Вы тут

35-гадовы жыхар Мінска быў затрыманы інспектарамі ДАІ, калі рабіў «закладку»


35-гадовы жыхар Мінска быў затрыманы інспектарамі ДАІ ў той час, калі рабіў чарговую «закладку» дурману. Пра гэта паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў. Ведамства адзначае, што мужчына ступіў на сцежку наркабізнесу два месяцы таму, у чым ён прызнаўся сам.


Яшчэ больш наркотыкаў было канфіскавана ў іншых месцах. У аўтамабілі, якім кіравала былая жонка затрыманага, знойдзена 100 грамаў пара-метылэфедрону, які адносіцца да асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. Яшчэ паўсотні грамаў гэтага рэчыва было адабрана падчас агляду Першамайскага раёна і тэрыторыі Мінскага раёна, якая знаходзіцца побач з ім. Дадаткова 300 грамаў знайшлі ў кватэры, якую здымаў затрыманы.

Дзеля большай маскіроўкі пара-метылэфедрон быў расфасаваны ў поліэтыленавыя пакеты. У сваю чаргу, яны пагружаліся ў гіпсавы раствор, які надаваў пакетам форму каменя.

Паведамляецца, што затрыманы не раз прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за розныя злачынствы.

А ў Віцебску супрацоўнікі наркакантролю спынілі дзейнасць адразу дзвюх віртуальных наркакрамаў. Адну з іх арганізавалі трое маладых людзей. Старэйшаму з іх — 21 год, сярод затрыманых ёсць і 18-гадовая дзяўчына.

— Псіхатропы яны набывалі ў Расіі, пасля прывозілі іх у Віцебск, дзе і фасавалі на здымнай кватэры для далейшага продажу, — адзначылі ў прэс-службе МУС. — Там былі знойдзены прылады для фасоўкі і ўпаковачныя матэрыялы. Маладых людзей затрымалі проста падчас перавозкі чарговай партыі пара-метылэфедрону вагой каля 500 грамаў. Па інфармацыі, якая маецца, яны распаўсюджвалі наркотыкі не толькі ў Віцебску, але і ў Оршы з Наваполацкам. Зараз ужо вядома пра паўтары сотні закладак з наркотыкам.

Што да другога наркатычнага «магазіна», то яго арганізаваў 31-гадовы жыхар Віцебска. Раней ён ужо меў праблемы з законам праз незаконнае абарачэнне забароненых рэчываў. Схема крамы была такая ж, як і ў першым выпадку, — закупка аптовай партыі ў Расіі і фасоўка на дробныя з далейшай «закладкай» у абласным цэнтры. Вось падчас чарговага працэсу «закладкі» яго і затрымалі. Ператрус на кватэры і ў тайніках па ўсім Віцебску выявіў каля 850 грамаў альфа-PVP — асабліва небяспечнага рэчыва.

«Пагарэў» на гандлі дурманам і 21-гадовы гомельскі студэнт. Каля могілак у абласным цэнтры ён зрабіў некалькі «закладак» псіхатропаў, калі яго і затрымалі на месцы. Больш за тое, пры ім быў тавар, ужо «расфасаваны» ў пакеты вагой па 200 і 50 грамаў. Яшчэ 290 грамаў альфа-PVP аператыўнікі знайшлі ў пакоі інтэрната, дзе жыў студэнт. Там жа быў і ўвесь патрэбны інвентар — высокадакладныя вагі, пустыя пакецікі, скотч... Студэнт расказаў, што набываў наркотыкі ў адной з віртуальных крамаў. Часам па «тавар» даводзілася ездзіць у Мінск.

Ва ўсіх выпадках распачаты крымінальныя справы.

Сітуацыю з наркотыкамі ў краіне карэспандэнту «Звязды» пракаментаваў начальнік Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС палкоўнік міліцыі Алег Сільвестровіч.

— Сёлета аператыўная абстаноўка ў сферы паставак гашышу, марыхуаны і псіхатропаў з краін Еўрасаюза моцна змянілася. Паўплывала на гэта пандэмія COVІD-19. У краінах Еўропы, ва Украіне і Расіі быў уведзены каранцін, а паездкі праз дзяржаўныя межы Беларусі амаль цалкам спыніліся. Дзякуючы эпідэміялагічнай сітуацыі не выяўлена транзітных каналаў паступлення наркотыкаў з Еўрасаюза на беларускім участку знешняй мяжы АДКБ. Таксама не было выяўлена спроб паставак наркотыкаў у напрамку ЕАЭС з тэрыторыі Польшчы, Латвіі і Літвы. Практычна ўсе спыненыя сёлета каналы пастаўкі забароненых рэчываў на ўнутраны беларускі наркарынак прыходзяцца на долю Расіі — 16 з 17 перакрытых за сем месяцаў.

У сваю чаргу, гэта паўплывала на колькасць крымінальных спраў, звязаных з незаконным абарачэннем наркотыкаў. Са студзеня да ліпеня выяўлена 1015 чалавек, датычных да злачынстваў такога роду. Сярод іх — 22 непаўналетнія. Агульная колькасць у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года скарацілася на чвэрць. А вось крымінальных спраў стала болей — 358 супраць 269 год таму. Абмежаваны доступ да 337 сайтаў, праз якія рэалізоўваўся «дурман».

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Супраць дурману

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».