. Марыла пісаць цікавыя інтэрв'ю, быць тэле- або радыёвядучай, але праз некаторы час зразумела, што мне больш падыходзіць прафесія ўрача. Таму паступіла ў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на спецыяльнасць «Агульная медыцынская практыка». Вучоба там была для мяне, як і для многіх студэнтаў, нялёгкай. З першага да чацвёртага курса штодзень з раніцы да позняга вечара аддавала вялікую ўвагу навучанню, з пятага да шостага было ўжо прасцей, аднак бяссонных начэй усё роўна хапала. Я была стараннай студэнткай, не прапускала пары, тым больш адпрацоўкі былі платныя. Хоць і да пераздач ставілася спакойна.

Практыкі Ганна праходзіла ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, у гомельскіх гарадскіх клінічных бальніцах № 2 і № 3, інтэрнатуру — у гомельскай гарадской клінічнай бальніцы № 1.

— Кожны з пералічаных вопытаў — своеасаблівы, непадобны да іншых. Пасля трэцяга курса падчас медыцынскай практыкі трэба было рабіць ін'екцыі, перавязкі, ставіць кропельніцы і іншае. Пасля чацвёртага і пятага я ўжо практыкавалася ў аддзяленні акушэрства і гінекалогіі, прысутнічала на родах, глядзела, як робяць гінекалагічныя аперацыі. Гэта ўразіла і вельмі спадабалася. На шостым курсе ў нас праходзіла папярэдняе размеркаванне. Там вырашылі, што па мэтавым накіраванні паеду ў Акцябрскі раён. Я ведала пра гэты пасёлак, але ніколі ў ім не была.

Дзяўчына прызнаецца, што з нецярплівасцю чакала першых рабочых дзён на новым месцы…

— Перад прыездам даведалася, што буду займаць пасаду загадчыцы амбулаторыі ў вёсцы Парэчча. Мне далі дом і наступныя паўгода я правяла там. Памятаю, што спачатку адразу спытала ў калегі, які чакаецца паток пацыентаў, мне адказалі, што зусім невялікі. Але на прыём прыходзілі па 20—30 чалавек за змену. Да таго ж, на ўчастку я абслугоўвала і бальніцу сястрынскага догляду, таму ў цэлым атрымлівалася каля 40 пацыентаў штодня. Але для мяне як для маладога спецыяліста ўсё было ў навінку, такі досвед лічу вельмі карысным і цікавым.

У лютым Ганну перавялі ў Акцябрскую ЦРБ:

— Ува мне ўбачылі патэнцыял і прапанавалі кіраўніцкую пасаду, я не думаючы пагадзілася, бо любы вопыт — гэта развіццё. Была ўпэўнена, што калектыў паставіцца да мяне добра. Вельмі падабаецца, што магу сумяшчаць і лячэбную практыку, і кіраўніцкую дзейнасць. Я ўрач агульнай практыкі, таму, калі патрабуецца, замяняю калег і праводжу прыёмы, калі яны ў адпачынку або на бальнічным, — увогуле, імкнуся дапамагчы ўсюды і ўсім. На рабоце я не строгая са сваімі пацыентамі, хоць спачатку хацелася такой быць, маўляў, пасада ж, трэба ёй адпавядаць. Аднак лічу, што лепш заставацца сабой. Рабочы дзень у мяне доўжыцца прыкладна з 9 да 17 гадзін, але, бывае, тэлефануюць калегі або пацыенты па-за рабочым часам: і познім вечарам, і ў выхадныя дні, каб пракансультавацца або разабраць пэўны клінічны выпадак.

Ганна прызнаецца, што падчас работы часам яе здзіўляе безадказнае стаўленне да саміх сябе ў пацыентаў.

— На жаль, гэта не рэдкасць. Урач робіць усё магчымае, каб звярнуць увагу на пэўную праблему са здароўем і дапамагчы, аднак пацыент ці то з-за страху, ці то з-за недахопу часу або жадання не хоча прызнаваць і выпраўляць яе. Таксама бываюць нетыповыя клінічныя выпадкі, з якімі я ніколі не сутыкалася. Тады звяртаюся або да галоўнага ўрача, або да старшай медсястры, і больш дасведчаныя калегі заўсёды дапамагаюць. Увогуле на негатыў або стрэсавыя сітуацыі рэагую спакойна.

Дарэчы, бальніца часта прапаноўвае дадатковае навучанне. Да таго ж, заўсёды можна праходзіць розныя вэбінары, анлайн-курсы.

Дзяўчына кажа, што хоць работа і займае ў яе шмат часу, на сябе хвіліны таксама ёсць. «Часцей за ўсё на выхадных выязджаю ў родны Гомель ці Мінск, у Акцябрскім раёне арганізоўваю толькі хатнія вячоркі з сябрамі. Шчыра кажучы, пакуль мне ўсё падабаецца, нават не супраць у далейшым тут застацца жыць. Задавальняе і пасёлак, і месца працы. Тым больш, якая розніца, дзе знаходзіцца, галоўнае — адказна працаваць і прыносіць карысць іншым.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архіва суразмоўніцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?