Вы тут

«Знясіленыя, мы ішлі дапамагаць»


28 гадоў таму ў Мінску з'явілася Беларускае таварыства блакаднікаў Ленінграда. У аб'яднання склаліся свае традыцыі. Штогод тут адзначаюць даты, якія для тых, хто перажыў 900 дзён і начэй у ачэпленым фашыстамі горадзе, у голадзе і холадзе, пад пастаяннымі бамбёжкамі і абстрэламі, маюць асаблівае значэнне.


Гэта дні, калі была адкрыта так званая дарога жыцця, калі да нормы ў 125 грамаў хлеба дадалі яшчэ 75, калі прарвалі варожае кольца і горад быў цалкам вызвалены. І, канешне, тут не забываюцца пра ахвяр: па розных даных, падчас блакады ў Ленінградзе загінула ад 600 тысяч да мільёна чалавек. Дзень памяці і смутку блакаднікі адзначаюць кожны верасень.

Пасля ўскладання кветак каля стэлы блакаднікі сабраліся ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. «1941 год. Па-летняму цёпла. Мы ведалі, што ідзе вайна, але не ведалі, што ўзяты ў кольца, аб гэтым было загадана не гаварыць, каб не ствараць паніку. На абарону сталі жанчыны, падлеткі, старыя, фабрыкі пераабсталявалі па воінскіх заказах усе станкі. Блакада Ленінграда не зламіла», — старшыня Беларускага таварыства блакаднікаў Ленінграда Марыя Ягадзіцына спрабуе распавесці і нават піша вершы пра тое, што адбывалася ў паўночнай сталіцы, хоць прызнаецца, што ўсе думкі і ўспаміны, звязаныя з той трагедыяй, выкласці немагчыма.

Не было ніводнай ленінградскай сям'і, якая ў тыя гады не страціла б сваіх блізкіх. Дзякуючы літаратурнаму подзвігу аўтараў «Блакаднай кнігі» Алеся Адамовіча і Данііла Граніна ўвесь свет мог даведацца пра маштаб той трагедыі, якую перажылі жыхары горада на Няве. А яшчэ пра тыя падзеі не перастаюць распавядаць іх непасрэдныя сведкі. Блакаднікі ўдзельнічаюць у патрыятычных акцыях, круглых сталах, сустракаюцца з дзецьмі і моладдзю. І ўсё для таго, каб памяць не згасала і падобная трагедыя ніколі не паўтарылася.

75-годдзе Вялікай Перамогі выдалася няпростым. «Гэта год барацьбы са спробамі перапісаць гісторыю, прынізіць маштаб подзвігу пераможцаў Айчыны, ролю Чырвонай Арміі і зганьбаваць вызваленчую місію, якую ўзяў на сябе савецкі салдат», — заўважыў падчас сустрэчы з блакаднікамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мезенцаў. Ён адзначыў, што сёння, распавядаючы пра подзвіг, вельмі важна знаходзіць асобыя словы, якія будуць мець водгук у душах маладых людзей. І хто, як не жыхары непакорнага горада, змогуць лепш зрабіць гэта.

— Подзвіг ленінградцаў стаў сімвалам стойкасці духу, нязломнай сілы волі, любові да Радзімы, — заўважае Тамара Вішнякова.

Ёй вельмі цяжка згадваць тыя падзеі — падчас блакады сям'я Тамары Сямёнаўны страціла восем чалавек. «Дыстрафія ў мяне была страшная — усё балела. Але мы выхоўваліся па-гайдараўску. Шпіталь нам быў як дом родны. Настаўніца акампаніравала, а мы, дзеці, спявалі і танцавалі перад параненымі, людзьмі без ног і без рук. Калі ў шпіталь прывозілі прадукты, нас, дзяцей, падзывалі, давалі адну-дзве бульбіны, і мы гэты скарб неслі дамоў. Мы былі цімураўцамі — знясіленыя, хадзілі па дамах і пыталіся, ці можам, чым дапамагчы...»

Цімураўцамі блакаднікі застаюцца і зараз. Гэта закладзена нават у іх гімне, што створаны на матыў папулярнай некалі піянерскай песні «Арляня». У Беларусі яны аб'ядналіся не толькі, каб захоўваць памяць і праўду для будучых пакаленняў, але і каб дапамагаць адзін аднаму.

Спецыяльна да Дня памяці ахвяр блакады ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася экспрэс-выстаўка «След блакады ў душах» — на ёй прадстаўлены архіўныя фотаздымкі, а таксама плакаты і малюнкі творчага аб'яднання «Баявы аловак».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».